Выступ кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі на сайд-івэнце «Беларуская сітуацыя ў МКС: юрысдыкцыя МКС і неабходнасць падтрымкі дзяржамі-удзельніцамі» ў рамках 23-й сесіі Асамблеі Міжнароднага крымінальнага суда
2 снежня 2024 года, Гаага
Паважаны кіраўнік міжнароднага прадстаўніцтва Міністэрства юстыцыі Літвы, спадар Дзіковіч, прадстаўнікі дзяржаў-удзельніц МКС.
Паважаныя арганізатары і дакладчыкі, паважаныя госці,
Перш за ўсё, дзякуй за прыцягненне ўвагі да Беларусі і злачынстваў, якія здзяйсняюцца рэжымам як унутры краіны, так і за яе межамі. Гэта першае ў гісторыі мерапрыемства, прысвечанае сітуацыі ў Беларусі, на Асамблеі Міжнароднага крымінальнага суда.
Прайшло чатыры з паловай гады з таго часу, як Беларусь стала арэнай масавых зверстваў... Чатыры гады цяжкіх міжнародных злачынстваў, такіх як масавыя катаванні, бесчалавечнае і прыніжаючае годнасць абыходжанне, згвалтаванні і іншыя формы сэксуальнага гвалту, гвалтоўныя знікненні, адвольныя заключэнні і забойствы…
Усе гэтыя зверствы адбываюцца ва ўмовах поўнай беспакаранасці для злачынцаў.
Рэжым у Мінску стварыў неверагодна эфектыўную машыну для масавага пераследу і рэпрэсій супраць тых, каго яны лічаць «нелаяльнымі». Гэты рэжым распрацаваў і ўкараніў цэлую дзяржаўную палітыку пераследу, увёўшы заканадаўства, накіраванае на дыскрымінацыю так званых нелаяльных, з мэтай, як неаднаразова заяўляў сам Аляксандр Лукашэнка, «ачысціць беларускае грамадства».
Створаная атмасфера страху, тэрору і пераследаў вымусіла каля 300,000 чалавек пакінуць сваю радзіму. Гэта азначае, што кожны трыццаты жыхар пакінуў Беларусь. У іх проста не заставалася іншага выбару. Мы разглядаем усіх гэтых людзей як ахвяр злачынства дэпартацыі, злачынства супраць чалавечнасці.
Аднак беларускія ўлады не спыніліся на выгнанні часткі насельніцтва за межы Беларусі; яны працягваюць пераследаваць беларусаў за мяжой.
Беларусы за мяжой і ў выгнанні падвяргаюцца:
запалохванню і пагрозам гвалтам;
ціску і крымінальнаму пераследу іх сваякоў і сяброў;
судоваму пераследку, а менавіта: крымінальным справам, ініцыяваным па палітычных матывах, завочным судовым працэсам без выканання належных працэдур, канфіскацыі маёмасці;
пазбаўленню іншых фундаментальных правоў.
Мы лічым, што гэтыя дзеянні ў сукупнасці ўяўляюць сабой злачынства супраць чалавечнасці ў форме пераследу, здзейсненае высокапастаўленымі прадстаўнікамі рэжыму за межамі краіны супраць беларусаў у выгнанні.
Такім чынам, 30 верасня Літва стала першай краінай, якая, прытрымліваючыся ідэалаў міжнароднага правасуддзя, скарысталася сваім правам у адпаведнасці з артыкулам 14 Рымскага статута і перадала ў Офіс Пракурора Міжнароднага крымінальнага суда сітуацыю з трансгранічнымі злачынствамі супраць чалавечнасці, здзейсненымі высокапастаўленымі прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі.
Адно з найважнейшых пытанняў сёння: Ці далучацца іншыя краіны да ініцыятывы Літвы ў будучыні?
Практыка паказвае, што далучэнне іншых дзяржаў-удзельніц да звароту мае вялікае значэнне для поспеху гэтага працэсу.
Мы таму заклікаем нашых партнёраў — асабліва Польшчу і Латвію, якія далі прытулак большасці беларускіх бежанцаў, — падтрымаць зварот Літвы, умацаваць гэтыя намаганні па забеспячэнні адказнасці. І я шчыра веру, што сённяшняя выдатная экспертная дыскусія прадаставіць удзельнікам пераканаўчыя аргументы.
Дзякуй!
Comments