Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол
Рэжым Лукашэнкі стварае для Латвіі і ЕС рэальныя пагрозы, уключаючы гібрыдную агрэсію праз стварэнне штучнага міграцыйнага крызісу на мяжы, а таксама іншыя варожыя дзеянні, у тым ліку павелічэнне вайсковай пагрозы, дыверсійную і прапагандысцкую дзейнасць, якая праводзіцца рэжымам супраць латвійскага грамадства і дзяржавы. Таксама важна адзначыць, што распаўсюджаныя выпадкі, калі грамадзяне Расіі ў мэтах абыходу ўведзеных абмежаванняў выкарыстоўвалі аўтамабілі на беларускіх нумарах для перасячэння мяжы з Латвіяй.
Мы цалкам падтрымліваем прыпыненне транзіту тавараў, прызначаных для гандлю, праз мяжу ЕС-Беларусь, каб абмежаваць рух грузавога транспарту і спыніць абыход санкцый, які дазваляе рэжыму Лукашэнкі дыверсіфікаваць крыніцы даходу для дапамогі агрэсару і спрыяе прадаўжэнню агрэсіўнай вайны. Мы толькі што былі сведкамі таго, што такія меры з'яўляюцца эфектыўным сродкам ціску на рэжым Лукашэнкі.
Аднак мы ў чарговы раз даводзім нашу пазіцыю аб немэтазгоднасці абмежавання мабільнасці і перамяшчэння людзей. Важна захаваць кантакты паміж супольнасцю выгнаных са сваёй краіны беларусаў і тымі, хто застаўся ўнутры Беларусі.
Перабоі ў пасажырапатоку будуць выкарыстоўвацца ў прапагандысцкіх мэтах, каб падарваць палітыку ЕС у дачыненні да Беларусі, малюючы Еўропу, якая ізалюе Беларусь, а не рэжым Лукашэнкі. НАУ лічыць, што неабходна дэманстраваць людзям, што абмежаванні накіраваны не супраць іх, а супраць злачыннага рэжыму. Таксама лічым неабходным даць магчымасць тым, хто хаваецца на тэрыторыі ЕС ад рэжыму Лукашэнкі, у ільготным парадку перарэгістраваць свае транспартныя сродкі.
Мы заклікаем урад Латвіі перагледзець гэтае рашэнне ў кантэксце абмежавальных мер, якія ўжываюцца непасрэдна да грамадзян Беларусі. Таксама мы звяртаемся да ўладаў Польшчы і Літвы ўстрымацца ад падобных захадаў, якія ў першую чаргу закранаюць беларускае грамадства, а не рэжым Лукашэнкі.
Сёння намеснік міністра ўнутраных спраў Польшчы Мацей Душчык падчас сустрэчы з Аб'яднаным Пераходным Кабінетам пракаментаваў сітуацыю, якая склалася з тым, што Польшча ў бягучы момант не валодае інфармацыяй аб такіх падыходах і рашэнняў такіх не прымала. Але ў выпадку, калі будуць разглядацца такія пытанні, польскі бок будзе прыкладаць намаганні, каб падзяляць рэжым і беларусаў, і гатовы загадзя праінфармаваць аб прыняцці такіх рашэнняў.
Comentaris