Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол
Тэлефонны званок. Здымаю так званую «вяртушку» — урадавую сувязь. Тэлефануе Урал Латыпаў — віцэ-прэм’ер, міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь, тэлефануе мне — тады, у 2000 годзе, начальніку ўпраўлення інфармацыі, прэс-сакратару МЗС. І кажа: «Трэба дапамагчы Васілю Быкаву ў атрыманні пашпарта, каб яго прынялі ў пасольстве. Як вы лічыце, ці варта гэта рабіць?» Я адказаў: «Безумоўна, гэта глыба, гэта той чалавек, які варты пашаны — і нават нашмат больш». — «Добра, патэлефануйце Уладзіміру Скварцову — нашаму паслу ў Германіі, вырашыце гэтае пытанне».
Васіля Быкава запрасілі ў пасольства Беларусі ў Германіі — менавіта так пачалося маё завочнае знаёмства са славутым беларускім пісьменнікам. Яно, фактычна, заўсёды было завочным, за выключэннем першай сустрэчы з Васілём Быкавым у Мінску.
Маладым юнаком я ішоў па вуліцы Максіма Танка ў Мінску. Памятаеце, чырвоны дом, дзе жыў Васіль Быкаў — яго кватэра і да гэтай пары знаходзіцца на Максіма Танка, 10. Насустрач ішоў народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў. Памятаю гэтыя хвіліны майго перажывання, памятаю яго вочы, у якія я глядзеў, калі мы зблізіліся. Я, малады юнак, студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта… І насустрач ідзе славуты пісьменнік Васіль Быкаў. Свяціла сонейка, Быкаў паглядзеў на мяне і прывітаўся. І нават, здаецца, усміхнуўся. І ведаеце, у гэтым і складалася інтэлігентнасць чалавека, які не ведае цябе, але тым не менш ветліва вітаецца з незнаёмым юнаком.
Праз шмат гадоў пасля гэтай сустрэчы я стаў міністрам культуры Беларусі. Памятаю той вечар, калі адбылося прызначэнне на пасаду. Мы сустрэліся з сябрам — наўмысна не буду называць яго імя — і пайшлі ў кавярню, таксама на вуліцы Максіма Танка. Шмат што звязана з гэтай вуліцай: і кватэра маёй дачкі, якую зараз забраў рэжым, былая кватэра маіх бацькоў, дзе я пражываў з 1986 года. Мы селі ў кавярні і я запытаўся ў сябра: «Што першае варта зрабіць мне як новаму міністру культуры?» Мой сябар тады адказаў: «Ушанаваць памяць Быкава і звольніць Замяталіна». Замяталіна я сапраўды неўзабаве звольніў — і гэта асобная гісторыя, а першым лістом, які я накіраваў у адміністрацыю Лукашэнкі, менавіта быў ліст у справе ўшанавання памяці Быкава. Тады я атрымаў адмоўны адказ, але ўсё ж гэтая справа мяне ніяк не магла пакінуць абыякавым.
У 2009 годзе да мяне звярнулася дырэктарка Дзяржаўнага літаратурнага музея Беларусі і спытала, ці зможа Міністэрства культуры падтрымаць выставу, прымеркаваную да 85-годдзя народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Памятаю, гэта каштавала, здаецца, 65 мільёнаў недэнамінаваных рублёў. Але асноўнае рашэнне было не фінансавым, а ўсё ж палітычным. Быкаў быў асабістым ворагам Лукашэнкі. Арганізацыя пад патранажам Міністэрства культуры і з бюджэту Міністэрства выставы — гэта магло быць успрынята як выклік. Выстава ў Дзяржаўным літаратурным музеі Беларусі адбылася. Я таксама выступіў на яе адкрыцці, а адміністрацыя Лукашэнкі ў асобе сумнавядомай Ірыны Дрыгі ўважліва сачыла за мерапрыемствам, каб там не прагучала нічога дрэннага супраць Лукашэнкі. Яны баяліся Быкава і жывога, яны баяліся Быкава і адышоўшага ў іншы свет. Ён баіцца яго і да гэтай пары. Быкаў для яго — пагроза, нават нягледзячы на тое, што яго ўжо не сустрэнеш на вуліцы Танка ў Мінску. І ў гэтым моц, сіла гэтага чалавека. Выбітны беларускі пісьменнік пакінуў такі след, што да гэтай пары Лукашэнка яго баіцца.
Пасля гэтай выставы на маім стале ў кабінеце міністра культуры застаўся напамін пра Быкава: запрашэнне на гэтую выставу ў Дзяржаўным літаратурным музеі Беларусі са здымкам славутага беларуса.
Ён заўсёды, больш за тры гады, як я працаваў міністрам культуры, знаходзіўся на маім рабочым стале ў кабінеце міністра культуры. Хтосьці ставіў Лукашэнку, хтосьці сваіх блізкіх… У мяне таксама быў здымак дачкі, але ён быў размешчаны не на паказ, па правы бок — так, каб ніхто не бачыў (не лічу патрэбным паказваць здымак дачкі ўсім, гэта, хутчэй, асабістае). Але здымак Быкава стаяў наперадзе, з левага боку, перада мной, каб усе, хто заходзіў у кабінет міністра культуры, бачылі, што на стале міністра культуры Рэспублікі Беларусь — здымак славутага пісьменніка Васіля Быкава. Гэта быў мой сігнал, палітычны мэсэдж, калі хочаце, як і пазней — карціна з выявай змагара за нашу незалежнасць Кастуся Каліноўскага на сцяне міністэрскага кабінета. Мой наступнік на пасадзе міністра зняў гэты твор — твор, прысвечаны Кастусю Каліноўскаму — цягам некалькіх дзён пасля таго, як увайшоў у гэты кабінет.
Памятаю, як на адкрыцці Дня Беларусі на Славянскім базары ў Віцебску я выступаў на беларускай мове. Гэта было 6-7 тысяч гледачоў, прамая трансляцыя. Тады я ўзгадаў культурнае багацце Ушаччыны — зямлі, на якой нарадзіліся многія беларускія паэты і пісьменнікі. І, вядома, я ўзгадаў і Быкава. Ён застанецца і ў памяці, і ў гісторыі як асоба. І тады, і сёння прамаўляць прозвішча народнага пісьменніка Беларусі публічна рызыкоўна. Уяўляеце, народны пісьменнік Беларусі, славуты беларус, славуты беларускі аўтар, ветэран вайны... Але ўзгадваць Быкава ці Гілевіча рызыкоўна — гэта дзіўна, гэта дзікунства, але так пануе дыктатарская сістэма, яна запалохвае людзей, прымушае адмаўляцца ад часткі культуры, якая не ўпісваецца ў іх светапогляд.
22 чэрвеня 2003 года Васіль Быкаў адышоў у іншы свет. У той момант я працаваў амбасадарам Беларусі ў Польшчы. Як я мог выказаць жалобу, якая была ўнутры? Я сказаў вадзіцелю не ўсталёўваць сцяг на аўтамабілі пасла тры дні: каб калі я выязджаў на прыём, на аўтамабілі не было сцяга. Так выказаў сваю жалобу, бо разумеў, што пайшоў з жыцця чалавек, які з'яўляецца выключнай постаццю, асобай для Беларусі, і роля якога яшчэ неаднойчы будзе аналізавацца. А разуменне яго ролі для большасці беларусаў прыйдзе, на жаль, пазней. Быкава пахавалі на Усходніх могілках у Мінску. Вялікая працэсія з бел-чырвона-белымі сцягамі, труна славутага беларуса таксама была пакрытая нашым нацыянальным бел-чырвона-белым сцягам.
Напрыканцы працы міністрам культуры я вярнуўся да тэмы адкрыцця музея Васіля Быкава — яна ніколі не пакідала мяне. І тады ў мяне адбылася размова з Аляксандрам Лукашэнкам у яго кабінеце, і я распавёў яму аб сустрэчах з Ірынай Міхайлаўнай Быкавай, удавой Васіля Быкава. Я расказваў пра тое, што адбываецца са спадчынай народнага пісьменніка Беларусі. І, ведаеце, мне падаецца, што Лукашэнка купіў тэзіс, калі я расказаў яму, што з Расіі прыязджаюць людзі, якія гатовыя прапанаваць любую цану за тое, каб купіць усё, што было, што засталося ў кватэры народнага пісьменніка Беларусі, што прыходзілі асобы, якія проста выносілі з гэтай кватэры рэчы — я сказаў яму, што так мы зможам страціць спадчыну.
Лукашэнка, вядома, «уласнік». Ён хоча трымаць усё ў сябе — і гэта спрацавала. І ў нас была гадзінная размова — гадзіна размовы пра Быкава. Лукашэнка ўзгадваў, пра гэты бел-чырвона-белы сцяг, пра труну і пра пахаванне. Я не думаю, што час ці патрэба ўвогуле казаць пра тое, што сказаў Лукашэнка пра Быкава — ён недастойны казаць пра яго і недастойны даваць ацэнкі. Але падчас гэтай размовы я звярнуўся з некалькімі просьбамі: першае, нам трэба ўсю спадчыну зафіксаваць; другое: нам трэба перадаць гэтую спадчыну на захаванне ў Дзяржаўны літаратурны музей; трэцяе: нам трэба стварыць музей Васіля Быкава.
Пад канец размовы Лукашэнка сказаў мне: добра, напішыце мне яшчэ раз. Я напісаў яму дакладную з трыма прапановамі. На трэцюю ён напісаў: вернемся пазней. Я адразу даў даручэнне генеральнаму дырэктару Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі — не, не Гігіну — Раману Сцяпанавічу Матульскаму набыць камп’ютары, ноўтубукі і накіраваць супрацоўнікаў Нацыянальный бібліятэкі і па ўзгадненні з удавой Быкава зафіксаваць усё тое, што з’яўляецца спадчынай беларускага народа, а там былі рукапісы, там ёсць рукапісы, там кнігі з аўтарскімі подпісамі, там выключнае літаратурнае багацце. І яны працавалі і ўсё зафіксавалі. Гэта ўжо з’яўляецца здабыткам, які належыць беларускаму народу. Пазней я вярнуўся да справы музея і ў канцы канцоў Лукашэнка пагадзіўся.
Я паехаў на дачу Быкава — памятаю гэтую паездку. Мы дамовіліся на сустрэчу з Ірынай Міхайлаўнай, прыехалі ў Ждановічы. Я пад’ехаў і гляджу: з левага боку такі гмах! Зялёная чарапіца, сапраўды буйны, вялікі, пампезны будынак — падумалася нават, што забагата. Але ж з іншага боку — гэта народны пісьменнік, герой сацыялістычнай працы, лаўрэат прэмій СССР. Магчыма, гэта той дом? Тым больш, што выданні Быкава выходзілі мільённымі накладамі. А мне кажуць: не, Пал Палыч, паглядзіце ўправа. І з правага боку — домік, дача за дротам. Ведаеце, такі дрот, якім абцягаюць садовыя ўчасткі і дачы, каб плот быў. І будыначак, невялікі — з селікатнай цэглы. І гэта была дача Васіля Быкава — сціплага чалавека ў жыцці.
Мы ўвайшлі ў гэтую дачу, ішлі па пакоях і Ірына Міхайлаўна мне паказвала ўсё тое, што знаходзілася там, што з’яўлялася спадчынай Быкава. Дарэчы, там быў і аўтамабіль. Памятаеце гэтую «Волгу»? Гэта асобная гісторыя, але не пра гэта. Падчас наведвання яна мне дала патрымаць у руках кнігу, якую падарыў Васілю Быкаву Уладзімір Караткевіч — яшчэ адна выбітная, славутая постаць нашай культуры. З уласнаручным допісам для Васіля Быкава. І ў гэты момант я падумаў: я дакрануўся да кнігі, якую трымалі ў руках Караткевіч і Быкаў. У гэты момант ты разумееш, што, па-першае, як добра быць міністрам культуры, бо не кожнаму можа быць такое шчасце, але ж калі сур’ёзна — такі гонар трымаць такую кнігу. Адчуванне ўнутранае: гэта ж якія людзі, якія людзі дакрануліся да яе.
Ірына Міхайлаўна мне сказала: «Ну добра, мы створым гэты музей. Яна перадала дачу менавіта для Дзяржаўнага літаратурнага музея Беларусі як філіяла, і гэтая дача была пераўтворана ў гэты філіял музей Васіля Быкава». І яна мне сказала: «Вы ведаеце, адну рэч вы, напэўна, не зможаце экспанаваць у будучым музеі». Я запытаўся ў яе: «А якую?» Яна паглядзела на мяне і сказала: «Бел-чырвона-белы сцяг, якім была пакрыта труна Васіля». Я памаўчаў і адказаў ёй: «Так, вы маеце рацыю, што сёння сцяг наўрад ці зможа з’явіцца ў экспазіцыі музея, але, як кажуць, рукапісы не гараць — так і экспанаты не гараць. Перадавайце гэты сцяг, напэўна, прыйдзе час, калі ён знойдзе сваё месца ў экспазіцыі музея». Вось такая цяжкая размова адбылася ў мяне тады.
Дарэчы, тады ўмовай адкрыцця музея ад адміністрацыі Лукашэнкі было не выдаткоўваць бюджэтных сродкаў на музей. Я трошкі схітраваў — магу прызнацца. І дзяржаўныя сродкі былі выдаткаваны. Так, цяжка было знайсці спонсараў, хаця былі і такія, якія гатовы былі падтрымаць — але гэта заўсёды была рызыка таксама і для шчырых людзей, якія гатовыя падтрымліваць культуру. Музей паўстаў. Ён, на жаль, не функцыянуе круглы год. І зразумела, што для Васіля Быкава павінен быць створаны зусім іншы музей, але гэтыя абяцанні перад сваім сябрам, перад самім сабой, у першы вечар пасля прызначэння міністрам культуры я таксама выканаў.
Апошні ўспамін пра спадчыну Быкава ўзгадваецца, калі я ўжо працаваў генеральным дырэктарам Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Мы садзілі валошкі на дачы Быкава ў дзень яго нараджэння. Купалаўцы і дзеячы культуры разам садзілі валошкі і пілі гарбату. І ведаеце, як бы там не было сёння цяжка, хтосьці, магчыма, дэматываваны, камусьці сёння асабліва складана, але я веру, што яшчэ неаднойчы мы збярэмся, тыя, за каго сёння баліць душа, тыя, хто сёння верыць у тое, што Беларусь жыве і будзе жыць, тыя, каму неабыякавы лёс нашай культуры, спадчыны, літаратуры, і для каго Быкаў з’яўляецца важнай постаццю беларускай культуры і гісторыі. Мы збярэмся і ў Ждановічах на дачы Быкава, і ўзгадаем, якія гэта былі цяжкія часы, але ўсё ж такі мы перамаглі. Пасадзім валошкі — любімыя кветкі Васіля Быкава.
Адзін вусаты таварыш калісьці расказваў, як захапляўся вядомымі вершамі Быкава. Вядома, Быкаў пісаў прозу... Але, дарэчы, і маляваў карціны — але гэта асобная гісторыя. Я ўзгадаю ўрывак з верша яшчэ аднаго славутага беларуса — Багдановіча — акурат пра любімыя кветкі Быкава — валошкі.
[...]
Зіяе неба з-за акна, – І думкі мкнуцца мімаволі Туды, дзе расцвіла вясна; Дзе блішча збожжа ў яснай далі, Сінеюць міла васількі, Халодным срэбрам ззяюць хвалі Між гор ліючайся ракі; Цямнее край зубчаты бора... І тчэ, забыўшыся, рука, Заміж персідскага узора, Цвяток радзімы васілька.
Загляне сонца і ў наша аконца.
Жыве Беларусь!
Comentários