top of page

Я гатовы прымаць удзел у судовым працэсе



Павел Латушка ў эфіры Свабоды Premium — пра тое, чаму Беларусь трэба прызнаць акупаванай краінай, ці магчымы цяпер гандаль палітвязнямі і што стаіць за смерцю Макея.


Аўтар артыкула: «Радыё Свабода»


Чаму Беларусь трэба прызнаць акупаванай тэрыторыяй


Памежны пункт пропуску Сянькоўка-Весялоўка 24 лютага
Памежны пункт пропуску Сянькоўка-Весялоўка 24 лютага

— Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда падчас сустрэчы з беларусамі на мінулым тыдні публічна заявіў, што Беларусь знаходзіцца пад расейскай акупацыяй… Пазней я гутарыў з польскім прэзыдэнтам, і ён казаў, што, магчыма, падыме гэтае пытанне ў Давосе. Але нават калі яно і не будзе паднятае, застаецца факт, што гэта прагучала ў публічным звароце з вуснаў прэзыдэнта Польшчы. Гэта ўжо прагучала з вуснаў сакратара Рады нацыянальнай бяспекі Ўкраіны Данілава, ад офісу прэзыдэнта Зяленскага, дэпутатаў Вярхоўнай Рады, міністра замежных справаў Літвы Ландсбергіса, які таксама заявіў аб частковай акупацыі Беларусі. З гледзішча замежнай палітыкі гэта вельмі важныя палітычныя заявы, якія рыхтуюць глебу.


Беларусь — акупаваная тэрыторыя, Лукашэнка — нелегітымны, ён утрымаў уладу толькі дзякуючы таму, што яму дапамог акупант, прэзідэнт Расіі. Расійскія войскі ўваходзяць на тэрыторыю Беларусі і робяць тое, што лічаць неабходным, парушаючы Канстытуцыю Беларусі і двухбаковыя дамоўленасці Беларусі з Украінай. Зараз чарговым разам ствараецца пагроза ўжывання сілы супраць Украіны. Лукашэнка выконвае волю не беларускага народу, а расейскага акупанта.


Мы верым, што Ўкраіна пераможа. Будуць перамовы пра мір. Хто будзе весьці перамовы, калі Лукашэнка да гэтай пары будзе пры ўладзе? Функцыянальна хутчэй за ўсё яго будуць нейкім чынам запрашаць. Ці прымаць неабходнасць таго, каб ён быў у гэтых перамовах. Хто будзе прадстаўляць голас беларусаў? Мы ня маем выключнага права, але мы стварылі Аб’яднаны кабінэт, каб казаць не ад імя Святланы Ціханоўскай, Паўла Латушкі, Валера Кавалеўскага ці іншых маіх калегаў у кабінэце, а ад імя беларусаў.


Што падчас мірных перамоваў паставіць галоўным пытаннем Украіна? Дэмілітарызацыю суседніх тэрыторыяў. Перад усім галоўным пунктам будзе Беларусь. На тэрыторыі Беларусі знаходзяцца расійскія войскі. Патэнцыйна гэта мірны шлях вызвалення Беларусі. Міжнародная супольнасьць павінна будзе запрасіць і нас да гэтых перамоваў.


Калі мы будзем мець свае вайсковыя структуры ва Ўкраіне, калі будзем мець моцны план унутранага пратэсту «Перамога», калі ён будзе развівацца, калі мы будзем мець сілу і міжнароднае прызнанне, мы будзем за гэтым сталом перамоваў таксама. І будзем дамагацца вываду расійскіх войскаў… А другі крок — новыя, датэрміновыя выбары. Гэта мірны шлях. Калі ня ўдасца яго рэалізаваць, то тады ў нас ёсць іншы сцэнар, але ён рызыкоўны.


Пра спосабы вызваленьня палітвязняў


Ілюстрацыйнае фота з інтэрнэту
Ілюстрацыйнае фота з інтэрнэту

— Мне гэта моцна баліць. Мой стрыечны брат Анатоль Латушка — палітвязень, асуджаны на 6 гадоў турмы. Яму надзявалі на галаву цэлафанавы пакет і моцна білі. Ягоная жонка, палітзняволеная, атрымала два з паловай гады «хіміі». Я не магу быць абыякавым да гэтага пытання. Шмат людзей, якіх я асабіста ведаю, цяпер у турмах.


У мяне нядаўна была сустрэча з намесьніцай памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША, якая адказвае за пытанні правоў чалавека. Я запытаўся, якія ёсць інструмэнты, сродкі, якія мы б маглі ужыць дзеля палітзняволеных. Яна адказала, што няма ўнівэрсальных сродкаў. Іх не існуе. Могуць быць толькі індывідуальныя сродкі. І такія індывідуальныя крокі робяцца. Як напрыклад, справа Натальлі Хершэ. Былі размовы пра больш важкія крокі. Не кажу пра дзясяткі тых, каго патэнцыйна маглі вызваліць, але пра некалькіх чалавек. І Лукашэнка не датрымаў слова. Ніколі не датрымаў слова…


Лукашэнка яшчэ ня выбачыў нікому… Ён помсціць за 2020 год. Ён яшчэ нават не прыпыніўся. Калі мы кажам пра вызваленне аднаго, то заўтра ён саджае двух, трох, дзесяцярых. Можам дамовіцца і вызваліць некалькіх… дай Божа… хворых, можа, непаўналетніх… А заўтра ён пасадзіць чарговых.


Сітуацыя беспрэцэдэнтная, яе нельга параўноўваць з тым, што было раней. Я памятаю гэтыя размовы пра санкцыі і палітзняволеных. Тады было 5−6 палітзняволеных. Я пагаджаюся з Андрэем Саннікавым, што толькі моцныя санкцыі, моцны ціск могуць прымусіць гэтую дзікую ўладу змяніць свой падыход і пачаць хоць па адным вызваляць палітвязняў. Яшчэ ня выкарыстаныя ўсе інструмэнты.


Яшчэ ня выкарыстаныя інструмэнты крымінальнай адказнасці Лукашэнкі і яго паплечнікаў. За гэта я вяду барацьбу, за гэта крытыкую еўрапейскіх партнёраў у розных краінах. На нядаўняй сустрэчы з прадстаўнікамі бюро ў пытаннях правоў чалавека Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША я таксама казаў, што гэта павінен быць адзін з элемэнтаў стратэгіі — паказаць, што ў іх будзе такі ж лёс, які меў Мілошавіч, што яны будуць пад трыбуналам.


Лукашэнка не гатовы і ня будзе гатовы вызваліць усіх. Давайце гэта зразумеем. Але гэта не азначае, што мы не павінны весьці барацьбу за кожнага. І гэтая праца ідзе…


Пра смерць і ролю Ўладзімера Макея


Крыніца: belta.by

— З 2020 году ў нас няма міністэрства замежных справаў. Незалежна ад таго, ці быў на гэтай пасадзе Макей, ці нехта іншы будзе, у нас няма вонкавай палітыкі. Вонкавая палітыка зарыентаваная толькі на адзін вэктар — расейскі… Лукашэнка робiць усё, што важна для інтарэсаў Расійскай Федырацыі. Знішчаецца беларускасць, беларуская мова, беларуская культура, свядомасць.


Я хутчэй схільны думаць, што Макей памёр натуральным чынам. Але і самагубства можа разглядацца як адзін з варыянтаў. Макей быў пад вельмі моцным псіхалагічным ціскам. Ягоная роля ва ўрадзе была фактычна блізкая да нуля. Яму было сказана, што калі чарговы пакет санкцыў будзе ўведзены, то ён страціць пасаду. І ўжо пачалося рыхтаванне замены яму. Я перакананы, што ў Ерэване ён меў размову з Лукашэнкам, якая скончылася для яго вельмі нэгатыўна. Лукашэнка не прапанаваў яму нічога… Кар’ера яго скончылася. Гэтая фатальнасць сытуацыі давяла да таго, што сталася.


Ці быў там нейкі расейскі след, як часта кажуць? Не думаю, але нейкі працэнт на гэта даць можа. Паглядзім на вынікі раследавання Bellingcat. Але ўсё ж гэта апошняе, што сёння патрэбна Пуціну. Яму ня трэба сёння дэстабілізаваць Лукашэнку… Хто б ні стаў новым міністрам замежных справаў (усіх кандыдатаў мы ведаем) — гэта ўсё будуць салдаты. Такім салдатам быў Макей. Так, ён быў больш прыхільны да беларускасці, да культуры. Гэта ў яго было, але гэта не апраўдвае таго, што ён быў фактычна адказным за рэпрэсіі ў 2020 годзе.


Згадваю, што калі я быў міністрам культуры і размаўляў з Праляскоўскім (былы міністар інфармацыі. — РС), то казаў: мне падаецца, што гэта будзе нейкі подых еўрапейскасці ў нашым урадзе. Нават Мясьніковіч тады казаў, што ў нас адзіны праеўрапейскі міністар ва ўрадзе. Ці гэта была станоўчая адзнака, ці, наадварот, ганьбаванне, ня ведаю, але такая надзея была.


Хто адказваў за Плошчу ў 2010 годзе? Макей. Колькі людзей было затрымана… У тым ліку і мой брат, які ўжо не жыве, на жаль… Сотні затрыманых, пабіты Някляеў, пабіты Саннікаў… За гэта адказваў Макей. Забыліся пра гэта? Пасля 2020 году Макей сказаў, што будзе знішчана грамадзянская супольнасьць, калі «вы ня спыніце санкцыі». І ён гэта зрабіў.


І што цяпер казаць? Што ён вёз нейкую капэрту ў Лодзь на саміт АБСЭ? Ня вёз. Капэрта была пустая. Мне дыпламатычныя крыніцы кажуць, што былі перамовы пра нейкія маленькія крокі. І склалася ўражанне, што ён нават гэта пабаяўся перадаць Лукашэнку.


Пра ўвядзенне смяротнага пакарання дзяржаўным службоўцам і вайскоўцам за «здраду дзяржаве»


Самаабвешчаны прэзідэнт Беларусі Александр Лукашэнка
Самаабвешчаны прэзідэнт Беларусі Александр Лукашэнка Крыніца: belta.by

— Гэта рэакцыя ў тым ліку і на дзейнасць Кабінэту і ўсіх тых, хто працуе на змены ў Беларусі. Ён уводзіць смяротнае пакаранне для вайскоўцаў. На тэрыторыі Ўкраіны ёсць падраздзяленні добраахвотнікаў. Гэта героі Беларусі, якія змагаюцца за вольную Ўкраіну і мараць аб вызваленні Беларусі. Прадстаўнік Кабінэту ў пытаннях нацыянальнай абароны і бяспекі Валер Сахашчык таксама займаецца вайсковым будаўніцтвам на тэрыторыі Ўкраіны. Гэта таксама даволі канкрэтны працэс.


Лукашэнка разумее, што войска, як і грамадзтва, ня схільнае да вайны ва Ўкраіне. Мы маем даволі актыўную камунікацыю з вайскоўцамі, і гэты зрэз паказвае, што вайскоўцы ня хочуць ісьці ваяваць. Калі здарыцца трыгерная сытуацыя, калі Лукашэнка выканае загад Пуціна паслаць беларускія войскі разам з расейскімі ва Ўкраіну, што будуць рабіць беларускія вайскоўцы? Сілы спэцапэрацыяў, на жаль, хутчэй будуць выконваць загад.


А іншыя? Пытанне. Ці яны складуць зброю, ці пяройдуць на бок Украіны? Ці пяройдуць потым да нашых структураў ва Ўкраіне? Ён гэтага баіцца. Таму ўзнікла і пагроза смяротнага пакарання, бо няма дыму без агню. Агонь ёсць унутры, так што можа быць і дым.


Наконт дзяржаўных службоўцаў. Мы ведаем, што сёння яны функцыянальна лаяльныя да Лукашэнкі. Яны выконваюць тое, што ім кажуць, але нічога не ініцыююць. Сыстэма загадзя ідзе ў тупік, бо гэта нематываваныя людзі. І яны апошнімі пяройдуць на бок беларускага народу… Ён таксама баіцца камунікацыі з нашай праграмай «Кадры для новай Беларусі», у якую запісаліся ў тым ліку і дзяржаўныя службоўцы з Беларусі.


Гэта адразу ж іх напалохала, таму яны ўводзяць смяротнае пакаранне для дзяржаўных службоўцаў. Лукашэнка баіцца расколу ўнутры, бо ён лепш за ўсіх ведае рэальны стан сытуацыі ў Беларусі. Лепей за кабінэт, лепей за нашых дэмакратычных лідэраў, лепей за нашы незалежныя СМІ. І таму ён так рэагуе.


Пра свой судовы завочны працэс у Беларусі


Заява Паўла Латушкі
Заява Паўла Латушкі Фота: НАУ-медыя

— Што да завочных прысудаў. Я падпісаў адкрыты ліст так званаму генэральнаму пракурору і так званаму старшыню Следчага камітэту. Зыходжу з функцыянальнасьці гэтых пазіцый. Я напісаў, што адмаўляюся ад прызначанага мне адваката ў адпаведнасьці з Крымінальна-працэсуальным кодэксам. Я юрыст. Я не падпісваў з адвакатам ніякай дамовы, я не знаёмы з ім і ня ведаю матэрыялаў справы. Ніхто мяне не пазнаёміў з актам абвінавачвання. Мне такі адвакат не патрэбны, я гатовы сам прымаць удзел у судовым працэсе. Зразумела, праз зум — каб не было ніякіх ілюзіяў, што я паеду ў Беларусь.


Аб працы Аб’яднанага пераходнага кабінэту


Аб'яднаны пераходны кабінет Беларусі
Крыніца: НАУ-медыя

— Гэта новая структура. І давайце падыходзіць да яе як да структуры, якая ня мае сфармаванага апарату. Як былы чалец ураду я разумею структуру кіравання падобнымі інстытутамі. Ключавы элемэнт — стварэнне апарату камунікацыі паміж прадстаўнікамі, калі ідзе рыхтаванне дакумэнтаў, калі дакументы выносяцца на разгляд, прымаюцца, пазней рашэнні рэалізуюцца і ідзе кантроль за іх рэалізацыяй. Гэта існуе ва ўсіх урадах свету. Таму, можа, і ёсць недастатковая камунікацыя з офісам Святланы Ціханоўскай. Мы б хацелі больш шчыльнай камунікацыі ва ўсіх пытаннях, каб мы каардынаваліся…


Гэта працэс. Патрэбны час. Гэта цяжка. Я разумею, што і крытыка абсалютна аргумэнтаваная. Што тычыцца прадстаўніка ў сацыяльных пытаннях, то кандыдатура ёсць. Спадзяюся, што найбліжэйшым часам на пасаджэнні кабінету будзе размова з кандыдаткай. Гэта жанчына. Спадзяюся, што яна будзе плённай.


Што самае страшнае можа адбыцца ў 2023 годзе


Беларуска-Расійскія вучэнні на мяжы з Украінай
Крыніца: telegraf.com.ua

— Удзел Беларусі ў вайне супраць Украіны. Калі гэта адбудзецца, гэта будзе страшна ня толькі для 2023 году, але і для гісторыі Беларусі. Беларусы ніколі ні на кога не нападалі, ня мелі ніякіх канфліктаў з Украінай. Гэта той бруд, тая «чорная» пляма, якая застанецца на сумленні беларускай нацыі на дзесяцігоддзі, на стагоддзі. Я ня ведаю, як мы пазней будзем глядзець у вочы ўкраінцам. Нам і зараз цяжка ім растлумачыць. Калі гэта адбудзецца, то гэта стане катастрофай і моцнай трагедыяй. Таму мы робім усё, каб не дапусціць гэтага.


Лукашэнка ініцыяваў тры вайны — супраць Украіны, супраць Еўропы (міграцыйны крызіс), супраць беларускага народу. Мы павінны спыніць Лукашэнку да таго моманту, калі ён выканае загад Пуціна і пашле войскі…


Што самае важнае можа адбыцца ў Беларусі ў 2023 годзе


Павел Латушка
Крыніца: tut.by

— Я нядаўна сустракаўся з адным вельмі ўплывовым заходнім дыпламатам, які сказаў мне вельмі шчыра, што ў 2023 годзе (магчыма, 2024) адбудуцца тэктанічныя змены. Яны адбудуцца.


Кажуць, што палітыкі нешта абяцаюць, і іх пазней крытыкуюць за тое, што яны абяцаюць. Палітык павінен быць аптымістам. Калі я не буду аптымістам, што тады рабіць? Я — шчыры аптыміст. Я веру і працую на гэтую веру.

Comentários


bottom of page