top of page

Чым займаецца Лукашэнка ў Манголіі?


Крыўдзіцца на свабодныя СМІ, вучыць квазі-гісторыі і адкрыта пагражае мангольскаму грамадству.

Падобна на тое, што адной з галоўных мэтаў візіту Лукашэнкі ў Манголію быў экспарт прапаганды і дыктатуры ў гэтую краіну. А сустрэўшы вострую крытыку шэрагу вядомых мангольскіх палітыкаў, СМІ і грамадзянскай супольнасці, незадаволены Лукашэнка — што б вы думалі? — пачаў закрываць рты. Як «гісторык». Бо ў Манголіі, відавочна, назіраецца востры недахоп гістарычнай «экспертызы» такога вялікага знаўцы гісторыі, як Лукашэнка. 

І вось гэты «гісторык», пакрыўджаны, што мангольскае грамадства негатыўна ўспрымае візіт Лукашэнкі і падтрымку, якую ён аказвае Расіі ў агрэсіі супраць Украіны, пусціўся ў «гістарычныя паралелі», параўноўваючы Чынгісхана і Пуціна. І адкрыта апраўдваючы ўсё тое, што Расія робіць сёння ва Украіне:

«Яны (салдаты Чынгісхана) гінулі на полі бою тысячамі. Але калі хтосьці адважыўся пакрыўдзіць яго воінаў там, дзе яны знаходзіліся, ён (Чынгісхан) мячом і агнём змятаў паселішчы і гэтых людзей. Што ж адбылося паміж Украінай і Расіяй? А тое ж самае».

Але «гісторык» Лукашэнка не разумее, што Манголія — ўжо даўно не імперыя, а дэмакратычная дзяржава, якая не вядзе агрэсіўных захопніцкіх войнаў, у якім ёсць змяняльнасць улады, свабода слова і прэсы. Усё тое, што чужое для Лукашэнкі. Усё тое, чаму ён з'яўляецца прамым антыподам.

Менавіта таму Лукашэнка наракае на мангольскую грамадзянскую супольнасць і прэсу, бо яна піша пра яго і пра Расію праўду.

А Лукашэнка праўду ненавідзіць. І таму ён хлусіць і скажае гістарычныя факты, спрабуючы праводзіць свае «гістарычныя паралелі». І пераконваючы мангольскае грамадства, што нападаць на суседнія дзяржавы, акупаваць іх тэрыторыі, паралельна сціраючы цэлыя гарады і паселішчы і масава знішчаючы мясцовае насельніцтва — гэта правільна. Што падтрымліваць гэта, браць у гэтым удзел, як гэта робіць Лукашэнка — гэта правільна. Гэта «саюзніцкі абавязак». Але «ангажаваныя» журналісты, як выказваецца Лукашэнка, і грамадства Манголіі не хочуць гэтага разумець. 

Далёка не ўсе ў Манголіі гатовыя слухаць яго лекцыі па гісторыі. І таму ён звяртаецца да другога свайму ўлюбёнаму прыёму — шантажу і пагрозам, робячы акцэнт на прыродныя багацці гэтай краіны. 

І гэтыя багацці і выкапні вельмі цікавяць ваенных агрэсараў — Расію і рэжым Лукашэнкі. Ад якіх у гэтым кантэксце і сыходзіць рэальная пагроза. 

Лукашэнка кажа, што Манголіі «нельга памыліцца». Бо інакш спакойнага жыцця ёй не дадуць. Хто ж не дасць? Адказ відавочны — тыя ж, хто не далі спакойна жыць Украіне. Тыя ж, хто мяркуе, што яна «памылілася», не захацеўшы добраахвотна стаць расійскай калоніяй. Тыя ж, хто за гэтую «памылку», вядзе супраць Украіны вайну на знішчэнне. І аналагічную пагрозу Лукашэнка ставіць перад мангольскім грамадствам. 

«Не рабіце нас ворагамі мангольскага народа. Мы вашы самыя блізкія сябры і браты», — патрабуе Лукашэнка ў мангольскіх журналістаў і лідараў меркаванняў.

Вось толькі многія народы і краіны на сваім горкім досведзе ўжо пераканаліся, што значыць мець падобных «сяброў» і «братоў». Зусім нядаўна гэтак жа сама «сябрамі і братамі» Лукашэнка і Расія называлі ўкраінцаў.

 

תגובות


bottom of page