Павел Латушка адказаў на частыя пытанні пра санкцыі і патлумачыў, як прымаюцца рашэнні аб іх уводзе і як ажыццяўляецца наступны кантроль за іх выкананнем
Якія інструменты санкцыйнай палітыкі існуюць?
Якая існуе працэдура па ўключэнні таго ці іншага чалавека ў санкцыйны спіс?
Наколькі актыўна Кабінет займаецца гэтым пытаннем?
Хто звычайна трапляе ў санкцыйныя спісы?
У чым сэнс санкцыяў? Як яны працуюць? У беларусаў часта ўзнікаюць пытанні аб санкцыях, увядзенні іх, абыходзе з боку рэжыму і шмат іншага. У гэтым відэа хацеў бы адказаць на частку з пытанняў, якія часта ўзнікаюць.
Напачатку давайце прааналізуем усе магчымыя інструменты санкцыйнай палітыкі і яе абгрунтаванасць з боку нашых партнёраў. Галоўнае, што санкцыі з’яўляюцца інструментам прыцягнення да адказнасці за ажыццяўленне дзеянняў, якія груба парушаюць міжнароднае права, у тым ліку парушэнне правоў чалавека, садзейнічанне вайсковай агрэсіі і г. д.
Санкцыі не з’яўляецца інструментам, які вырашае ўсе праблемы, якія ўзнікаюць з парушэннем міжнароднага права, але гэта дзейны і цывілізаваны інструмент. Бо ўявіце сабе сітуацыю, напрыклад, калі Лукашэнка ажыццявіў захоп грамадзянскага самалёта, то Еўрасаюз, што павінен у адказ захапіць самалёт Белавіа, каб пакараць рэжым?
Ці калі Лукашэнка штучна арганізаваў міграцыйную хвалю ў бок Еўрапейскага саюза, звозячы мігрантаў да мяжы і ўкідваючы іх на польскі ці літоўскі бок, у адказ еўрапейскія ўлады павінны прывезці мігрантаў і ўкідваць іх на тэрыторыю Беларусі? Ці ў адказ на суагрэсію рэжыму Лукашэнкі ўкраінцы і іх саюзнікі павінны ажыццяўляць дзеянні ваеннага характару?
Будзем рэалістамі. Гэта немагчымыя да і незаконныя варыянты дзеянняў у адказ. Таму трэба зразумець, што на сённяшні дзень апрача выкарыстання нормаў міжнароднага права за злачынствы, за якія можа наступаць пакаранне ў рамках міжнароднага права, санкцыі з’яўляюцца важным інструментам уздзеяння на дыктатарскі рэжым.
Важна зразумець таксама, што санкцыі падзяляюцца на інструменты, якія могуць прымяняцца на шматбаковым узроўні і прыкладам чаго з’яўляюцца санкцыі ЕС, альбо на нацыянальным узроўні і прыкладам чаго з’яўляюцца санкцыі ЗША, Вялікабрытаніі, Канады, Швейцарыі, альбо нават асобных краінаў-чальцоў ЕС, заканадаўства якіх прадугледжвае прымяненне нацыянальных інструментаў санкцый. Нарыклад, Польшча, Літва, Латвія карыстаюцца такім інструментам.
Зараз у Чэхіі быў прыняты і пачаў дзейнічаць са студзеня гэтага года новы прававы акт, які ўмоўна можна назваць чэшскім «актам Магніцкага», які дазваляе прымяняць нацыянальная санкцыі Чэшскай рэспублікі.
Не толькі дзяржавы, але і міжнародныя арганізацыі таксама могуць прымяняць санкцыяную палітыку. Апошнім часам ідзе гаворка аб магчымасці выкарыстання санкцый з боку Міжнароднай арганізацыі працы.
Па сваім характары санкцыі таксама падзяляюцца на персанальныя і эканамічныя. Персанальныя тычацца палітыкаў, дзяржаўных асобаў, якія выкарыстоўваюць свае ўладныя інструменты дзеля таго, каб ажыццяўляць незаконныя дзеянні, парушаючы міжнароднае і нацыянальнае права.
Персанальныя санкцыі таксама могуць тычыцца асобаў, якія дапамагаюць уладам фінансаваць рэпрэсіўную палітыку. Гэта так званыя «гаманцы рэжыму». У Еўрапейскім саюзе персанальнымі санкцыямі займаецца Еўрапейская служба знешніх дзеянняў.
Апроч персанальных вылучаць таксама эканамічныя санкцыі, якія з’яўляюцца найбольш дзейным інструментам санкцыйнай палітыкі. У ЕС эканамічнымі санкцыямі займаецца Еўрапейская камісія, таму што еўрапейская камісія адказвае за правілы гандлю.
Якая існуе працэдура па ўключэнні таго ці іншага чалавека ў санкцыйны спіс?
Працэдура прадугледжана заканадаўствам дзяржаў, якія накладаюць санкцый, альбо ў тым ліку наднацыянальным заканадаўствам, як у выпадку з Еўрапейскім саюзам. Акрамя таго, гэтая ўнутраная справа гэтых дзяржаў, і яны пакідаюць за сабой права інфармаваць грамадскасць аб парадку ажыццяўлення гэтай працэдуры.
У прыватнасці, у Еўрапейскім саюзе санкцыі ўводзяцца шляхам прыняцця пастановы (regulation), якая з-за прамога дзеяння з’яўляецца самым жорсткім інструментам рэгулявання ў ЕС. Пастанова становіцца часткай заканадаўства кожнай краіны ЕС неадкладна па ўступленні ў сілу. У залежнасці ад зместу пастановы прымаюцца Саветам ЕС або Еўракамісіяй. Пастановы, якія тычацца санкцый у дачыненні да Беларусі, прымаліся ў першую чаргу Саветам ЕС (Council Regulation).
Канешне непасрэдная ініцыятыва па налажэню санкцый у ЕС належыць краінам-удзельніцам. Любая з іх можа выступіць з ініцыятывай прыняцця санкцый ЕС. Гэтая ініцыятыва таксама належыць Вярхоўнаму прадстаўніку ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі.
Трэба таксама разумець, што Еўрапейскі саюз публікуе прозвішчы асобаў у дачыненні да якіх уводзяцца санкцыі. Аналагічныя дзеянні ажыццяўляюць і іншыя чальцы ЕС, якія прымаюць нацыянальныя санкцыі. Ну, напрыклад, Польшча. Але ў выпадку Злучаных Штатаў Амерыкі прозвішчы асобаў у дачыненні якіх уведзеныя персанальныя санкцыі не публікуюцца.
І тут узнікае пытанне эфектыўнасці персанальных санкцый. Бо калі асоба не ведае, што яна ўваходзіць у санкцыйны спіс, то яна можа даведацца толькі пры спробе атрымаць візу, альбо спробе прыехаць у ЗША.
Наколькі актыўна Кабінет займаецца гэтым пытаннем?
Кабінет пастаянна ўносіць прапановы як у наднацыянальнае органы ЕС, так і ва ўрады краін-удзельніц ЕС, урады іншых дэмакратычных дзяржаў свету (ЗША, Вялікабрытаніі, Швейцарыі, Украіны і г. д.) свае прапановы па ўдасканаленні санкцыйнага рэжыму, пашырэнні санкцыйных спісаў.
Толькі за апошнія некалькі месяцаў гэтыя прапановы былі накіраваны ўпаўнаважаным органам Славеніі, Вялікабрытаніі, ЗША, Чэхіі, Польшчы, Эстоніі, Швецыі, Швейцарыі, Латвіі, Еўрапейскага саюза. У агульнай колькасці намі было прапанавана ўвядзенне персанальных санкцый у адносінах да 340 фізічных асоб, а таксама ўнесены прапановы па накладанні эканамічных санкцый у дачыненні да 13 прадпрыемстваў.
Варта адзначыць, што за гэты час ужо было прынята шэраг рашэнняў санкцыйнага характару ў адносінах да прадстаўнікоў рыжыму Лукашэнкі. Так, нацыянальныя санкцыі ўвяла ў лістападзе 2022 года Польшча. Там за гэтую палітыку адказвае Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы. У гэтам жа месяца санкцыі ў дачыненіі да фізічных асоб і кампаній з Беларусі ўвяла Канада. Таксама нядаўна дадатковыя санкцыі ўвялі ЗША, якія дабавілі яшчэ крыху больш за два дзясяткі чалавек у свой персанальны спіс. У канцы студзеня гэтага года санкцыі ў дачыненні 23 беларускіх прадпрыемстваў увяла Україна.
Зараз рыхтуецца новы пакет санкцый у дачыненні да Беларусі з боку Еўрапейскага саюза, які тычыцца саўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў агрэсіі Расіі супраць Украіны. Дадзены пакет накіраваны на гарманізацыю санкцыйнай палітыкі ў дачыненні Расіі і рэжыму Лукашэнкі. Акрамя таго, ён прадугледжвае персанальныя санкцыі ў дачыненні да асобных прадстаўнікоў вайскова-палітычнага кіраўніцтва рэжыму.
Па нашых падліках на сённяшні дзень толькі ў рамках ЕС персанальнымі санкцыямі ахоплена каля 200 асобаў. З улікам нацыянальных санкцый іх колькасць большая і будзе расці. Гэта невялікая колькасць, бо ў параўнанні з тысячамі палітзняволеных гэта безумоўна несуразмерна і мы бачым недастаковую матывацыю дзейнiчаць у нашых партнёраў.
Тут мы сутыкаемся вельмі часта і з бюракратычнымі перашкодамі, калі неафіцыйна нам кажуць аб лімітах на налажэнне персанальных санкцый, бо гэта звязана з апрацоўкай дакументаў, падрыхтоўкай абгрунтавання. Пад кожнае прозвішча, пад кожную кампанію павінна быць пакладзена якаснае факталагічнае і галоўнае прававое абгрунтаванне ўвядзення тых ці іншых санкцый.
Хто трапляе звычайна ў санкцыйны спіс? Гэта толькі вядомыя людзі, напрыклад, прапагандысты, набліжаныя да Лукашэнкі бізнэсоўцы, чыноўнікі, альбо ў яго можа трапіць і, умоўна, дэкан універсітэта, які рэпрэсаваў студэнтаў?
У санкцыйныя спісы трапляюць асобы адказныя за дзеянні, у якіх угледжваецца склад злачынства або іншае грубае парушэнне як нацыянальнага, так і міжнароднага права. Вядома, што ў першую чаргу гэта асобы, якія аддаюць злачынныя загады, якія нясуць усю паўнату не толькі прававой, але і палітычнай адказнасці за свае дзеянні - высокапастаўленыя чыноўнікі грамадзянскіх і сілавых ведамстваў.
Таксама ў санкцыйных спісах ёсць і так званыя «гаманцы рэжыму», якія зарабілі свае капіталы на непразрыстых схемах і дзякуючы адміністрацыйнаму заступніцтву з боку лукашэнкаўскай улады. Але ў санкцыйныя спісы могуць патрапіць і радавыя прапагандысты, асобы ў дачыненні да якіх ёсць важкія падставы для падазрэння іх у датычнасці да здзяйснення злачынстваў (гвалт, катаванні, забойствы).
Напрыклад, кіраўнікі навучальных устаноў таксама могуць патрапіць у санкцыйны спіс. У прыватнасці, у санкцыйным спісе ЕС ёсць, напрыклад, і рэктары ВНУ (рэктар Акадэміі мастацтва Баразна, рэктар мінскага медуніверсітэту Рубніковіч, рэктар Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэту Бахановіч), адказныя за палітычна матываваныя выключэнні студэнтаў і звальненні выкладчыкаў.
Санкцыі - цывілізаваны шлях міжнароднай рэакцыі на гвалтоўныя парушэнні міжнароднага права. Гэта інструмент адказнасці. Спыняць санкцыі можна толькі, калі адказныя асобы спыняць злачынную дзейнасць. Санкцыйныя інструменты не ўніверсальны сродак дасягнення нашых мэтаў, але адзін з элементаў стратэгіі.
Comentários