top of page

Усё пад каўпаком Лукашэнкі


Намеснік кіраўніка НАУ Арцём Брухан пра рэпрэсіўныя змены ў так званым заканадаўстве

Лукашэнка хоча загнаць усіх за жалезную заслону і ўвесці татальны кантроль. На гэтым тыдні нелегітымныя ўлады ўнеслі шэраг змяненняў і дапаўненняў у дзейнае так званае заканадаўства, якое тычыцца парадку выезду беларускіх грамадзян за мяжу. Так, быў абноўлены парадак афармлення выезду за мяжу на пастаяннае месца жыхарства. Адным з галоўных змяненняў у працэдуры афармлення выезду на ПМЖ стане ўніверсальная адзнака ў пашпарце, якая цяпер не будзе прывязвацца да адной краіны. Разам з тым, наступным крокам можа стаць абавязак выпускаць за межы Рэспублікі Беларусь толькі ўладальнікаў такой адзнакі альбо дзеючай візы, што можа істотна скараціць свабоду перамяшчэння беларусаў.

Тут варта памятаць, што раней нелегітымныя ўлады абавязалі грамадзян Беларусі паведамляць аб наяўнасці грамадзянства або віду на жыхарства замежнай дзяржавы, а таксама той жа карты паляка. КДБ ужо цяпер можа абмяжоўваць выезд тым, хто знаходзіцца на прафілактычным уліку ў органах дзяржбяспекі, а а таксама тым, чый «выезд супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь».

Акрамя таго, нядаўнія новаўвядзенні закранулі і чыноўнікаў. Так, усіх дзяржслужачых абавязалі браць у кіраўніцтва дазвол на любы выезд за мяжу, няхай гэта будзе турыстычная паездка на моры, экскурсія выхаднога дня, шоп-тур або візіт да сваякоў.

Узгадненне выезду з Беларусі для ўсіх чыноўнікаў, а таксама суддзяў цяпер будзе ажыццяўляцца на падставе заявы, якая падаецца не пазней чым за 10 каляндарных дзён да даты выезду. Хоць у рэальнасці можна выказаць здагадку, што гэтыя тэрміны могуць істотна расцягнуцца, так як названыя дазволы будуць выдаваць выключна кіраўнікі дзяржорганаў, у падначаленні у якіх можа быць да некалькіх тысяч чалавек.

Замест вываду мы можам толькі канстатаваць новую рэальнасць, ад якой ужо не атрымаецца ўцячы нават у тых, хто абраў заставацца ў сістэме. Лукашэнка — гэта агульная праблема для ўсіх без выключэння беларусаў. Рашэнне ў яе толькі адно. Мы, беларусы, заўсёды можам дамовіцца адзін з адным. Тым больш, што мы цудоўна ведаем, якой была нацыянальная згода 2020 года, які шлях усе мы абралі пераважнай большасцю галасоў, і хто парушыў гэтую згоду і скраў наш выбар.

Выбар не змяніўся. Лукашэнка павінен сысці ў нябыт. І сёння гэта разумеюць нават тыя, хто пабаяўся выступіць на баку народа ў 2020 годзе.

Comments


bottom of page