Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол
Як і любы дыктатар, перакананы ў грандыёзнасці і выключнасці сваёй асобы, Лукашэнка безумоўна думае пра тое, што будзе пасля яго. Пра тое, як сябе ўвекавечыць, пра сваю спадчыну.
У той жа час Лукашэнка, асабліва з 2020-га года, сямімільнымі крокамі разбурае беларускі суверэнітэт праз праект г. зв. Саюзнай дзяржавы*. Але ў галаве дыктатара гэты праект па разбурэнні беларускай дзяржавы выдатна жыве з перакананнем, што менавіта ён, як першы прэзідэнт, з'яўляецца стваральнікам гэтай самай дзяржавы і што гэта і ёсць яго галоўная спадчына.
Адсюль жа і яго нездаровая гігантаманія з мегапраектамі накшталт БелАЭС, ядзерная зброя, мары аб ядзернай дзяржаве, палацы і рэзідэнцыі, якімі ён замяняе сабе помнікі пры жыцці. Перапісванне Канстытуцыі, законаў, прапісванне для сябе разнастайных гарантый — усё гэта з той жа оперы. Адтуль жа і яго захапленне Гітлерам.
Вось і гісторык Аляксандр Фрыдман звярнуў увагу на тэрмін «жыццёвая прастора» ў лексіконе Лукашэнкі, які ў сучаснай гісторыі як раз асацыюецца з канцэпцыяй «жыццёвай прасторы», якой кіраваліся нацысты.
Вось толькі нічога з гэтага беларусы не «купляюць». І «народную любоў», пра якую марыць Лукашэнка, яму даводзіцца ўдзёўбваць дубінкамі сілавікоў, масавым тэрорам, катаваннямі ў турмах.
Але колькі б Лукашэнка ні планаваў утрымліваць уладу ці нават проста пражыць, ён можа быць упэўненым у дзвюх рэчах:
Яго будуць пераследаваць да самага канца яго жыцця — палітычнага ці біялагічнага — за ўсе ўчыненыя ім злачынствы. Якія не маюць тэрміну даўнасці.
Ён абавязкова ўвойдзе ў гісторыю — як самы пагарджаны беларускім народам персанаж. І гэта адзіная спадчына, якую ён пасля сябе пакіне.
І вядома ж, мы будзем рабіць усё, што ад нас залежыць, каб Лукашэнка кожны дзень прачынаўся з думкай пра гэта — у турэмнай камеры. Дзе яму і яго «спадчыне» самае месца.
* Рэкамендуем да чытання даклад аналітыкаў НАУ «Саюзная дзяржава як інструмент прыкрыцця імперскай палітыкі Расіі».
Comments