top of page

Цяперашнія санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі не адпавядаюць маштабу рэпрэсіяў


П. Латушка
П. Латушка

Крыніца: “Wyborcza”

«На Лукашэнку цісне Кітай, і кітайцам не падабаецца цяперашняя сітуацыя на польска-беларускай мяжы, бо яна стварае пагрозу для транзіту іх тавараў. Нават закрыццё аднаго чыгуначнага пераезду было б вялікім ударам па Лукашэнку і Пуціне», — кажа ў інтэрв’ю газеце «Wyborcza» адзін з лідэраў беларускай апазіцыі Павел Латушка.

Павел Латушка, беларускі апазіцыянер, былы амбасадар Беларусі ў Польшчы, намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення сустрэўся ў аўторак (16 студзеня) з падляскім ваяводам. Напярэдадні ён размаўляў і з падляскім маршалкам. Яго суправаджалі прадстаўнікі беларускай дыяспары і беларускай меншасці.

Падляшша — прыфрантавы край?

Гэтым разам Латушка прыехаў у Беласток пасля таго, як на мінулым тыдні прэзідэнт-элект Беларусі Святлана Ціханоўская сустрэлася ў Варшаве з мэрам сталіцы Рафалам Тшаскоўскім, міністрамі замежных і еўрапейскіх спраў, прэзідэнтам Анджэем Дудам і спікерам Сейма Шымонам Галоўням. Яна таксама вяла ў польскай сталіцы паседжанне Аб'яднанага Пераходнага Кабінета. Абмяркоўваліся планы на 2024 год, у тым ліку пошук шляхоў вызвалення палітвязняў і сёлетняя кампанія папулярызацыі «еўрапейскага выбару беларусаў». У Варшаве Ціханоўская заклікала новыя ўлады Польшчы «зрабіць усё магчымае, каб Беларусь “не стала суцяшальным прызам Крамля”».

Пасля сустрэчы ў панядзелак (15 студзеня) паміж Паўлам Латушкам і падляскім маршалкам Артурам Касіцкім (PiS) маршалкоўская канцылярыя напісала ў прэс-рэлізе: «Да нядаўняга часу сродкі Еўрасаюза з трансгранічных праграм дазвалялі рэалізаваць важныя, але дарагія польска-беларускія праекты. Ад пачатку агрэсіі Расіі супраць Украіны і пераходу рэжыму Аляксандра Лукашэнкі на бок агрэсара фінансаванне гэтых праектаў было прыпыненае. Ад гэтага прайграла не толькі Беларусь, але і Падляшша. Аднак ваяводскія ўлады бачаць магчымасць атрымання сістэмнай сталай фінансавай дапамогі ад Еўрасаюза на мэты, звязаныя з польска-беларускімі праектамі. Іх праект прадставіў маршалак Касіцкі, які таксама з'яўляецца старшынёй Камісіі па справах Усходняй Польшчы (аб'яднанне пяці ваяводстваў усходняй сцяны і рэгіёну Мазавецкага ваяводства). Маршалак патлумачыў:

— Гаворка ідзе пра тое, каб прызнаць гэтыя ваяводствы [на ўсходзе Польшчы] прыфрантавымі рэгіёнамі. Калі б мы атрымалі такі статус, то маглі б разлічваць на сістэмнае супрацоўніцтва з ЕС. У нас ёсць фінансавыя праграмы, накіраваныя на нацыянальныя меншасці, але справа не ў гэтым. Тут патрэбны большы маштаб і грошай, і дзеянняў. Да таго ж гэта два розныя пытанні: нацыянальная меншасць і дыяспара.

Як стала вядома, пазіцыя адносна прызнання ваяводстваў усходняй сцяны прыфрантавымі рэгіёнамі ўжо падрыхтаваная. Гаворка ідзе пра асаблівую падтрымку на ўзроўні ЕС для чатырох рэгіёнаў усходняй Польшчы: Падляскага, Люблінскага, Падкарпацкага і Вармінска-Мазурскага ваяводстваў.

У гэтым кантэксце ў прэс-рэлізе маршалкоўскай канцылярыі пасля сустрэчы з Латушкам адзначаецца: «Маршалак таксама атрымаў ад Паўла Латушкі абяцанне, што лідары ​​беларускай апазіцыі будуць шукаць падтрымкі гэтых ідэй сярод прадстаўнікоў уладаў ЕС».

Смерць чарговага палітвязня

Вадзім Храсько
Вадзім Храсько. Фота: prisoners.spring96.org

Між тым на мінулым тыдні ў Беларусі памёр чарговы палітвязень — 50-гадовы Вадзім Храсько ў віцебскай калоніі. У зняволенні ён быў цяжка хворы, яму не аказалі своечасова медыцынскую дапамогу. Гэта ўжо чацвёртая вядомая смерць палітвязня ў лукашэнкаўскіх турмах. Рэжым Лукашэнкі ўтрымлівае каля 1500 палітычных зняволеных у нечалавечых умовах і кожны дзень падвяргае іх катаванням і рабскай працы. Сярод іх актывіст Саюза палякаў на Беларусі, карэспандэнт газеты «Wyborcza» Анджэй Пачобут, які быў арыштаваны ў сакавіку 2021 года. У лютым мінулага года суд у Гродне прысудзіў яго да васьмі гадоў калоніі нібыта за «распальванне варожасці» і «тэрарыстычную дзейнасць». Рэальнай падставай для арышту і палітычнага працэсу, зрэжысаванага беларускімі ўладамі, стала яго журналісцкая і грамадская дзейнасць. Яго адправілі ў турму ў Наваполацку, адкуль зрэдку даходзяць абрыўкі інфармацыі пра яго становішча, уключаючы яго здароўе.

Мяркуецца, што цяпер у Польшчы пражывае 250 тысяч беларусаў і беларусак (з Беларусі). Амаль палова з іх працуе па грамадзянска-прававых дамовах. Многія з іх кіруюць уласнымі кампаніямі. Каля 26 тысяч беларускіх дзяцей вучацца ў польскіх школах, а больш за 20 тысяч студэнтаў вучацца ў польскіх ВНУ. Вялізная частка беларускіх эмігрантаў жыве ў Падляскім ваяводстве, дзе знаходзіцца самая вялікая беларуская меншасць у Польшчы. Агулам, паводле апошняга перапісу насельніцтва, у Польшчы 54,3 тысячы чалавек заявілі пра сваю прыналежнасць да беларускай нацыянальнасці. 

Патрэбная канкрэтная стратэгія дзеянняў

Мы размаўлялі з Паўлам Латушкам у аўторак (16 студзеня) з нагоды яго сустрэчы з падляскім ваяводам Яцэкам Бжазоўскім.

Мацей Халадоўскі: Якія канкрэтна дзеянні, на думку Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, мусіць прыняць у дачыненні да Беларусі новы ўрад Польшчы?

Павел Латушка: — Перш за ўсё, гаворка ідзе пра распрацоўку канкрэтнай стратэгіі дзеянняў. Падтрымка, выказаная словамі праз заявы ў СМІ або прыняцце рэзалюцый, вельмі важная, але самае галоўнае — гэта канкрэтныя дзеянні. У гэтай стратэгіі на першым плане павінны стаяць пытанні, звязаныя з крымінальнай адказнасцю Лукашэнкі. За трыццаць гадоў свайго кіравання ён адказны за мноства злачынстваў, за здзяйсненне якіх яму не было прад'яўлена ніякіх абвінавачанняў. Пасля 2020 года [пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў] яго павінны ў першую чаргу абвінаваціць у злачынствах, учыненых у выніку ягоных дзеянняў. Ахвяраў не менш за 136 тысяч. Сюды ўваходзяць згвалтаванні і палітычныя забойствы. Мы даказалі, што Лукашэнка здзейсніў ваенныя злачынствы, калі гаворка вядзецца пра дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый. Ён павінен паўстаць за іх перад Міжнародным крымінальным судом у Гаазе, і шмат што залежыць ад таго, якія дзеянні можа распачаць польскі ўрад, які можа стаць нашым адвакатам, калі да гэтага дойдзе. Неабходны ордэр на яго арышт. Больш за тое, мы чакаем увядзення сур'ёзных санкцый супраць лукашэнкаўскай Беларусі. Да гэтага часу яны былі мяккімі і расцягнутымі ў часе. Гэта дазволіла яму лёгка прызвычаіцца да іх і нават зарабіць на абыходзе санкцый. У сувязі з парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі неабходна ўвесці жорсткі пакет санкцый, у тым ліку на ўсю прадукцыю, якая вырабляецца ў беларускіх турмах, дзе, у тым ліку, паміраюць палітвязні .

У ХХІ стагоддзі Лукашэнка прымушае вязняў у турмах працаваць як рабоў, а тавары, вырабленыя ў выніку такой працы, едуць на продаж у ЕС. Прапановы пакета санкцый датычна гэтага пытання таксама ўжо перададзеныя польскаму боку. Яшчэ трэба падтрымліваць незалежныя беларускія СМІ, якія працуюць за межамі Беларусі, у якіх ужо няма сродкаў. Таксама трэба ўвесці санкцыі ў дачыненні да саюзнай дзяржавы, якой з’яўляецца Саюз Беларусі і Расіі на чале з Лукашэнкам як старшынём і Пуціным як яго намеснікам. Для нас гэта важна, таму што Саюз Беларусі і Расіі выкарыстоўваецца для ліквідацыі незалежнасці Беларусі.

Што павінна зрабіць Польшча, каб вызваліць палітвязняў у Беларусі, у тым ліку Анджэя Пачобута?

— Перш за ўсё, ўвесці санкцыі, пра якія я казаў. Польшча можа ўзначаліць групу лабістаў унутры ЕС. Зараз вядуцца размовы пра тое, што будзе пасля вайны ва Украіне. Ідэя заключаецца ў тым, каб прызнаць наш Аб'яднаны Пераходны Кабінет бокам у гэтых перамовах, але ён таксама можа быць прадстаўлены нашымі партнёрамі – напрыклад, Польшчай. Інакш Беларусь прададуць Расіі.

Што тычыцца непасрэдна палітвязняў, то Лукашэнка не хоча іх вызваляць. З кожным днём у турмы трапляе ўсё больш людзей. Іх вызваленне магчымае толькі шляхам канфідэнцыйных перамоваў праз пасярэднікаў, каб спачатку скласці гуманітарны спіс, гэта значыць спіс цяжкахворых зняволеных, у тым ліку анкахворых, жанчын і непаўналетніх. Пры гэтым трэба ўзмацняць ціск на Лукашэнку, каб яму было балюча. Цяперашнія санкцыі не адпавядаюць маштабу рэпрэсій. Трэба памятаць, што Лукашэнка не быў, не ёсць і не будзе гарантам незалежнасці Беларусі. Таксама важна памятаць, што калі афіцыйныя перамовы з Лукашэнкам пачнуцца зараз, то яны скончацца ўдарам у спіну суразмоўцам. І гэта будзе ўспрынята беларусамі, якія выступаюць супраць Лукашэнкі, якія сядзяць у турмах і якіх катуюць, як здрада. У такой сітуацыі, калі свет чакае, што беларусы зноў выйдуць на вуліцы, яны гэтага не зробяць, таму што адчуюць сябе здраджанымі і не будуць мець матывацыі ў вырашальны момант.

Кажуць, ёсць праблемы з легалізацыяй знаходжання беларусаў у Польшчы? На чым яны палягаюць?

—  Мы абмяркоўвалі гэтую праблему ў Міністэрстве ўнутраных спраў і адміністрацыі, а таксама з ваяводамі, у тым ліку ў Падляскім ваяводстве. Самая галоўная праблема — пашпарты. Лукашэнка забараніў беларусам працягваць тэрмін іх дзеяння за мяжой. Таму людзі застаюцца без дакументаў або вымушаныя вяртацца ў Беларусь, дзе іх затрымліваюць і асуджаюць па вяртанні. Лукашэнка хоча адсекчы гэтую частку грамадства, як бы сказаць ім, што яны яму не патрэбныя, што яны яму здрадзілі. Неабходна выдаваць праязныя дакументы беларусам, якія знаходзяцца ў Польшчы, на тры гады, як і адпаведныя дакументы дзецям, народжаным па-за межамі Беларусі. Трэба ўвесці спрашчэнне візавага рэжыму для тых, хто хоча выехаць з Беларусі, але і дапамагчы тым, хто хоча патрапіць сюды, у Польшчу, напрыклад, з Грузіі, дзе ў чалаека сканчваецца тэрмін законнага знаходжання і ён можа быць дэпартаваны ў Беларусь.

Мы стварылі працоўную групу з Міністэрствам унутраных спраў і адміністрацыі, у рамках якой будзем вырашаць гэтыя праблемы. Новы кіраўнік польскага МЗС таксама запэўніў у сваёй дапамозе. Больш за тое, Польшча можа быць лідэрам у выпрацоўцы новай стратэгіі адносна Беларусі дзякуючы таму, што кіраўніком гэтага міністэрства з’яўляецца Радаслаў Сікорскі, які мае вялікі досвед у еўрапейскай і ўсходняй палітыцы.

Як, на Вашу думку, Лукашэнка будзе надалей разыгрываць карту міграцыйнага крызісу на мяжы з Польшчай?

Беларуская маніфестацыя на Дзень Волі, Варшава, 2023 год
Беларуская маніфестацыя на Дзень Волі, Варшава, 2023 год. Фота: Andrew Keymaster, Unsplash

— На Лукашэнку цісне Кітай, а кітайцам не падабаецца цяперашняя сітуацыя на польска-беларускай мяжы, бо гэта стварае пагрозу для транзіту іх тавараў, напрыклад, у Нямеччыну, а таваразварот Кітаю з Нямеччынай вылічаецца сотнямі мільярдаў еўра штогод.

Па-ранейшаму неабходны пастаянны ціск у гэтым плане з боку Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі, а таксама Фінляндыі. Рашэнне аб сітуацыі на гэтай мяжы знаходзіцца ў руках Пуціна. Калі ён усё ж захоча нагнятаць гэтую сытуацыю, то Лукашэнка па-ранейшаму будзе ягонай марыянэткай у гэтым плане. Закрыццё аўтамабільных памежных пераходаў з Беларуссю з польскага боку было не самым эфектыўным рашэннем (цяпер на мяжы з Беларуссю на Падляшшы няма ніводнага памежнага пераходу). Нават закрыццё аднаго чыгуначнага пераезду было б ударам па Лукашэнку і Пуціну. Прынцыпова важна ўвесці санкцыі на гандаль таварамі, а не на перамяшчэнне звычайных грамадзян.


Comments


bottom of page