top of page

Як Еўропе дапамагчы беларусам?


Фота: НАУ-медыя
Фота: НАУ-медыя

Выступ Паўла Латушкі, кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, намесніка кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі

Шаноўнае спадарства, дарагія сябры, я рады вітаць усіх гасцей-спецыяльных пасланнікаў краін-членаў ЕС па Усходнім партнёрстве і асабліва спадара Дзірка Шубеля за арганізацыю сустрэчы і магчымасць выступіць.

Мы знаходзімся ў Музеі Вольнай Беларусі — які не толькі займаецца зборам артэфактаў пратэстнай Беларусі-2020 і наступных гадоў, выставамі беларускіх мастакоў, тэатральнымі пастаноўкамі, але і з'яўляецца адкрытай грамадска-палітычнай і дыскусійнай пляцоўкай для ўсёй дэмакратычнай супольнасці. Музей з'яўляецца адным з праектаў каманды Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, якую я тут прадстаўляю.

Сёлета спаўняецца 4 гады з пачатку падзей лета 2020 года ў Беларусі. 2 гады з пачатку вайны Расіі і рэжыму Лукашэнкі супраць Украіны.

У кантэксце сусветнай гісторыі гэтыя гады і падзеі з'яўляюцца толькі імгненнем. Але для мільёнаў беларусаў падзеі апошніх гадоў сталі самым вялікім і цяжкім выпрабаваннем у іх жыцці. І самым доўгім. 

Па дадзеных праваабарончага цэнтра «Дысідэнтбай», па стане на сёння ў Беларусі ў зняволенні ўтрымліваецца 1 602 афіцыйна прызнаных палітвязняў. 1 082 былых палітвязняў ужо адбылі свае тэрміны. На месца палітвязняў, якія выйшлі з турмаў, рэжым Лукашэнкі саджае новых. 

У турме ўжо памерлі як мінімум пяцёра палітвязняў: Вітольд Ашурак, Алесь Пушкін, Мікалай Клімовіч, Вадзім Храсько, Ігар Леднік. Катаванні, нечалавечыя ўмовы ўтрымання, адсутнасць медыцынскай дапамогі — вось з чым сутыкаюцца палітвязні ў турмах Лукашэнкі. І яны паміраюць. 

6 палітычных зняволеных знаходзяцца ў рэжыме інкамунікада: Мікалай Статкевіч, Марыя Калеснікава, Максім Знак, Віктар Бабарыка, Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі. Лідар сацыял-дэмакратаў Мікалай Статкевіч знаходзіцца ў рэжыме строгай ізаляцыі ўжо больш за 400 дзён. Пра яго лёс нічога не вядома. 

Паводле справаздачы Цэнтра права і дэмакратыі «Justice Hub», з траўня 2020 да траўня 2023 года ахвярамі злачынстваў супраць чалавечнасці ў Беларусі сталі не менш за 136 тысяч чалавек. Незаконнае пазбаўленне волі, катаванні, забойствы, згвалтаванні і іншыя сур'ёзныя формы сэксуальнага гвалту, у тым ліку ў дачыненні да непаўналетніх, гвалтоўныя знікненні, дэпартацыі — вось што адбываецца ў Беларусі. Кожны дзень. 

У Беларусі ліквідаваныя ўсе незалежныя сродкі масавай інфармацыі. У Беларусі за гэтыя 3,5 года ліквідавана 1 500 няўрадавых арганізацый, у стадыі ліквідацыі знаходзіцца 950. Ліквідаваныя ўсе 11 палітычных партый. Мы можам канстатаваць практычна поўнае знішчэнне грамадзянскай супольнасці.

Унутрыпалітычная сітуацыя

Сёння Лукашэнка ўтрымлівае ўладу перш за ўсё дзякуючы сілавому апарату і фінансава-эканамічнай падтрымцы з боку Расійскай Федэрацыі.

Адным з важных фактараў фінансавай устойлівасці рэжыму з'яўляецца выкарыстанне магчымасцей абыходу санкцый ЕС, ЗША і іншых краін праз Беларусь у інтарэсах Расіі. Кантрабандная, карупцыйныя схемы, а таксама фактычна легальныя даходы праз адсутнасць сінхранізацыі санкцый у дачыненні да Расіі і рэжыму Лукашэнкі. Усё гэта дазваляе дыктатару зарабляць досыць вялікія грошы.

У Беларусі пачаўся электаральны цыкл

25 лютага Лукашэнка арганізаваў прызначэнне дэпутатаў у парламент. Мы вызначылі гэты дзень як «дзень без выбару». На адзін мандат у парламент Лукашэнкі прэтэндавала ўсяго два кандыдаты. Прагноз незалежных палітолагаў і журналістаў пра тое, каго Лукашэнка прызначыць у свой парламент, на 100% пацвердзіўся. Мы сыходзім з таго, што дадзены інстытут не можа мець міжнароднага прызнання і ўдзельнічаць у міжнародных парламенцкіх арганізацыях у сувязі з тым, што дадзены орган не з'яўляецца органам, які прадстаўляе беларускі народ.

25-26 красавіка ў Мінску пройдзе пасяджэнне Усебеларускага народнага сходу — канстытуцыйнага органа, які створаны Лукашэнкам. Гэты орган фактычна стане вышэйшым за парламент. У яго фактычна прызначаюцца дэпутаты розных узроўняў, суддзі, пракуроры, прадстаўнікі сілавога блоку, урада, адміністрацыі Лукашэнкі і няўрадавых арганізацый, цалкам падкантрольных рэжыму. 

Лукашэнка стварыў 4 партыі, якія не з'яўляюцца ў агульным разуменні гэтага слова палітычнымі структурамі, і цалкам інкарпараваныя ў таталітарную сістэму Лукашэнкі.

Трэцім этапам пасля стварэння Усебеларускага народнага сходу стануць выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія могуць прайсці як у 2024, так і ў 2025 годзе. Рашэнне аб даце правядзення выбараў знаходзіцца ў выключнай кампетэнцыі дыктатара.

Сёння мы можам канстатаваць, што ў Беларусі склалася таталітарная сістэма. У Беларусі няма прадстаўнічых органаў улады, існуе поўны прававы дэфолт, не дзейнічаюць нормы міжнароднага права, дэмакратыі, свабоды слова. Грамадзянская супольнасць і яго інстытуты знішчаны.

Лукашэнка знаходзіцца пад значным кантролем Пуціна і фактычна з'яўляецца марыянеткай, якая рэалізуе палітыку ў яго інтарэсах. Лукашэнка балансуе ў пытаннях захавання ўлады ўнутры Беларусі, выкарыстоўваючы інструменты атрымання эканамічных рэсурсаў ад Расіі і выконваючы заданні вайскова-палітычнага і дыпламатычнага характару ў інтарэсах Крамля.

Дэмакратычныя сілы Беларусі

Мы можам канстатаваць унікальную сітуацыю, якая склалася сярод дэмакратычных сіл Беларусі. Яна ўнікальная з пункту гледжання гісторыі сучаснай Еўропы. Мы маем фактычна тры інстытуты, якія прадстаўляюць інтарэсы беларусаў за мяжой і ажыццяўляюць дзеянні, накіраваныя на аказанне ўплыву на ўнутраны парадк дня ў Беларусі. 

Першы інстытут — гэта прэзідэнт-элект, і адначасова кіраўніца Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі — Святлана Ціханоўская. 

Другі інстытут — Аб'яднаны Пераходны Кабінет як выканаўчы орган дэмакратычных сіл, які я маю гонар прадстаўляць. 

Трэці інстытут — Каардынацыйная Рада.

Захаванне, умацаванне і развіццё гэтых інстытутаў з'яўляецца агульнай стратэгіяй дэмакратычнай большасці ў беларускім грамадстве сёння. Перад намі стаіць важная задача арганізацыі прамых выбараў у Каардынацыйную Раду, якія могуць адбыцца ў прамежку паміж маем і вераснем 2024 года.

Адначасова за апошнія гады з'явіўся цэлы шэраг новых інстытутаў, якія маюць грамадска-палітычную, грамадзянскую і праваабарончую арыентацыю дзейнасці. Сярод іх мы можам вылучыць Офіс Святланы Ціханоўскай, НАУ, арганізацыі былых сілавікоў Беларусі — Белпол і Байпол, рух рабочых — Рабочы Рух, Кіберпартызаны і іншыя.

У сувязі з немагчымасцю ажыццяўлення прафесійнай дзейнасці на тэрыторыі Беларусі, за мяжой створана шырокая сетка незалежных СМІ, сярод якіх важна вылучыць Белсат, Еўрарадыё, Радыё Рацыя, Наша Ніва, Маланка ТБ і іншыя. З-за мяжы таксама працуюць беларускія блогеры і адпаведныя каналы — NEXTA, Рэальная Беларусь, ТВ6, Андрэй Курэйчык і іншыя.

Няўрадавы сектар Беларусі ў сувязі з рэлакацыяй таксама прадстаўлены за мяжой, аднак таксама як і вышэйзгаданыя інстытуты працягвае ажыццяўляць узаемадзеянне па канфідэнцыйных каналах з беларусамі, якія пражываюць унутры краіны. Тут мы можам адзначыць наяўнасць дзясяткаў, калі не сотняў няўрадавых арганізацый.

Такім чынам, мы маем унікальную сітуацыю фактычнага захавання інстытутаў, няўрадавых арганізацый, палітычных структур і незалежных СМІ, якія штодня працуюць над змяненнем сітуацыі ў Беларусі.

Мы самакрытычна ставімся да эфектыўнасці нашай дзейнасці, але разам з тым важны сам факт таго, што на працягу трох з паловай гадоў нам удалося захаваць кансалідацыю і пэўную ступень эфектыўнасці.

Стратэгія ў дачыненні да Беларусі

На жаль, мы павінны прызнаць, што з 2020 года так і не была прынятая выразная зразумелая стратэгія дзеянняў, накіраваных на змяненне сітуацыі ў Беларусі. За гэты час Лукашэнка:

  1. Разгарнуў самыя маштабныя масавыя рэпрэсіі ў дачыненні да беларускага грамадства за апошнія 50 гадоў гісторыі Еўропы.

  1. У Беларусі здзяйсняюцца злачынствы, якія паводле афіцыйных дакументаў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, Еўрапейскага Парламента і Савета па правах чалавека ААН прызнаюцца як злачынствы супраць чалавечнасці.

  2. Арганізаваў захоп грамадзянскага самалёта Ryanair, тым самым фактычна здзейсніў тэрарыстычны акт.

  1. Арганізаваў неабвешчаную вайну з выкарыстаннем нелегальных мігрантаў у дачыненні да дзяржаў-суседзяў Беларусі, членаў ЕС.

  1. Прадаставіў тэрыторыю Беларусі для агрэсіі ў дачыненні да Украіны і такім чынам яго дзеянні кваліфікуюцца ў адпаведнасці з рэзалюцыяй Генасамблеі ААН нумар 3314 1974 года ў якасці акта агрэсіі.

  1. Стаў галоўным саюзнікам Расіі ў ваенна-прамысловым і гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Ні Паўночная Карэя, ні Венесуэла, ніякія іншыя краіны не могуць параўнацца па маштабах тактычнай і стратэгічнай дапамогі, якую аказвае Лукашэнка ў агрэсіі Расіі супраць Украіны.

  1. Дамогся размяшчэння тактычнай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі. Мы можам прагназаваць, што наступным крокам стане размяшчэнне стратэгічнай ядзернай зброі на тэрыторыі краіны.

На сённяшні дзень мы павінны канстатаваць, што адзіная краіна, якая мае выразную сістэмную стратэгію дзеянняў у дачыненні да Беларусі — гэта Расійская Федэрацыя, якая паставіла сваёй стратэгічнай мэтай інкарпараванне тэрыторыі Беларусі ў склад Расійскай Федэрацыі. Калі мы бачым сёння з вамі дзеянні Расіі, накіраваныя на ваенную акупацыю Украіны, то адначасова мы павінны канстатаваць, што Расія ажыццяўляе дзеянні па неваеннай акупацыі Беларусі.

У чым заключаецца стратэгія Расійскай Федэрацыі? Іх стратэгіяй з'яўляецца аказанне інфармацыйнага, ідэалагічнага, культурнага ўплыву на беларускае грамадства. Адначасова маргіналізацыя беларускай культуры, беларускай мовы ў Беларусі, узмацненне ўспрымання ўнутры краіны, сярод беларусаў, адзінства з расійскім грамадствам, перапісванне гісторыі і г.д. Гэта мілітарызацыя грамадства, вызначэнне ў якасці агульных ворагаў Еўрапейскага саюза, Злучаных Штатаў Амерыкі, у цэлым дэмакратычных каштоўнасцяў. Для гэтага выкарыстоўваюцца як інфармацыйныя інструмэнты прапаганды, так і стварэнне прарасійскіх няўрадавых арганізацый на тэрыторыі Беларусі, подкуп, карумпаванне дзяржаўных чыноўнікаў, укараненне ў сыстэму нацыянальнай абароны і бяспекі асобаў, звязаных з расійскімі спецслужбамі.

Важны тэзіс, які я хацеў бы агучыць. Мы аддаём сабе поўную справаздачу ў тым, што адказнасць за будучыню Беларусі як незалежнай, суверэннай дзяржавы, перш за ўсё нясе беларускі народ. І нашай мэтай не з'яўляецца перакладанне дадзенай адказнасці на нашых партнёраў, якія аказваюць нам садзейнічанне ў гэты складаны перыяд барацьбы за свой суверэнітэт і незалежнасць. Аднак без міжнароднай падтрымкі, без узаемнай стратэгіі дзеянняў дасягненне нашай мэты будзе больш працяглым ў часе і менш рэалістычным.

Я не думаю, што ў нас занадта завышанае чаканне ад нашых партнёраў у дачыненні да магчымых дзеянняў. Хутчэй, мы часта сутыкаемся з прыніжаным жаданнем выкарыстоўваць існуючы арсенал для пакарання і прыцягнення да адказнасці рэжыму Лукашэнкі за ўсе вышэйзгаданыя мной парушэнні нормаў міжнароднага права і правоў чалавека.

Галоўны выклік і пагрозы

Сёння Беларусь знаходзіцца ў геапалітычным кантэксце вайны, якую ініцыявала Расія супраць Украіны. Трэба разумець, што тэрытарыяльна Беларусь знаходзіцца ў атачэнні Украіны, Польшчы, Літвы і Латвіі, знаходзіцца ў цэнтры геапалітычных падзей. Балкон «Беларусь» мае стратэгічнае значэнне для інтарэсаў Расійскай Федэрацыі і, безумоўна, будзе задзейнічацца і далей Расіяй у інтарэсах працягу вайны ў дачыненні да Украіны і дэстабілізацыі сітуацыі ў краінах-суседках Беларусі. 

Ці магчыма дамовіцца з Лукашэнкам? Гэта нерэалістычны сцэнар. Лукашэнка па сваёй ментальнасці чалавек, звязаны з рускім светам, адданы інтарэсам Расійскай Федэрацыі. Адначасова гэта чалавек, які хацеў бы захаваць пэўны кантроль над тэрыторыяй Беларусі. І ён будзе балансаваць ва ўзаемаадносінах з Пуціным толькі ў кантэксце, звязаным з атрыманнем вялікіх эканамічных рэсурсаў для захавання сваёй улады, паступова аддаючы частку суверэнітэту на карысць Расійскай Федэрацыі. Любыя крокі ў кірунку Захада могуць азначаць толькі адно — жаданне атрымаць яшчэ больш сродкаў за лаяльнасць Крамлю.

Ключавым фактарам, які можа змяніць сітуацыю ў Беларусі, з'яўляецца беларускі народ, якому неабходна вярнуць суб'ектнасць з пункту гледжання ўплыву на ўнутраную і знешнюю палітыку Беларусі. 

Ключавым фактарам і стратэгіяй дэмакратычных сіл Беларусі з'яўляецца падтрымка Украіны і перамога Украіны над Расіяй як над краінай-агрэсарам.

На сёння Расія ажыццяўляе стратэгію, накіраваную на дэматывацыю заходніх партнёраў аказваць фінансава-эканамічную і іншую дапамогу Украіне. На мой погляд, падобную, у чымсьці адлюстраваную стратэгію можа ўжываць і Захад у дачыненні да Расіі. Самыя магутныя санкцыі ў дачыненні да Расіі — гэта скасаванне рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі. Нават дэстабілізацыя ягонага рэжыму прымусіць Расію ўкладваць больш у падтрымку Лукашэнкі.

Беларускі народ у 2020 годзе выйшаў на вуліцы з пратэстам і заявіў пра сваё жаданне жыць у дэмакратычнай дзяржаве, у агульным еўрапейскім доме. На той момант мы адзначалі максімальна высокую ступень матывацыі беларусаў змагацца за свае правы, за еўрапейскую перспектыву.

На працягу амаль чатырох гадоў беларускі народ падвяргаецца самым маштабным рэпрэсіям, якія прывялі да чалавечых ахвяр, да дэпартацыі вялікай колькасці беларусаў. І адначасова ў беларускім грамадстве ўзнікае ўспрыманне таго, што партнёры не зацікаўленыя падтрымліваць беларускі народ. Я кажу гэта не ад сваёй асобы, я прыводжу гэты тэзіс, грунтуючыся на інфармацыі, якая нам паступае знутры Беларусі, з боку актыўнай часткі беларускага грамадства.

У беларусаў часта надыходзіць фрустрацыя, што ў адказ на барацьбу за сваю свабоду, за дэмакратыю, за падтрымку Украіны, беларусы страцілі жыцці. Многія беларусы былі забітыя, былі рэпрэсаваныя, знаходзяцца ў турмах па прысудах з тэрмінамі больш чым на 20 гадоў турмы. Але не надыходзіць адпаведнай рэакцыі ў дачыненні да тых асоб, якія вінаватыя ў здзяйсненні дадзеных злачынстваў. 

Таму ўяўляецца прынцыпова важным ажыццяўленне наступнай стратэгіі дзеянняў і канкрэтных крокаў:

Першы. Для нас з'яўляецца важным вызначыць сярод краін-членаў Еўрапейскага саюза краіны-партнёры на ўзроўні міністэрстваў замежных спраў, міністэрстваў юстыцыі, якія былі б гатовыя сумесна з намі ажыццявіць мэтанакіраваныя прававыя дзеянні па перадачы матэрыялаў аб злачынствах супраць чалавечнасці для разгляду ў Міжнародным крымінальным судзе ў кантэксце дэпартацыі не менш за 100 тысяч беларусаў на тэрыторыю дзяржаў-членаў Еўрапейскага саюза. На думку юрыстаў Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, дадзены падыход з'яўляецца найбольш рэальным з пункту гледжання пастаноўкі пытання аб прыцягненні Лукашэнкі да адказнасці за здзейсненыя міжнародныя злачынствы. Гэта інструмент справядлівасці, уплыву на выбары прэзідэнта, на раскол элітаў у будучыні. 

Другое. Для нас важная падтрымка з боку Украіны ў ініцыяванні выдачы ордэра на арышт Лукашэнкі за ваенныя злачынствы, звязаныя з незаконным вывазам украінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі і іх індактрынацыі. Па дадзеных Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, нашай каманды, на тэрыторыю Беларусі было вывезена не менш за 3 000 украінскіх дзяцей з 20 населеных пунктаў у перыяд з верасня 2022 года па май 2023 года. Намі перададзена дзве камунікацыі ў МКС у Гаазе. Пытанне аб адказнасці Лукашэнкі за вайну мае стратэгічнае значэнне. На сённяшні дзень Лукашэнка прадае ў беларускім грамадстве тэзіс аб сваёй недатычнасці да агрэсіі. І гэта з'яўляецца чарговай стратэгічнай інфармацыйнай памылкай. Міжнародная ўвага не сфакусаваная на адказнасці Лукашэнкі за агрэсію, за ахвяры, якія нясе ўкраінскі народ. Гэта прыводзіць да ўспрымання беларусамі, што Лукашэнка ні ў чым не вінаваты, не датычны да агрэсіі, а наадварот робіць усё для таго, каб усталяваўся мір.

Трэці элемент стратэгіі. Нам неабходная праграма падтрымкі незалежных сродкаў масавай інфармацыі. Апошнім часам мы адзначаем змяншэнне фінансавай падтрымкі незалежных СМІ Беларусі. 

Чацвёрты элемент стратэгіі — гэта падтрымка нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў, падтрымка беларускай культуры ў эміграцыі, стварэнне цэнтраў беларускай культуры і адукацыі — Беларускага нацыянальнага ўніверсітэта, нацыянальнага тэатра, іншых устаноў культуры для захавання нацыянальнай культуры, наступнай яе рэлакацыі ў Беларусь, і праз гэтыя інстытуты аказання інфармацыйна-культурнага ўплыву на беларускае грамадства ўнутры краіны.

Пяты элемент стратэгіі. Рэжым Лукашэнкі распачаў дзеянні, накіраваныя на змяншэнне магчымасцяў консульскіх службаў Еўрапейскага саюза на тэрыторыі Беларусі, мы аддаем сабе ў гэтым поўную справаздачу. Разам з тым уяўляецца важным сумесна адпрацаваць падыходы, якія б дазволілі даць больш магчымасцяў беларусам для наведвання Еўрапейскага саюза, для атрымання шматразовых і шэнгенскіх віз. Вялікая адкрытасць Еўрапейскага саюза для беларускага грамадства будзе спрыяць фарміраванню станоўчага іміджу ЕС сярод беларусаў.

Шосты фактар стратэгіі — ключавы — беларускі народ.

Закрыццё памежных пераходаў 

Мы аддаём сабе поўную справаздачу важнасці забеспячэння нацыянальнай бяспекі дзяржавамі-суседкамі Беларусі і разумеем логіку, накіраваную на павелічэнне кантролю за грамадзянамі Беларусі, якія ўязджаюць на тэрыторыю гэтых краін. Адначасова беларусы ўспрымаюць гэтыя дзеянні як накіраваныя супраць іх, а не супраць рэжыму Лукашэнкі. Бо, я казаў вышэй, не надыходзіць міжнародная адказнасць, не ўводзяцца маштабныя санкцыі, і гэта прыводзіць да ўспрымання беларусаў, што адказнасць за тое, што адбываецца ў краіне, нясе менавіта грамадзянін Беларусі, а не дыктатар.

Як палітык, я абсалютна падтрымліваю ўсе дзеянні нашых партнёраў, накіраваных на ўзмацненне нацыянальнай бяспекі і абароны. Набыццё самалётаў F-16, леапардаў, іншай ваеннай зброі з'яўляецца, безумоўна, неабходным і важным. Разам з тым, мне здаецца, нам важна зразумець, што галоўнай зброяй з'яўляецца народ. Беларускі народ, які ў 2020 годзе выступіў супраць дыктатара, які ў 2022 годзе выступіў супраць агрэсіі ў дачыненні да Украіны. Беларускі народ, які штодня падвяргаецца рэпрэсіям, з'яўляецца нашай галоўнай зброяй у сітуацыі, калі рэжымы Пуціна і Лукашэнкі наважацца паўторна выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для агрэсіі ў дачыненні да Украіны або адной з дзяржаў-членаў ЕС. І тут вельмі важная матывацыя. Я думаю, ніхто з нас не хацеў бы праз некалькі гадоў убачыць на мяжы з Еўрапейскім саюзам беларускага жаўнера (з пашпартам Беларусі ці Расіі і гэта таксама пытанне стратэгічнае), які гатовы ўвайсці на тэрыторыю ЕС. Таму мэтанакіраваныя дзеянні на падтрымку беларусаў, менавіта дзеянні, на сёння вельмі важныя.

Фота: НАУ-медыя
Фота: НАУ-медыя

Усходняе партнёрства — гэта ініцыятыва, якая, безумоўна, спрыяе стымуляванню еўрапейскага выбару беларусаў. Але, каб гэты выбар наблізіць, для нас вельмі важна матываваць беларусаў. Тыя дзеянні, пра якія я казаў вышэй, з'яўляюцца толькі часткай магчымай стратэгіі. Для нас, вядома ж, было б вельмі сур'ёзным крокам прадастаўленне месца дэмакратычным сілам Беларусі ва Усходнім партнёрстве. Гэта складанае, але вельмі важнае палітычнае рашэнне. Мы гатовыя заняць гэтае месца, мы гатовыя да таго, каб актывізаваць наша супрацоўніцтва ў рамках Усходняга партнёрства.

Дзякую шчыра ўсім нашым партнёрам, міністэрствам замежных спраў краін-членаў ЕС за прынцыповую пазіцыю па падтрымцы нашай барацьбы за свабоду.

Нам таксама важна адчуваць і разумець, што без грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сіл Беларусі сёння не вырашаюцца пытанні будучыні Беларусі.

Разам мы мацней.

 

Коментарі


bottom of page