top of page

Ці павінна Беларусь выплачваць Украіне кампенсацыі?


Разбурэнні ва Украіне
Фота: Celestino Arce Lavin/ZUMAPRESS/picture alliance

Дадзеная тэма не губляе сваёй актуальнасці і выклікае бурныя абмеркаванні. Разам з тым, я лічу яе сапраўды важнай і таму паспрабую максімальна ёміста сфармуляваць ключавыя моманты і пытанні, без вырашэння якіх дыскусіі аб кампенсацыях, на мой погляд, так і не пяройдуць з эмацыйнай у практычную плоскасць.

  1. Пакуль ва ўладзе Лукашэнка — нават саму размову аб рэпарацыях, кантрыбуцыях або іншых формах кампенсацыі весці бессэнсоўна. Лукашэнка цалкам дакладна не будзе нічога кампенсаваць Украіне і гэта трэба дакладна разумець, каб не мець ілюзій.

  2. Адпаведна мы зыходзім з таго, што Лукашэнка на гэты момант ва ўладзе не будзе. Хто будзе пасля яго? Зноў жа, калі сам рэжым захаваецца ў асобе, напрыклад, Наталлі Качанавай або на змену Лукашэнку прыйдзе іншы пра-расійскі пераемнік або расійскі стаўленік — размова аб рэпарацыях (ці іншых формах кампенсацыі) проста не мае сэнсу.

  3. Казаць пра гэта можна толькі з цывілізаваным дэмакратычным урадам, які паважае, у адрозненне ад Расіі і рэжыму Лукашэнкі, міжнароднае права. Думаю, што я выкажу тут агульную пазіцыю Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі — мы на 100% міжнароднаму праву прыхільныя.

  4. Аднак, каб права на кампенсацыі наступіла — неабходна рашэнне трыбунала, які і ўсталюе адказнасць Беларусі за агрэсію. Пакуль жа мы не бачым, каб пытанне трыбунала ў дачыненні да Рэспублікі Беларусь, у якой улада незаконна ўзурпаваная рэжымам Лукашэнкі, абмяркоўвалася гэтак жа шырока і адкрыта, як пытанне кампенсацый. Адначасова ў Вярхоўнай Радзе Украіны на разглядзе ляжаць законапраекты як аб прызнанні Беларусі акупаванай, так і аб прызнанні Беларусі агрэсарам. Ні адзін, ні другі законапраекты не разгледжаныя.

  5. Пасля правядзення трыбунала і змены ўлады ў Беларусі на дэмакратычны ўрад, ён, прытрымліваючыся нормаў міжнароднага права, павінен будзе выканаць адпаведныя пастановы трыбунала. Адпаведна, важна пачынаць абмеркаванне пытання не з канца, а з пачатку. Інакш, не вырашыўшы базавыя пытанні А, Б і В (афіцыйная пазіцыя Украіны, трыбунал і змена ўлады ў Беларусі), можна доўга спекуляваць на Г і Д (адказнасць Беларусі і кампенсацыі), але гэта застанецца толькі абмеркаваннямі.

А якой думкі па пытанні кампенсацый прытрымліваецеся вы? Падзяліцеся сваімі думкамі ў каментарах.

 

Павел Латушка - кіраўнік НАУ Арцём Брухан - аналітык НАУ

Comments


bottom of page