18.11.2024
Прамова Паўла Латушкі, намесніка кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета і кіраўніка Народнага антыкрызіснага кіравання.
На канферэнцыі «Пасля выбараў у ЗША: будучыня еўрапейскай бяспекі і трансатлантычнага супрацоўніцтва», арганізаванай «Gazeta Wyborcza» і Цэнтрам амерыканскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта, на панэльнай дыскусіі «Спыніць захад дэмакратыі. Выбары ў ЗША і правы чалавека ва ўсім свеце».
Мы не хочам быць дэсертам на абедзеным стале Пуціна, бо зараз усе гавораць пра Украіну, і гэта безумоўна важна, але ніхто не згадвае Беларусь.
Здаецца, усе забываюцца, што Беларусь мяжуе з Латвіяй, Літвой, Польшчай і Украінай. Гэта больш за 2 000 кіламетраў мяжы. Рашэнне праблемы вайны Расіі супраць Украінай без уліку сітуацыі ў Беларусі не азначае вырашэнне праблемы бяспекі для Польшчы і ўсёй Еўропы.
Да гэтага часу няма стратэгіі для Беларусі, і нават няма намераў яе распрацоўваць. Стратэгія неабходна, і яна павінна быць комплекснай. Каб зразумець, на чым яна павінна базавацца, трэба адрозніваць беларускае грамадства ад расійскага. Паводле сацыялагічных даследаванняў, 65% беларусаў хочуць жыць у дэмакратыі, а 97% хочуць незалежную Беларусь. Наадварот, большасць расіян падтрымліваюць вайну, у той час як большасць беларусаў — не. Большасць беларусаў не падтрымліваюць Лукашэнку, у той час як большасць расіян падтрымліваюць Пуціна.
Калі для Беларусі і беларускага грамадства не будзе выпрацавана правільная стратэгія, то праз некалькі гадоў мы можам убачыць салдатаў беларускага паходжання, але ўжо ў расійскай форме, на межах Польшчы, Літвы і Латвіі, гатовых атакаваць межы Еўрапейскага саюза.
Калі заканчваецца дэмакратыя, пачынаецца вайна. Беларусы — гэта народ з дэмакратычным мысленнем. Мы бачылі гэта шмат разоў, і гэта стала абсалютна зразумела ў 2020 годзе. Большасць беларусаў хочуць дэмакратыі і падтрымліваюць дэмакратычныя змены ў краіне.
Але, сапраўды, нам яшчэ не атрымалася ўсталяваць дэмакратыю. Мы павінны прызнаць, што недаацанілі дыктатара Лукашэнку і ягоны рэжым, і тое, на што яны гатовыя пайсці, каб застацца ва ўладзе: гвалт, забойствы, катаванні, масавыя рэпрэсіі і злачынствы супраць чалавечнасці. Сотні тысяч злачынстваў. Дзясяткі забітых. Тысячы палітычных зняволеных. Дзясяткі тысяч палітычна матываваных крымінальных спраў. Самыя масавыя рэпрэсіі ў Еўропе за апошнія 50 гадоў. Практычнае ператварэнне рэжыму Лукашэнкі ў таталітарны. Гібрыдная вайна супраць ЕС. І поўнамаштабная вайна супраць Украіны, у якой рэжым Лукашэнкі ўдзельнічаў і працягвае ўдзельнічаць.
Прызнаючы, што адказнасць за будучыню Беларусі ляжыць на беларускім грамадстве, важна таксама зразумець: якія памылкі былі дапушчаны нашымі заходнімі партнёрамі? Памылка заключалася ў тым, што ніхто не хацеў бачыць, куды ўсё гэта вядзе. Гэта велізарная стратэгічная памылка, якую Захад, на жаль, працягвае рабіць і сёння. Памылка ў тым, што лічаць, нібы аўтарытарныя, дыктатарскія рэжымы могуць прайсці праз эвалюцыйную перамену. Не, яны імкнуцца да таталітарызму і вайны. Таму што вайна — гэта самы надзейны спосаб кантраляваць грамадства.
Я магу прадказаць, што магчымы перамір'е ў вайне адбудзецца. Расійская прапаганда і прапаганда Лукашэнкі прадставяць гэта як сваю перамогу, што ўмацуе ў расійскім грамадстве перакананне, што сілай можна прымусіць Захад саступіць. Што будзе далей? Гэта матывуе расійскае грамадства зноў пачаць агрэсію супраць Украіны і дестабілізаваць Захад. У гэтай сітуацыі Беларусь адыгрывае ролю стратэгічнага балкона. Але Беларусь — гэта не толькі Лукашэнка, гэта таксама беларускі народ, большасць якога выступае супраць вайны.
Беларусы выступаюць супраць гэтага. Нават у разгары масавых рэпрэсій, калі пачалася вайна паміж Расіяй і рэжымам Лукашэнкі супраць Украіны, беларусы выходзілі на пратэсты. Многія беларусы далучыліся да шэрагаў добраахвотнікаў, каб змагацца на баку Украіны. Беларусы ўдзельнічалі ў партызанскай дзейнасці, перашкаджаючы перасоўванню расійскіх войскаў па чыгуначных дарогах, выведзелі з ладу расійскі самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення А-50, які накіроўваў авіяўдары па Украіне.
Але беларусы не могуць змагацца адны. І тым больш яны не могуць гэта рабіць, калі Захад працягвае паводзіць сябе нерашуча. Беларусы ніколі не прасілі вайсковай дапамогі. Вайсковая дапамога неабходна Украіне, і ў значна большых аб'ёмах і лепшай якасці, чым яна прадстаўляецца на дадзены момант.
Мы заклікалі да жорсткіх санкцый, настойвалі на тым, каб іх не адкладвалі, заклікалі да гарманізацыі санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі і Расіі за вайну. Мы таксама заклікалі да выкарыстання юрыдычных і судовых інструментаў — міжнароднай крымінальнай адказнасці для дыктатара Лукашэнкі і яго атачэння за здзейсненыя імі злачынствы.
На працягу дзесяцігоддзяў Захад назіраў за трансфармацыяй рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі. Захад абманваўся яго хлуснёй і касметычнымі мерамі, фальшывымі «адлігамі». Сёння мы бачым, да чаго гэта прывяло. І я заклікаю вас — не верце яго хлусні зноў. Гэты рэжым павінен быць ліквідаваны.
Калі заканчваецца дэмакратыя, пачынаецца вайна. Дэмакратычная Беларусь, Беларусь без Лукашэнкі, ніякім чынам не можа ўяўляць пагрозу для Украіны ці Еўропы.
Рэжым Лукашэнкі ўяўляе сабой пастаянную пагрозу для еўрапейскай бяспекі. І не толькі для Еўропы — бо сёння Беларусь не толькі размяшчае ваенныя аб'екты, але і расійскія ядзерныя ўзбраенні. Гэта факт. Але ключ да бяспекі таксама знаходзіцца ў Беларусі. У дэмакратычнай Беларусі.
Пакуль у Беларусі існуе дыктатура, а Беларусь застаецца ў «сферы ўплыву» Расіі, Захад будзе заставацца ў небяспецы. У 2025 годзе рэжым Лукашэнкі і Расія плануюць правесці найбольшыя сумесныя ваенныя вучэнні — «Запад - 2025». І, думаю, не трэба нагадваць, да чаго прывялі іх сумесныя вучэнні ў лютым 2022 года.
Сёння мы бачым, якія вялізныя рэсурсы суседнія краіны, у тым ліку Польшча, вымушаныя ўкладваць у ахову межаў, унутраную бяспеку і абарону ад агрэсіі рэжыму Лукашэнкі. Так, у бягучай сітуацыі гэта ўжо абсалютная неабходнасць.
Стратэгія бяспекі будзе недастатковай, калі нашы парнёры не будуць адначасова ўкладацца ў падтрымку беларускага грамадства. Большасць якога супраць агрэсіі. Але беларускае грамадства нельга пакідаць змагацца адно супраць рэжыму Лукашэнкі і Расіі.
Таму сёння, кажучы аб бяспецы Еўропы і Захаду, я ўпэўнены, што мы павінны гаварыць пра комплексную стратэгію, якая павінна ўключаць актыўную працу з беларускім грамадствам. Гэта ўключае падтрымку незалежных СМІ, прызнанне і падтрымку альтэрнатыўных інстытутаў (Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, Каардынацыйнай Рады), прыцягненне дыктатара да адказнасці для матывацыі грамадства, а таксама для расколу эліт. Вельмі важным крокам стаў зварот Літвы ў Міжнародны крымінальны суд наконт трансгранічных злачынстваў, здзейсненых рэжымам Лукашэнкі. Мы чакаем падтрымкі і аналагічных крокаў ад польскага і іншых еўрапейскіх урадаў.
Адна з самых важных стратэгічных мэтаў — дасягненне дэмакратычнай Беларусі па-за сферай уплыву Расіі, як неад'емнай часткі еўрапейскай супольнасці і рэгіянальнай сістэмы бяспекі.
Для гэтага мы нарэшце павінны быць гатовыя прызнаць: дэмакратызацыя Беларусі азначае ліквідацыю рэжыму Лукашэнкі. Гэта ўжо не павінна быць "чырвонай лініяй". Гэта "чырвоная лінія" — вынік памылковай стратэгіяй, якая доўгі час дамінавала ў заходняй палітыцы.
Заўтра будзе вырашацца лёс Украіны, Еўропы і Беларусі. Ці будзе Беларусь за сталом перамоў? І хто будзе прадстаўляць краіну — Лукашэнка ці дэмакратычныя сілы Беларусі? Хто прадстаўляе беларускае грамадства? Вядома, не Лукашэнка.
Мы настойваем на тым, каб голас дэмакратычнай большасці беларусаў быў пачуты за сталом перамоў.
Час выпраўляць памылкі. Час прыняць праактыўную, а не рэактыўную стратэгію.
У іншым выпадку вайна будзе на мяжах Еўрапейскага Саюза.
Дзякуй за ўвагу.
留言