top of page

Час мяняць стратэгію?


Андрэй Ягораў. Скрыншот трансляцыі
Андрэй Ягораў. Скрыншот трансляцыі

Трапіўся на вочы артыкул Андрэя Ягорава — ужо даволі вядомага, напэўна, многім беларусам, хто ўцягнуты ў парадак дня дэмсіл

Артыкул гэты быў нядаўна апублікаваны ў часопісе «IPG Міжнародная палітыка і грамадства», які выдаецца нямецкім Фондам імя Фрыдрыха Эберта. Даволі аўтарытэтнае выданне, у якім, аднак, неаднаразова публікаваўся яшчэ адзін, скажам так, неадназначны персанаж — Яўгеній Прэйгерман, вядомы сваёй псеўданейтральнай, а па сутнасці — прарэжымнай «аналітыкай». У кастрычніку мінулага года мы ўжо звярталі на яго ўвагу і разбіралі яго артыкул, які быў апублікаваны на платформе «Мінскі дыялог». Вы можаце паглядзець гэтае відэа на нашым канале, яно называецца «Лукашенко заигрывает с Западом».

Дык вось Прэйгерман таксама распавядаў пра тое, што Захаду трэба змяніць стратэгію ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, адмовіцца ад санкцый і аднавіць з ім супрацоўніцтва. Ну а цяпер практычна з тымі ж прапановамі выступіў былы спікер Каардынацыйнай Рады Андрэй Ягораў. Той самы, які нядаўна прапанаваў прызнаць легітымнасць Лукашэнкі і накіраваць да яго еўрапейскіх паслоў. Артыкул Ягорава называецца «Час мяняць стратэгію». І што ж прапануе ў ёй таварыш Ягораў?

Ягораў, што называецца, адразу заходзіць з козыраў. І заяўляе, што беларускія дэмсілы (мабыць, сябе да іх ён ужо не адносіць) ужываюць недастаткова дыпламатычных намаганняў для вырашэння пытання з вызваленнем палітычных зняволеных.

То бок, шчыра хлусіць. Таму што ні адна сустрэча, ні адна міжнародная канферэнцыя, ні адзін выступ прадстаўнікоў дэмакратычных сіл, КР, Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, асабіста Святланы Ціханоўскай на высокім узроўні, уключаючы Еўрапарламент, Кансультатыўную групу з Еўрапейскім саюзам, Стратэгічны дыялог з ЗША — ні воднае падобнае мерапрыемства не ігнаруе тэму беларускіх палітвязняў. Наадварот, пытанне іх вызвалення заўсёды з'яўляецца прыярытэтнай тэмай, пытаннем нумар адзін.

Аднак, сцвярджае Андрэй Ягораў, дэмсілы не даюць Захаду, як ён выказваецца, «прагматычных інструментаў». Што ён пад імі разумее? У цэлым, ён пазначыў на канферэнцыі «Новая Беларусь»: гэта прызнанне легітымнасці рэжыму Лукашэнкі.

«Непрагматычнымі» ж інструментамі Ягораў лічыць «ціск і міжнародную ізаляцыю беларускага рэжыму, пазбаўленне яго міжнароднага прызнання, прыцягненне да міжнародна-прававой адказнасці за парушэнне правоў чалавека, абмежаванне дыпламатычных кантактаў, пашырэнне санкцый, уключаючы гарманізацыю санкцыйнага рэжыму з Расіяй». Тут нагадаю, што гэта санкцыі за ваенную агрэсію супраць Украіны, у якой рэжым Лукашэнкі з'яўляецца суагрэсарам.

Дык вось, працягваючы сваю думку, Ягораў безапеляцыйна заяўляе, што:

«Агульная стратэгія офіса Святланы Ціханоўскай і яе Кабінета, якая абапіраецца на тое, што ціск Захаду абрыне палітычны рэжым у Беларусі, не прынесла жаданых вынікаў».

А гэта цікава. Праўда, Ягораў чамусьці ігнаруе той факт, што ніхто і ніколі не казаў, што сам па сабе ціск Захаду абрыне рэжым. Скасаванне рэжыму Лукашэнкі без удзелу беларускага грамадства немагчымае — і мы заўсёды гэта падкрэсліваем. Але разам з тым, ціск Захаду аслабляе яго, пазбаўляе рэсурсаў, рынкаў, суб'ектнасці, статусу, аўтарытэту, калі хочаце. Усяго таго, што Ягораў прапануе, наадварот, рэжыму вярнуць.

Ігнаруе Ягораў і той відавочны факт, што ціск Захаду, у прыватнасці, санкцыі — гэта пакаранне рэжыму Лукашэнкі за яго масавыя злачынствы, за парушэнне нормаў міжнароднага права, за захоп самалёта, за міграцыйны крызіс, за вайну супраць Украіны. І гэта і ёсць асноўны вынік ціску — злачынныя дзеянні рэжыму не застаюцца беспакаранымі, не ігнаруюцца. 

Але таварыш Ягораў прапануе «змяніць стратэгію». Гэта як? Пачаць паступаць наадварот?

Лукашэнка і Пуцін
Лукашэнка і Пуцін, 2024. Крыніца: ru.euronews.com

Фальсіфікацыя выбараў. Масавыя рэпрэсіі. Некалькі сотняў тысяч злачынстваў супраць чалавечнасці, забойствы, катаванні, згвалтаванні. Суагрэсія, ваенныя злачынствы. Ну і што вы заладзілі, гэта ж дробязі, глупства. Давайце лепш не караць за гэта рэжым — а заахвочваць!

Паслоў яму накіруем, здымем санкцыі, адменім усе міжнародныя дакументы, дзе пра гэта гаворыцца, дзе гаворыцца пра неабходнасць прымянення інструментаў крымінальна-прававой адказнасці. Адклічам усе прапановы дэмсіл, напрыклад, камунікацыі ў дзвюх частках у МУС з абгрунтаваннем неабходнасці выдачы ордэра на арышт Лукашэнкі і доказамі ўчыненага ім ваеннага злачынства — дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей; адменім выдачу міжнародных ордэраў на арышт, у тым ліку ў дачыненні да кіраўнікоў «Акрэсціна» і «Жодзіна» і г.д. Гэта ж непрагматычна і не працуе, як сцвярджае Ягораў.

Напэўна, Захаду і на Расію тады таксама не трэба ціснуць. Ну падумаеш, развязала вайну? З кім не бывае.

Тым больш, як кажа Ягораў, «эканамічныя санкцыі рэсурсы рэжыму не падарвалі», а «да крымінальнай адказнасці яго так і не прыцягнулі». Цікава толькі, на падставе чаго робіцца першае сцвярджэнне. Фактаў, лічбаў — нічога такога Ягораў не прыводзіць. Проста — санкцыі не працуюць. Прама як на БТ. Чаму ж тады рэжыму важна іх зняць? Ці не важна? Трэба неяк вызначыцца, Ягораў. Блытаецеся ў паказаннях.

Што ж тычыцца «да гэтага часу не прыцягнулі рэжым да адказнасці» — гэта і зусім дзіўны паказчык «неэфектыўнасці» ціску. Так, ордэра на Лукашэнку асабіста пакуль няма. Але ўжо ёсць еўрапейскія ордэры на шэраг яго паслугачоў. Ёсць сотні персанальных санкцый. За злачынствы супраць беларусаў. За ваенныя злачынствы супраць украінцаў. Днямі я таксама даваў паказанні па крымінальнай справе, узбуджанай Генеральнай пракуратурай Літвы, звязанай з дэпартацыяй украінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый у Беларусь. І вось фарміраваннем дасье для ўвядзення гэтых санкцый, прыцягненнем да адказнасці, зборам доказаў, прававым абгрунтаваннем — ён не займаўся. Ну навошта? Прасцей проста казаць.

Акрамя таго, наша каманда рыхтуе трэці дадатак да ўжо перададзенай намі пракурору Міжнароднага крымінальнага суда камунікацыі аб дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей. І гэта ўжо тычыцца Лукашэнкі персанальна. Адначасова мы таксама вядзем працу па прыцягненні яго да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларусаў: за забойствы, за катаванні жанчын, мужчын, дзяцей, за смерці палітвязняў, за палітычныя прысуды, дэпартацыю сотняў тысяч, за рабаванні, пазбаўленне маёмасці, за самыя маштабныя рэпрэсіі ў Еўропе за апошнія 50 гадоў.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Так, гэта доўгая, карпатлівая і нават з рызыкай для жыцця праца. Але яна не павісла ў паветры. Камунікацыя з органамі правасуддзя ідзе і дынаміка ўсяляе надзею. Так, хацелася б хутчэй. Але заяўляць, што выніку няма дагэтуль — а значыць, усё прапала — гэта безадказна, а, можа, амаральна ў адносінах да ахвяраў шматлікіх злачынстваў. Выніку не будзе, калі не весці гэтую складаную, скрупулёзную працу. А замест гэтага, напрыклад, пісаць галаслоўныя артыкулы, як Андрэй Ягораў.

Злачынствы здзейсненыя. І адказнасць за іх — гэта прынцыповае пытанне. Старонкі ў такіх справах не перагортваюцца. Яны складаюцца ў том, у тамы, кладуцца ў аснову крымінальных спраў і злачынец аб'яўляецца ў вышук. І Лукашэнка не стане выключэннем.

Я нават не ўяўляю, з якіх «прагматычных інтарэсаў» прапануе нам зыходзіць таварыш Ягораў, калі кажа пра тое, што гэтую стратэгію трэба мяняць. Гэта значыць па сутнасці прапануе пакінуць найбольш цяжкія ў разуменні міжнароднага права злачынства — злачынствы супраць чалавечнасці і ваенныя злачынствы — беспакаранымі.

Адзінае, чаго можна дамагчыся, зняўшы з Лукашэнкі адказнасць, зняўшы з яго санкцыі, прызнаўшы яго Легітымнасць — гэта не «адлігі», як піша ў сваім артыкуле таварыш Ягораў, а страты ўсіх інструментаў процідзеяння далейшаму ўчыненню злачынстваў. Далейшых рэпрэсій і тэрору.

Разумны чалавек, а Андрэй Ягораў такім з'яўляецца, аналізуючы бягучую сітуацыю, не можа не бачыць, што паралельна з памілаваннем некалькіх дзясяткаў палітвязняў (хоць тэрмін «памілаванне» тут недарэчны — нельга памілаваць людзей, якіх ты сам жа пасадзіў ні за што) рэжым Лукашэнкі, зноў жа, ні за што саджае дзясяткі іншых. 

Узровень рэпрэсій, які мы назіраем сёння (і гэта пацвярджаюць даследчыкі, напрыклад, Генадзь Коршунаў, аўтар трэцяй справаздачы «Барометр рэпрэсій у Беларусі»), не проста НЕ знізіўся або выйшаў на плато. Ён ПАВЯЛІЧЫЎСЯ.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Па ўсіх прыкметах рэжым Лукашэнкі не проста не рухаецца ў бок «лібералізацыі», ён актыўна трансфармуецца з аўтарытарнага ў таталітарны. А масавыя рэпрэсіі — гэта аснова існавання такога рэжыму, аснова яго ўлады.

Прызнаць легітымнасць такога рэжыму — значыць прызнаць за ім права функцыянаваць такім чынам, а не стварыць перадумовы для «адлігі», у якой для яго і крыецца самая галоўная пагроза. Рэжым выдатна вывучыў урок 2020 года. Так, ён з задавальненнем вярнуўся б у 2019-ы год — у тыя камфортныя ўмовы ДЛЯ СЯБЕ. Але НЕ для беларусаў. Беларусам 2019-ы год ён не верне ні за што. Беларусаў ён вяртае ў 1937-ы.

Таму прапанова, агучаная ў артыкуле Ягорава — гэта прапанова прыняць статус-кво. А не ўплываць на яго. І гэта цалкам адпавядае інтарэсам рэжыму. Прызнаць яго, прызнаць легітымнасць таго, што адбываецца ў Беларусі, накіраваць паслоў, зняць санкцыі, спыніць, падкрэслю, ужо запушчаную машыну міжнароднага права — гэта значыць вярнуць рэжыму суб'ектнасць і рэсурсы, пагадзіцца з тым, што ён будзе іх выкарыстоўваць на пабудову таталітарызму. Гэта значыць, пагадзіцца на знішчэнне ў Беларусі грамадзянскіх правоў і свабод нават на ўзроўні ідэі, проста самой думкі пра іх.

Таму што гэта пытанне выжывання рэжыму. І так, як адзначае таварыш Ягораў, гэтае выжыванне сапраўды залежыць ад таго, ці будзе Захадам прызнана яго суб'ектнасць, ці будзе прызнана яго самастойнасць ад Расіі (усе прыкметы якой ён сам жа і разбурыў), ці будзе ён уключаны ў самастойныя міжнародныя адносіны, ці адновіць з ім гэтыя адносіны Захад. 

Вось і адказ. Вось тая змена стратэгіі, якую ў сухім астатку і прапануе ў сваім артыкуле Андрэй Ягораў. Дэмсілам — сысці ў бок. А Захаду — забяспечыць выжыванне рэжыму Лукашэнкі. Гэта значыць — не проста дазволіць, а спрыяць, спрыяць выжыванню, пабудове і ўмацаванню таталітарнай дыктатуры ў Еўропе. Не звяртаючы ўвагу на масавыя рэпрэсіі і тэрор і задавальняючыся тым, што рэжым проста час ад часу тасуе палітычных зняволеных, нібы гэта не жывыя людзі, а калода з паўтары тысячы ігральных карт.

Ягораў сцвярджае, што палітвязні ні для каго не з'яўляюцца прыярытэтам. Але сваім жа спекулятыўным артыкулам ён толькі пацвярджае, што прыярытэтам яны не з'яўляюцца для яго самога. Прапаноўваючы змяніць стратэгію ад ціску на рэжым Лукашэнкі, з яго разбурэння — на яго выжыванне. 

«Пара цвяроза глядзець на рэчы», — кажа Ягораў. Сапраўды, даўно прыйшоў час. Час цвяроза паглядзець на бурную дзейнасць такіх ягоравых і даць ёй цвярозую адзнаку. Гэта не прагматызм. Гэта, таварыш Ягораў, цынізм і калабарацыянізм.

 

Comments


bottom of page