top of page

Як вырашыць праблему кадраў у Новай Беларусі


Павел Паўлавіч Латушка: Намеснік кіраўніка Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Пасол

Памятаю, калі быў студэнтам 5 курса юрыдычнага факультэта БДУ, мы з двума сябрамі-аднакурснікамі, сядзелі ў аўтамабілі і разважалі, куды пойдзем пасля сканчэння ўніверсітэта. Адзін сказаў, што будзе адвакатам, іншы вырашыў пайсці ў юрыдычную фірму. Пазней яны сталі даволі паспяховымі адвакатамі, змаглі пабудаваць сабе кар’еру ў юрыдычнай сферы. На той сустрэчы з сябрамі я сказаў, што пайду на дзяржаўную службу і гэта будзе МЗС. Тады дзяржаўная сістэма Беларусі знаходзілася ў працэсе станаўлення, мы жылі ў маладой незалежнай дзяржаве. У маёй сям’і бацька заўсёды выхоўваў мяне на каштоўнасцях разумення нашай гісторыі і культуры. І дзяржаўнасць Беларусі для мяне была гістарычнай справай, справай жыцця, тым, на што варта сябе ахвяраваць.

Яшчэ памятаю сваю сустрэчу ў МЗС з міністрам Уладзімірам Сянько. Тады я працаваў начальнікам юрыдычнага аддзела ў адной з фірм і меў добры на той час заробак — 1000 даляраў, вялікія грошы на 1995 год. У таксоўцы вырашыў параіцца з кіроўцам аўтамабіля – як вы лічыце, ці варта мне ісці на дзяржаўную службу ці лепей застацца на пасадзе з добрым зарабокам. Адказ быў відавочнымм – канешне заставайцеся з заробкам. Менавіта ў той момант зразумеў, што хачу быць супрацоўнікам МЗС, бо ёсць рэчы, якія значна важнейшыя за добры заробак.

З таго моманту прайшло шмат гадоў. Цяпер Беларусь знаходзіцца перад выклікам — выклікам захавання дзяржаўнасці. Дзень, калі гэтыя перамены адбудуцца, наступіць. Старая і неэфектыўная сістэма дзяржкіравання, якая гадамі выбудоўвалася выключна з мэтай захавання ўлады адным чалавекам, зменіцца на сістэму з прынцыпова іншымі каштоўнасцямі, мэтай якой будзе эфектыўная работа ў інтарэсах Беларусі і беларускага грамадства. Для Аб’яднанага Пераходнага Каібента, каманды Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, як і для іншых прадстаўнікоў дэмакратычных сіл Беларусі асабліва важна быць падрыхтаванымі да гэтага моманту.

Давайце зазірнем у будучыню і паразважаем пра тое, як могуць адбывацца гэтыя перамены. Сёння ў сферы дзяржкіравання задзейнічана больш за 100 тысяч чалавек. Мы неаднаразова казалі, што не ўсе яны павінны падвергнуцца люстрацыі. Калі чыноўнік не здзяйсняў злачынстваў, калі не запэцкаў сябе рэпрэсіямі або катаваннямі, фальсіфікацыяй выбараў ці пераследам палітычных апанентаў, такі чалавек можа застацца на дзяржаўнай службе. Аднак ёсць катэгорыя чыноўнікаў, якія такія злачынствы здзяйснялі. Для іх працяг кар'еры ў дзяржкіраванні будзе немагчымым – яны непазбежна павінны будуць панесці адказнасць за злачынствы ў адпаведнасці з законам. Такія персоны не змогуць працаваць у сістэме дзяржаўнага кіравання Новай Беларусі.

На месца людзей, якія не змогуць працягнуць працу ў сістэме дзяржаўнага кіравання, прыйдуць новыя кадры. Для нашай краіны, для беларускага грамадства важна, каб гэтыя людзі былі іншымі па сваёй ментальнасці, па сваім стаўленні да грамадства, да праблем кожнага чалавека. Будучыя дзяржупраўленцы павінны будуць разумець, што яны працуюць на карысць беларусаў, а не на патрэбы дыктатара. Новай Беларусі будуць патрэбныя амбіцыйныя, прафесійныя і ініцыятыўныя дзяржкіраўнікі — і гэта тыя якасці, якія сёння топча цяперашні рэжым. Самае галоўнае, гэта павінны быць людзі, якія выконваюць закон і працуюць на карысць грамадству.

Як зрабіць так, каб на дзяржаўнай службе новай Беларусі працавалі менавіта такія прафесіяналы? Да гэтага трэба падрыхтавацца задоўга да наступлення пераменаў. Таму сёння дэмакратычнымі сіламі Беларусі рэалізуецца праграма «Кадравы рэзерв для Новай Беларусі». Праект рыхтуе прафесіяналаў у сферы дзяржаўнага кіравання ў будучай Новай Беларусі. У рамках праграмы адбываецца падбор і прафесійная падрыхтоўка кадраў, якія ў далейшым прымуць удзел у рэалізацыі рэформаў на ключавых пасадах у сферы дзяржаўнага і мясцовага кіравання цягам пераходнага перыяду.

Да праграмы могуць далучыцца і дзейныя чыноўнікі. Бо мы аддаём сабе справаздачу, што далёка не ўсе людзі, якія цяпер працуюць у дзяржапараце, былі датычныя да злачынстваў, і далёка не ўсе дзейныя чыноўнікі падзяляюць палітыку, якую сёння праводзіць Лукашэнка. Многія прадстаўнікі дзяржаўнага апарату таксама хочуць жыць не ў рэгіёне Расіі, а ў незалежнай Беларусі, дзе няма месца палітычным рэпрэсіям і пераследу іншадумцаў, у краіне, якая развіваецца і з кожным годам станавіцца лепей, дзе паляпшаецца не дабрабыт дыктатара, а жыццё кожнага чалавека. Для людзей, якія падзяляюць такія каштоўнасці, якія па сваёй службе не здзяйснялі злачынстваў, адкрытая дарога ў Новую Беларусь. Каб працягнуць сваю працу ў Новай Беларусі, такія людзі сёння не абавязаныя звальняцца. Але выбар трэба рабіць ужо цяпер. І кадравы рэзерв дае такую магчымасць.

Перамены непазбежныя. Яны могуць наступіць раптоўна і патрабаваць імгненнай рэакцыі. Таму мы працуем кожны дзень, каб наблізіць гэты момант. І мы абавязаны падрыхтавацца да гэтага моманту. Калі наступіць момант змены ўлады, мы з першага дня будзем працаваць над зменамі, у нас не будзе часу на разварушванне і пошук шляхоў рашэнняў для будаўніцтва новай свабоднай і дэмакратычнай Беларусі. Сістэма дзяржаўнага кіравання займае ключавое месца ў падтрымцы стабільнасці ў перыяд перамен. Укараненне новых ідэалаў, эфектыўных метадаў кіравання і прагрэсіўных падыходаў да вырашэння праблем забяспечыць паспяховае развіццё нашай краіны ў будучыні.


Comments


bottom of page