Кіраўнік НАУ Павел Латушка правёў сустрэчу з паслом Чэхіі ў Польшчы Якубам Дзюрам
У ходзе сустрэчы было абмеркавана пытанне магчымага ўдзелу Узброеных сіл Беларусі ў наземнай аперацыі ў вайне супраць Украіны, развязанай Расіяй пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі. Павел Латушка прадставіў інфармацыю аб дзейнасці дэмакратычных сіл па перашкаджэнні ўдзелу Узброеных сіл Беларусі ў ваенных дзеяннях ва Украіне, развіццю Нацыянальна-вызваленчага руху супраць акупацыі Расійскай Федэрацыі і за вызваленне Беларусі ад дыктатуры Лукашэнкі.
Была разгледжана магчымасць далейшых крокаў НАУ на ўзроўні Еўрапейскага Саюза i іншых дэмакратычных краін па прыцягненні да адказнасці рэжыму Лукашэнкі за масавыя рэпрэсіі супраць беларускага народа і саўдзел у агрэсіі супраць украінскага народа. Павел Латушка ініцыяваў пытанне стаўлення да грамадзян Беларусі ў Чэхіі ў сувязі з санкцыйнай палітыкай, якая ўводзіцца ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі.
Кіраўнік НАУ падкрэсліў важнасць раздзялення ва ўспрыманні чэшскіх улад і грамадства дзеянняў рэжыму Лукашэнкі і пазіцыі беларускага грамадства, якое працягвае барацьбу за свабоду Беларусі і падтрымлівае барацьбу за незалежнасць Украіны.
Павел Латушка перадаў звароты да Прэм’ер-міністра Чэхіі аб важнасці маштабавання ціску на рэжым Лукашэнкі з канкрэтнымі ініцыятывамі, у тым ліку тымі, якія ўключаюць крымінальную адказнасць прадстаўнікоў рэжыму, а таксама зварот да Міністэрства замежных спраў Чэхіі па аказанні дапамогі грамадзянам Беларусі, якія трапілі ў цяжкую сітуацыю ў Чэхіі.
Comments