top of page

Ці прачыніў візіт Латушкі ў Кіеў дзверы да Ціханоўскай?


Павел Латушка аб сустрэчах у Кіеве

Гэтай ноччу Паўлу Латушку давялося спускацца ў бамбасховішча. Некалькі дзён ён прабыў у Кіеве. Разам з ім была каманда НАУ, але палітык кажа, што ў размовах ён прадстаўляўся і як прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета.

Ці адчыніў Латушка гэтым візітам дзверы ў Кіеў для Святланы Ціханоўскай? Пра што гаварылі з Міхаілам Падаляком — і ці змяніў той сваю рыторыку што да беларусаў? І ці могуць гэтыя кантакты раззлаваць Лукашэнку настолькі, што Украіне будуць пагражаць дадатковыя сотні кіламетраў фронту?

Гэтую ноч Латушка прабыў у бамбасховішчы. Мы заспелі яго, калі ён ужо вырушыў з Кіева, і задалі яму гэтыя пытанні.

«Афіцыйны Кіеў не камунікуе з рэжымам Лукашэнкі»

Латушко у мемориала в Киеве
Латушко у мемориала в Киеве. Фото: НАУ-медиа

Спадар Павел, гэта быў афіцыйны візіт — ці проста кулуарныя размовы?

— Я не хацеў бы займацца гульнёй у словы, бо як дыпламат разумею розніцу паміж афіцыйным і рабочым візітам і ўвогуле значэнне слова “візіт”. Мы мусім казаць пра “сустрэчу”, пра “перамовы” — і пра канкрэтныя тэмы.

Разам са мной знаходзілася каманда НАУ, але я падкрэсліваў, што прадстаўляю таксама Аб’яднаны пераходны кабінет. Назвы — гэта ўмоўнасці, яны сёння не ў прыярытэце. У прыярытэце — сутнасць. І сутнасць такая: «Ми приїхали не просити, а допомагати».

— Не так даўно ў Варшаве праходзіла сустрэча прадстаўнікоў беларускіх дэмсілаў з украінскай экспертнай супольнасцю. Там менавіта пра гэта і казалі: калі хочаце кантактаў з Украінай — давайце рабіць сумесны праект.

Прэс-канферэнцыя ў Укрінфарм
Прэс-канферэнцыя ў Укрінфарм. Фота: НАУ-медыя

У хуткім часе вы перадалі ўкраінскаму боку доказы вывазу ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі. Гэта рэакцыя на той запыт?

— Не, гэта не звязаныя рэчы. Мы пачалі рабіць нашую справаздачу па факце ўдзелу Лукашэнкі і Саюзнай дзяржавы ў перамяшчэнні і пераадукацыі ўкраінскіх дзяцей ужо даўно. І факты, якія мы выявілі, перадалі па дыпламатычных каналах ва ўкраінскую амбасаду яшчэ ў канцы красавіка.

Пазней мы перадалі гэтую справаздачу ў Генеральную пракуратуру Украіны і атрымалі пацверджанне: Генпракуратура пачала папярэдняе следства.

Але ўжо тады мы камунікавалі з украінскімі дэпутатамі Вярхоўнай рады, чальцамі міжфракцыйнай групы «За дэмакратычную Беларусь». І Вярхоўная рада ўнесла змены ў сваё рашэнне, дзе раней казала пра ўдзел у гэтых злачынствах толькі Расіі. Да яе дадалі і рэжым Лукашэнкі.

Пазней мы мелі і іншыя нефармальныя сустрэчы. Але мы не лічылі важным казаць пра гэта публічна, мы лічылі важным рабіць справу. І ўрэшце паступіла прапанова ад дэпутата кіроўнай партыі «Слуга народа» Багдана Ярэменкі. Нас запрасілі прыехаць з рабочай сустрэчай у Кіеў.

У выніку мы правялі сустрэчы ў Генпракуратуры, у Офісе амбудсмена па правах чалавека, у Офісе прэзідэнта, у Міністэрстве культуры і інфармацыі Украіны. Мы сустрэліся і з прадстаўнікамі аналітычных цэнтраў, якія выпрацоўваюць палітыку што да Беларусі.

Адбыўся і шэраг іншых сустрэч. Мы не расказваем пра іх наўмысна. Галоўнае — не паказаць іх, а нешта зрабіць пасля іх. І калі мы будзем мець плён, раскажам пра вынікі працы.

— Вы сустракаліся з Міхаілам Падаляком, дарадцам кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны. Але ж ён адзначыўся спецыфічнымі выказваннямі пра Беларусь і беларусаў. Як прайшла вашая сустрэча?

Прэс-канферэнцыя ў Укрінфарм
Прэс-канферэнцыя ў Укрінфарм. Стоп-кадр з відэа

— Сустрэліся дзве матываваныя асобы. Ён упэўнены ў перамозе Украіны. І ў тым, што змены ў Беларусі адбудуцца. І я таксама ўпэўнены ў гэтым.

Якую выснову як беларус і як палітык я магу зрабіць [пасля гэтай размовы]? Цягнік Лукашэнкі сышоў, і на станцыі «Украіна» ён не спыніцца. Гэтая станцыя для яго рэжыму закрытая.

Другая выснова: афіцыйны Кіеў не камунікуе з рэжымам Лукашэнкі.

Трэцяя выснова: я не адзіны беларускі палітык, які быў у Кіеве. І Кіеў гатовы сустракацца з прадстаўнікамі дэмсіл Беларусі. Я не кажу пра персаналіі, я кажу пра нас усіх, пра дэмакратычны рух.

Ёсць разуменне патрэбы стратэгіі, і мы гаварылі пра гэта. І прывезлі ў Кіеў наш папярэдні дакумент пра ролю злачыннага ўтварэння Саюзнай дзяржавы.

Важна, што мы прадставілі менавіта ролю Саюзнай дзяржавы як арганізатара агрэсіі. Раней нашыя суразмоўцы не глядзелі з гэтага ракурсу, не бачылі, што Лукашэнка прыкрываецца Саюзнай дзяржавай. Што Расійская Федерацыя ажыццяўляе анексію Беларусі ў склад Расіі менавіта праз Саюзную дзяржаву.

«Калі вы сустрэнецеся з Ціханоўскай?»

— Калі беларускія палітыкі сустракаюцца з украінскім бокам, заўсёды гучыць адно і тое ж пытанне: чаму вы не сустрэнецеся са Святланай Ціханоўскай? Ці задавалі вы гэтае пытанне?

— Так, я задаваў гэтае пытанне. Скажу так: можа, трошкі пазней. Давайце пачакаем. Не трэба бегчы наперад. Гэта добрая справа, але трэба яе падрыхтаваць, давайце паглядзім на перспектыву.

Я не атрымаў нейкага крытычнага погляду на гэтую тэму. Не буду наводзіць туман. Але думаю, усё мусіць развівацца спакойна.

Важна разумець: Украіна, можа, і адмаўляецца ад нейкіх фармальных элементаў камунікацыі, але для яе важныя канкрэтныя справы.

— А што наконт тэорыі змовы, маўляў, «Украіна не размаўляе з беларускімі дэмсіламі, каб не злаваць Лукашэнку»?

— Гэта пытанне стратэгіі. Яно абмяркоўвалася з аналітыкамі галоўных think-tank Украіны. Ці дамінуе гэты падыход? Ці вырашае ён задачы Украіны?

Ці гэта ўсё ж ілюзія? Можа, праблема ў тым, што мы не данеслі нашага пункту гледжання, каб ва ўкраінскага боку было больш разумення таго, што адбываецца ў Беларусі?

— Гэты візіт раззлуе Лукашэнку?

— Не выключаю. Але мы і стараемся яго злаваць. Вы ж чулі, што ён прапаноўваў памяняць мяне на Анджэя Пачобута. Вядома, гэта таксама будзе яго злаваць.

Але злачынец — ён, а не мы. Ён робіць злачынства — мы дапамагаем Украіне. Ён марыць, каб са злачынцам хтосьці размаўляў.

— Калі наўпрост: ці створыць гэта дадатковыя сотні кіламетраў фронту?

— Я так не лічу. Гэтае пытанне абмяркоўвалася, але мы з самага пачатку казалі: Лукашэнка вельмі баіцца заходзіць на тэрыторыю Украіны, бо гэта можа стаць трыгерам зменаў унутры краіны, калі частка вайскоўцаў адмовіцца выконваць загад. Ён не пойдзе на гэта.

Але калі Расіі будзе трэба, яна ўвядзе войскі. Лукашэнка на гэта не ўплывае. Ён можа толькі дэманстраваць сваю злосць.

* * *

— Спадар Павел, у бамбасховішча часта даводзілася спускацца?

Латушка ў бамбасховішчы ў Кіеве
Латушка ў бамбасховішчы ў Кіеве

— Калі знаходзішся ў бамбасховішчы, то яшчэ мацней усведамляеш, якія жудасныя рэчы дзеюцца на тэрыторыі Украіны.

Падчас першага абстрэлу не спускаліся — была стомленасць. Хоць і бачылі, як ракеты збіваюць у небе каля нашага гатэля.

Наступным разам нам ужо ўсе раілі гэта зрабіць, бо чакалі моцнага абстрэлу. На жаль, ахвяры сённяшняй ночы ёсць. І гэта рэальнасць, у якой жыве Украіна. Седзячы на «мінус другім паверсе», ты гэта разумееш.


Арыгінал артыкула: euroradio.fm

Comentarios


bottom of page