Калі вы сталі сведкам ваенных злачынстваў марыянетачнага ўрада Лукашэнкі, фіксуйце і дасылайце доказы!
Офіс Генеральнага пракурора Украіны разам з украінскімі і міжнароднымі партнёрамі стварыў рэсурс для належнага дакументавання ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасці, учыненых расійскай арміяй ва Украіне.
Гэтыя злачынствы былі б немагчымыя без падтрымкі з боку камандавання Узброеных Сіл Беларусі. Кожны самалёт, які ўзляцеў з беларускіх аэрадромаў, кожная выпушчаная з тэрыторыі Беларусі ракета, кожная суправаджаная сілавікамі рэжыму калона тэхнікі — самастойны эпізод адной вялікай крымінальнай справы па факце вядзення агрэсіўнай вайны. І ў кожнага такога эпізоду ёсць свае выканаўцы і саўдзельнікі.
Народнае антыкрызіснае ўпраўленне заклікае беларусаў, якія валодаюць звесткамі аб канкрэтных службовых асобах, задзейнічаных у матэрыяльна-тэхнічным і арганізацыйным забеспячэнні расійскага войска на тэрыторыі Беларусі, абслугоўванні тэхнікі агрэсара і іншай дапамогі акупанту, паведаміць пра гэта ўкраінскім уладам.
Каб зафіксаваць ваеннае злачынства на платформе:
1. Пакіньце інфармацыю пра сябе (яна пад надзейнай абаронай).
Увядзіце ФІА, дату нараджэння, адрас электроннай пошты і канал для сувязі. Паколькі беларусы не маюць украінскага нумара тэлефона, увядзіце дзесяць адвольных лічбаў у адпаведнае поле;
2. Пакажыце дату здзяйснення злачынства;
3. Выберыце месца ўчынення злачынства (месца дыслакацыі тэхнікі расійскіх акупантаў на тэрыторыі Беларусі; пункт, адкуль быў праведзены пуск ракеты; аэрадром, з якога ўзлятаюць расійскія самалёты);
4. Абярыце «іншае» (іншае) і апішыце парушэнні з указаннем дакладнага месца і ўсіх дэталяў (тут найбольш важнымі з’яўляюцца звесткі пра беларускіх службовых асоб, якія маюць дачыненне да злачынства: ахоўнікі аб’ектаў, авіядыспетчары, супрацоўнікі ДАІ, камандаванне, пад кіраўніцтвам якога беларускія тэрміноўцы адмываюць расійскую тэхніку ад наступстваў баёў);
5. Загрузіце фота ці відэа.
Задакументаваныя доказы будуць выкарыстаныя для крымінальнага пераследу тых, хто мае дачыненне да злачынстваў у адпаведнасці з украінскім заканадаўствам, а таксама ў Міжнародным крымінальным судзе ў Гаазе і ў спецыяльным трыбунале пасля яго стварэння.
НАУ пераканана, што на лаве падсудных павінны аказацца не толькі расійскія ваенныя злачынцы, але і іх памочнiкi, якія, на жаль, з’яўляюцца ўладальнікамі беларускіх пашпартоў.
Comments