top of page

Хто адказны за абмежаванні для беларусаў?


Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол

Павел Латушка пра дэструктыўныя дзеянні дыктатара, якія прыводзяць да абмежаванняў для беларусаў

Рэжым Лукашэнкі адкрыта вядзе гібрыдную вайну супраць Польшчы, Літвы, Латвіі. Яшчэ ў 2021 годзе ён арганізаваў міграцыйны крызіс на мяжы з гэтымі краінамі, яго сілавікі курыруюць нелегальных мігрантаў, якія атакуюць памежнікаў, у тым ліку самаробнай зброяй. Месяц таму ў выніку такога нападу быў паранены нажом і пасля памёр польскі вайсковец Матэвуш Сітэк. Агулам 25 польскіх вайскоўцаў атрымалі раненні падчас такіх нападаў. Рэжым закідвае ў суседнія краіны дыверсантаў, якія здзяйсняюць акты сабатажу, падпалы розных аб'ектаў. А галоўнае — рэжым Лукашэнкі з 2022 года з'яўляецца актыўным саўдзельнікам вайны Расіі супраць Украіны.

І цалкам заканамерным з'яўляецца тое, што нашы суседзі прымаюць меры ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі. Вядома, нам, беларусам, хто не падтрымлівае ўсе гэтыя агрэсіўныя дзеянні рэжыму, хто не хоча бачыць на сваёй зямлі расійскіх жаўнераў і ядзерную зброю, хто выступае супраць вайны і саўдзелу рэжыму ў ёй, хто ў прынцыпе выступае супраць гэтага рэжыму, хоча жыць у нармальнай дэмакратычнай краіне і ў міры з суседзямі — нам здаецца несправядлівым, што асобныя захады, якія прымаюць суседзі для гарантавання сваёй бяспекі, закранаюць нас наўпрост. 

І менавіта таму беларускія дэмакратычныя сілы выступаюць за тое, каб падзяляць агрэсіўны рэжым Лукашэнкі і беларусаў. І мы будзем працягваць гэта рабіць.

Мы заўсёды павінны памятаць, якія ў гэтага прычыны. Чыя палітыка, чые агрэсіўныя дзеянні да гэтага прыводзяць. Хто незаконна захапіў уладу ў краіне, хто зладзіў масавыя рэпрэсіі, хто кінуў за краты тысячы людзей і вымусіў пакінуць сваю родную краіну сотні тысяч. Хто вінаваты ў бесчалавечных катаваннях і смерці ўдзельнікаў мірных пратэстаў і палітвязняў. Хто зрабіў з Беларусі плацдарм для ўварвання ва Украіну, хто з'яўляецца саўдзельнікам гэтай вайны і ваенным злачынцам. Хто тэрарызуе суседнія краіны. Гэта рэжым Лукашэнкі.

Мы не можам проста заплюшчыць на ўсё гэта вочы і рабіць выгляд, што нічога не адбываецца. Ці рабіць выгляд, што мы не разумеем, чаму на мяжы Беларусі і ЕС будуецца сцяна, будуюцца абарончыя збудаванні, узмацняецца ахова мяжы. Чаму суседнія краіны ўводзяць абмежаванні на ўезд. 

Цяпер рэжым Лукашэнкі робіць усё, каб давесці сітуацыю да кропкі, калі беларусы не змогуць уязджаць у ЕС. Каб закрыць беларусаў за новай жалезнай заслонай, бо закрытыя для перамяшчэння людзей межы могуць быць толькі ў інтарэсах дыктатуры. Таму што так прасцей хлусіць, прасцей рэпрэсаваць, прасцей існаваць — у ізаляцыі ад цывілізаванага свету.

Лукашэнка з самага першага дня хоча вярнуцца назад у СССР. За жалезную заслону. А лепш — пераўзыйсці «дасягненні» і адразу пераўтварыць Беларусь у другую Паўночную Карэю. 

Спыніць яго ў гэтым і не даць новай жалезнай заслоне ўпасці можам толькі мы, беларусы. Не толькі палітыкі. А ўсе мы. Адных палітычных аргументаў, каб пераканаць партнёраў не закрывацца ад беларусаў, хутка будзе недастаткова. Неабходныя дзеянні. 

Хачу звярнуцца да той часткі беларускага грамадства, якая знаходзіцца за мяжой, у бяспецы. Якая можа дзейнічаць адкрыта.

Не маўчыце. Выказвайце сваю грамадзянскую пазіцыю. Сваю антываенную пазіцыю. Выходзьце на акцыі, якія ладзяць актывісты. Арганізоўвайце іх самі. Будзьце прыкметнымі. Паказвайце цывілізаванаму свету, што беларусы — супраць дыктатуры Лукашэнкі і вайны. Большасць з вас цяпер жыве ў Еўропе. Хай у вымушанай эміграцыі, але вы зрабілі менавіта еўрапейскі выбар. І сёння менавіта вы, знаходзячыся ў дэмакратычных дзяржавах, карыстаючыся свабодай слова і свабодай сходаў, можаце трансляваць гэты выбар унутр Беларусі.

Нашы нацыянальныя інтарэсы — гэта наша агульная справа. Давайце змагацца за іх разам. І разам змагацца з рэжымам, які паставіў сваю смагу ўлады і свае інтарэсы вышэй за нашыя агульныя.

 

Comentários


bottom of page