top of page

Ці вылечаць Лукашэнку?


Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол

У пачатку траўня быў апублікаваны сусветны рэйтынг сістэм аховы здароўя Health Care Index за 2024 год. Беларусь у ім размясцілася на 88 месцы з 94.

Тэма сацыяльнай дзяржавы, часткай якой безумоўна з'яўляецца і сфера аховы здароўя — адзін з прыярытэтных наратываў прапаганды рэжыму Лукашэнкі. На гэтай важнай тэме рэжым неаднаразова спекулюе, выстаўляючы жаданае за існае. Але пры гэтым ён дапускае прынцыповую памылку: замест рэальнага павышэння эфектыўнасці медыцыны ў Беларусі, рэжым імкнецца зрабіць прапагандысцкую аўру ўнікальнага становішча лекараў у Беларусі, якім зайздросціць ледзьве не ўвесь свет.

Давайце прааналізуем, якія перспектывы будуе рэжым Лукашэнкі для сістэмы аховы здароўя. І істотны аспект у гэтым пытанні — колькасць спецыялістаў, якія будуць працаваць у сферы медыцыны заўтра. Ці матываваная сёння моладзь у Беларусі ісці ў медыцыну? Ці будзе папаўняцца сістэма аховы здароўя новымі кадрамі?

Адшукаць адказ на гэтыя пытанні нам дапаможа новая рэдакцыя закона «Аб ахове здароўя», апублікаваная ў лістападзе мінулага года. Сярод новаўвядзенняў закона, у прыватнасці, павелічэнне тэрмінаў навучання ў ардынатуры і працягласці адпрацоўкі пасля яе заканчэння. Тэрмін адпрацоўкі вырас з двух да пяці гадоў, у тым ліку для будучых спецыялістаў, якія навучаюцца завочна, а за сыход з вучобы ў ардынатуры або пры адлічэнні лекару прыйдзецца пакрыць выдаткі на навучанне больш чым у двухразовым памеры. 

Сістэма размеркавання медыкаў, як і многіх іншых маладых спецыялістаў — удасканаленая схема рабства. І гэта не стварае перадумоў для павелічэння колькасці лекараў у краіне або павышэння якасці медыцыны. Скончыўшы навучанне ў ВНУ і ардынатуры, выпускнікі, якія трапілі па размеркаванні на адпрацоўку ва ўмоўную паліклініку на нізкую зарплату, асабліва «на старце», па сутнасці трапляюць у рабства: зарплата не дазваляе сабраць дастатковую колькасць сродкаў на пакрыццё кошту навучання ў выпадку звальнення і спецыялісты аказваюцца прывязаныя да працоўнага месца, не маючы права выбару. Ці будуць заматываваны спецыялісты эфектыўна працаваць, не маючы выбару?

Праблему недахопу медыцынскага персанала ў бальніцах, паліклініках, установах аховы здароўя дыктатар прапануе развязваць павелічэннем нагрузкі на лекараў. Не, не стварэннем спрыяльных умоў для прыходу кваліфікаваных спецыялістаў у сферу медыцыны, а павелічэннем нагрузкі на і так перагружаных спецыялістаў.

Сістэма аховы здароўя Беларусі — найважнейшая сфера сацыяльнай палітыкі дзяржавы. Менавіта ад таго, як працуе ахова здароўя ў краіне, залежыць працягласць жыцця насельніцтва, наша здароўе, здароўе нашых бацькоў, бабуль і дзядуляў, нашых дзяцей — будучыні нашай краіны. І беларускія медыкі — гонар краіны.

Шматлікія даследаванні ў сферы медыцыны, самаадданая праца на карысць беларусаў тысяч прадстаўнікоў сферы аховы здароўя паўплывала на тое, што ў Беларусі праводзяцца ўнікальныя аперацыі. Але ёсць істотная праблема: гэта адбываецца не дзякуючы, а насуперак палітыцы рэжыму. І замест таго, каб паляпшаць рэальнае становішча спраў, каб ствараць умовы для прыцягнення ў сістэму аховы здароўя спецыялістаў, рэжым толькі ўзмацняе прапагандысцкую рыторыку і спрабуе на словах — не справай — растлумачыць медыкам, як ім добра жывецца. 

Лукашэнку хвалюе толькі ўласнае здароўе і здароўе набліжаных да яго людзей. І толькі пра яго — а не пра ахову здароўя насельніцтва — ён гатовы клапаціцца. А ўсе астатнія пытанні, на думку Лукашэнкі, зможа развязаць прапаганда.

 

Bình luận


bottom of page