top of page

Узмоцнены кантроль на мяжы


Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол

Мытнікі еўрапейскіх краін пачалі вяртаць грузавікі з таварамі, якія едуць у Беларусь і Расію

Па дадзеных экспертаў кампаніі па ацэнцы рызык Corisk, у 2022-2023 гадах праз Беларусь толькі ў Расію транзітам прайшлі тавары на суму каля 10 мільярдаў еўра. Але цяпер гэта будзе зрабіць складаней.

Яшчэ 3 ліпеня 2023 года Літва зрабіла больш жорсткім кантроль на мяжы за перамяшчэннем падсанкцыйных тавараў. Літоўскія мытнікі пачалі патрабаваць ад перавозчыкаў прадастаўлення спецыяльнага дакумента, які выдаецца вытворцам для экспарту і рээкспарту тавараў, а гэта значыць, што вытворца будзе абавязаны ведаць і кантраляваць рух вырабленага ім тавару. 

Прапанову аб прыняцці тых жа мер 4 ліпеня 2023 года мы накіравалі асобным лістом у міністэрствы замежных і ўнутраных спраў Польшчы. Гэтыя прапановы ў далейшым былі перанакіраваны ў Міністэрства фінансаў Польшчы. Свае прапановы мы таксама неаднаразова агучвалі падчас розных сустрэч з прадстаўнікамі міністэрстваў замежных спраў Польшчы, Літвы і Латвіі.

Таксама 11 снежня мінулага года мы сустрэліся ў Брусэлі са спецыяльным пасланнікам ЕС па санкцыях і абмеркавалі санкцыйны ціск на рэжым Лукашэнкі, у тым ліку праблемы абыходу ўведзеных абмежаванняў і меры па іх вырашэнні. 

Адначасова такія меры працягнулі ўводзіцца і гарманізавацца на ўзроўні асобных краін. 26 студзеня 2024 года кіраўнікі мытняў Літвы, Латвіі і Эстоніі зацвердзілі пагадненне Балтыйскага рэгіёну аб прымяненні адзіных мер кантролю.

Якія гэта меры? Цяпер, калі груз едзе з Еўропы праз Беларусь і Расію, ён падлягае дадатковым кантролі і на яго неабходныя дадатковыя дакументы:

  1. Груз на мяжы з Беларуссю павінен мець «дэкларацыю вытворцы». Гэта значыць, што еўрапейскія мытнікі будуць дадаткова патрабаваць дакумент, выдадзены вытворцам санкцыйнага тавару.

  2. Перавозчык павінен даказаць, што груз не застанецца ў Беларусі і Расіі. Пры парушэнні гэтага правіла вытворца і перавозчык будуць падлягаць адказнасці, ажно да крымінальнай.

15 лютага 2024 года мы абмеркавалі тэму далучэння Польшчы да механізму кантролю за санкцыямі з намеснікам міністра замежных спраў гэтай краіны, а ўжо 22 сакавіка падчас сустрэчы ў МЗС атрымалі інфармацыю аб далучэнні Польшчы да гэтага механізму.

У выніку да захадаў кантролю санкцый, у якіх удзельнічалі краіны Балтыі, далучылася Польшча. Цяпер мы можам сказаць, што на мяжы ЕС-Беларусь фактычна ўтварыўся адзіны механізм мытнага кантролю за санкцыямі.

 


Comments


bottom of page