top of page

Электаральны цыкл даўжынёй у паўтары гады


Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол

2024 год — гэта найважнейшы год у палітычным календары як для дыктатара Лукашэнкі, так і для дэмакратычна настроеных беларусаў. Справа ў тым, што ўжо сёння фактычна стартавала найдаўжэйшая электаральная кампанія ў Беларусі.

25 лютага ў Беларусі адбудзецца г. зв. адзіны дзень галасавання, а па сутнасці — г. зв. выбары ў мясцовыя органы ўлады і «парламент». Наша пазіцыя — гэта «бязвыбары», адзіны дзень прызначэння чыноўнікаў у органы, якія павінны абірацца народам. Але гэты працэс важны для дыктатара Лукашэнкі.

Пасля незаконнага рэферэндуму 2022 года «Усебеларускі народны сход» атрымаў статус канстытуцыйнага органа. І, паводле лукашэнкаўскай канстытуцыі, УНС склікаецца на першае паседжанне не пазней, чым праз 60 дзён пасля выбараў «дэпутатаў».

Гэта значыць самі па сабе «бязвыбары» не маюць ніякага значэння. Але з улікам таго, што значна ўзрастае роля УНС, становіцца зразумела, чаму для рэжыму важна правесці лютаўскую «выбарчую» кампанію стэрыльна і безальтэрнатыўна.

Пасля таго, як будзе скліканы УНС, а паводле канстытуцыі гэта не пазней за 60 дзён пасля «бязвыбараў», на ім будзе абраны прэзідыум УНС і, самае галоўнае, — старшыня УНС. Не даводзіцца сумнявацца, што гэта будзе Лукашэнка.

Верагодней за ўсё ў 20-х чыслах красавіка будзе скліканы першы ў гісторыі Беларусі УНС, які паводле лукашэнкаўскай канстытуцыі будзе мець статус канстытуцыйнага органа. І пасля таго, як Лукашэнка будзе абраны яго старшынёй, ён пачне сумяшчаць дзве пасады.

З улікам заяў дыктатара пра важнасць гэтага года і ўзрослай згадкі прэзідэнцкіх выбараў, можна зрабіць выснову пра тое, што пасля УНС можа стартаваць прэзідэнцкая кампанія дыктатара. Як мінімум да ліпеня 2025 года ён можа сумяшчаць дзве пасады, але прывід жніўня 2020 года будзе падштурхоўваць яго правесці прэзідэнцкія выбары раней чым летам 2025 года.

І лагічнай бачыцца адпрацаваная схема з адзіным днём галасавання, грамадства абвыкне да таго, што выбары праходзяць зімой у лютым.

На дадзены момант можна выказаць здагадку пра два найбольш рэальных сцэнары таго, як Лукашэнка будзе вырашаць задачу недапушчэння двоеўладдзя:

  1. Дыктатар сумяшчае дзве пасады і зноў ідзе на выбары прэзідэнта зімой 2025 года. У такім выпадку не ствараецца альтэрнатыўны цэнтр сілы, паколькі ўсё завязана на адным чалавеку.

  1. Дыктатар становіцца старшынёй УНС, а на прэзідэнцкія выбары ідзе чалавек настолькі адданы Лукашэнку, каб не спрабаваць ствараць якой-небудзь альтэрнатывы. На нашу думку, гэта можа быць толькі член сям'і дыктатара, а менавіта — Віктар Лукашэнка.

Таксама магчымы сцэнар, пры якім Лукашэнка становіцца старшынёй УНС, а на прэзідэнцкія выбары ідзе ўзгоднены з Крамлём чалавек. Гэты чалавек будзе працаваць у рамках створанай дыктатарам сістэмы. Але гэты сцэнар з высокай доляй верагоднасці прывядзе да ўладнай калізіі і Лукашэнка страціць рэшткі сваёй зрэзанай улады, паколькі аператыўнае кіраванне апынецца не ў яго руках і Масква зможа больш актыўна ўплываць на ўнутрыпалітычныя працэсы ў Беларусі.

У Беларусі пачаўся электаральны цыкл даўжынёй паўтары гады. Для таго, каб разумець, як дзейнічаць нам, неабходны аналіз сітуацыі і выпрацоўка рашэнняў, якія мы будзем рэалізоўваць. Мы прапануем свае варыянты дзеянняў.

ความคิดเห็น


bottom of page