Павел Латушка пра стратэгію перамен
Мы не маем права забыцца пра тых, хто страціў сваё жыццё ў барацьбе за свабодную, вольную, незалежную Беларусь. Нажаль, яшчэ яна ні вольная, ні свабодная. І, на жаль, сёння мы канстатуем, што ёсць вялікая пагроза таго, што Беларусь можа страціць сваю незалежнасць і суверэнітэт.
І вось пытанне: «Ці будуць гэтыя перамены? Ці яны адбудуцца? Ці мы верым у тое, што яны будуць?». Не ведаю, як кожны з вас адкажа на гэтае пытанне, я — веру. Нам вельмі важна не здавацца.
Мы павінны зразумець наступнае: стратэгічным партнёрам для нас з’яўляецца і, перакананы, заўсёды будзе з’яўляцца Украіна, якая сёння вядзе барацьбу за сваю свабоду і незалежнасць, якой дапамагаюць нашы ваяры. Для нас вельмі важна падтрымліваць іх, падтрымліваць Украіну.
Для нас вельмі важна дабівацца дэакупацыі Беларусі — гэта стратэгічнае пытанне для нас. Дэакупацыя можа адбыцца міжнародным шляхам, выкарыстоўваючы ўсе магчымасці дэмакратычных сілаў Беларусі дзеля таго, каб пытанне Беларусі не знікла з міжнароднага парадку дня. І прызнанне факта акупацыі, якое адбылося і з боку кіраўніцтва Украіны, і з боку кіраўніцтва Літвы, таксама вельмі важна. Важна, бо ў нас паўстае міжнароднае права дэакупаваць нашу зямлю.
Падчас пасяджэння Аб’яднанага Пераходнага Кабінету ў чацвер я ўнёс прапанову выпрацоўкі як стратэгічнага падыходу нашых узаемаадносінаў, стратэгіі развіцця ўзаемаадносінаў з Украінай, так і канкрэтна паўстання прадстаўніцтва Аб’яднанага Пераходнага Кабінету ў Кіеве. Гэта з’яўляецца для нас сёння прыярытэтнай задачай.
Мы павінны ўзмацняць ціск на дыктатара. І тут пытанне таксама да нашых партнёраў у Еўропе і ЗША: наколькі яны гатовы прыняць для сябе адназначнае рашэнне, што незалежная Беларусь — гэта вартасць, каштоўнасць, якой гандляваць нельга. Гэта тая фактычна пазіцыя, якая не падлягае дыскусіям. Беларусь павінна быць незалежнай еўрапейская дзяржавай.
І, калі яны гатовы нам дапамагаць, то мы чакаем, што яны будуць прыцягваць да крымінальнай адказнасці як самога Лукашэнку, так і ўсіх, хто яму дапамагае. Бо ўжо два гады мы дабіваемся адказнасці па ўніверсальнай крымінальнай юрысдыкцыі тых, хто гвалтаваў беларусаў. На жаль, гэтыя справы ўсе перапыненыя, альбо «знаходзяцца ў працэсе».
Хопіць «працэсаў»! Патрэбны вынікі! Вынік — гэта міжнародны трыбунал па злачынствах супраць чалавечнасці, які зрабіў Лукашэнка.
Калі мы будзем разам, калі мы будзем аб’яднаныя, калі мы будзем гатовыя да дзеянняў, я перакананы, што перамены бліжэй, чым на сёння здаецца.
Жыве Беларусь і Слава Украіне!
Comments