Рашэнне аб прызначэнні Уладзіміра Астапенкі прыняла кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Святлана Ціханоўская. Да гэтага часу Астапенка з’яўляўся намеснікам прадстаўніка па замежных справах Кабінета.
Папярэдні кіраўнік Прадстаўніцтва па замежных справах Валер Кавалеўскі падчас пасяджэння Аб’яднанага Пераходнага Кабінета склаў паўнамоцтвы.
Кіраўніца Кабінета Святлана Ціханоўская пракаментавала змены ў кіраўніцтве прадстаўніцтва:
«Удзячная Валеру Кавалеўскаму за тры з паловай гады супольнай працы, спачатку ў Офісе, а потым і ў Кабінеце. Сярод іншага, Валерый Георгіевіч уздымаў пытанне Беларусі на міжнародных форумах і ў арганізацыях, арганізаваў працу Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Бруселі, дапамагаў вырашаць пытанні беларусаў за мяжой.
Сёння на нарадзе Кабінета Валер праінфармаваў пра сваё рашэнне пакінуць пасаду прадстаўніка па замежных справах у Аб’яднаным Пераходным Кабінеце.
Часова выконваць абавязкі прадстаўніка па замежных справах будзе амбасадар Уладзімір Астапенка, кіраўнік Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Бруселі, які таксама быў намеснікам Валера Кавалеўскага».
Уладзімір Астапенка – дыпламат, кандыдат юрыдычных навук. У 2020 годзе падаў заяву аб вызваленні ад пасады Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла Рэспублікі Беларусь у Аргенціне, заявіў пра шматлікія парушэнні асноўных правоў і свабод грамадзян Беларусі, замацаваных у Канстытуцыі краіны і яе міжнародна-прававых абавязацельствах, відавочныя і грубыя фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.
Comments