top of page

Як за шакаладку Інбелкульт 2 у Беларусі адкрыўся



Павел Латушка пра адкрыццё Інбелкульта падчас працы міністрам культуры.

Памятаю, калі прыйшоў на пасаду міністра культуры, адно з першых працоўных пытанняў было звязана з дзейнасцю Інстытута праблем культуры ў структуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў: ці выконвае ён сваю функцыю ў поўнай ступені. Тэму мы разглядалі разам з адным з намеснікаў. Аднойчы ён прыйшоў да мяне з прапановай аб тым, што варта вылучыць Інстытут праблем культуры ў асобны навукова-метадычны інстытут, які будзе займацца ўсёй сферай культуры. І калі мы ўсё ж такі дамагліся вылучэння асобных сродкаў, узнікла пытанне аб тым, як назваць будучы навукова-метадычны цэнтр. Тады ў мяне і ўзнікла ідэя назваць яго Інстытутам беларускай культуры. Падумаў, чаму б нам не даць яму скарочаную назву — Інбелкульт.

Інбелкульт — вышэйшая шматгаліновая навукова-даследчая ўстанова, першая ў гісторыі Беларусі. Была заснавана ў 1922 годзе ў Мінску, а ў 1928 годзе ператворана ў Беларускую акадэмію навук. Першым кіраўніком установы стаў Сцяпан Некрашэвіч, а пазней яе узначаліў знаны грамадскі і палітычны дзеяч Беларусі Усевалад Ігнатоўскі. Установа зрабіла значны ўнёсак у развіццё беларускай навукі і культуры, фактычна даўшы старт нацыянальнай навуковай дзейнасці. За што яе супрацоўнікі і кіраўніцтва ў свой час сталі ахвярамі сталінскіх рэпрэсій.

Для мяне было вельмі важна пабудаваць інстытуцыю, якая можа зрабіць унёсак у адраджэнне беларускай нацыянальнай культуры, беларускай нацыі, бо для краіны вельмі важна будаваць нацыянальны тэатр, нацыянальную музычную культуру, адукацыю і навуку ў галіне культуры. Таму што культура — гэта адзін з падмуркаў любой нацыі.

Тады мой намеснік распавёў мне, што ёсць праблема ў Мінгарвыканкаме: яны не хочуць рэгістраваць пад назвай Інбелкульт. На гэта я адказаў: купляйце шакаладку і вырашайце пытанне ў аддзеле рэгістрацыі Мінгарвыканкама. І намеснік паехаў. У выніку ўстанова была зарэгістравана менавіта пад назвай Інбелкульт.

У будынку старога Інбелкульта ў Мінску на вуліцы Рэвалюцыйнай сёння месціцца амбасада Швецыі. Памятаю, як калісьці казаў трохі са шкадаваннем пра гэта паслу Швецыі ў Беларусі Стэфану Эрыксану — дарэчы, паслу, які шануе беларускую культуру і ў жыцці карыстаецца беларускай мовай. Я з вялікай павагай адношуся да Швецыі, але з гледзішча нацыянальных інтарэсаў там, канешне ж, павінен быў аднавіцца Інбелкульт.

На жаль, адкрыты калісьці «за шакаладку» Інбелкульт сёння фактычна не існуе. Але ў будучай Новай Беларусі абавязкова яшчэ з’явіцца структура, якая будзе займацца нацыянальным адраджэннем і развіццём беларускай нацыянальнай культуры як самастойнай дзяржавы, а не расійскай губерніі. І гэты час неўзабаве наступіць.

Comments


bottom of page