top of page

У цені вайны — перспектывы дэмакратычных перамен ва Усходняй Еўропе


Выступленне Паўла Латушкі на канферэнцыі
Выступленне Паўла Латушкі на канферэнцыі. Фота: НАУ-медыя

Прывітальнае слова Паўла Латушкі Кіраўніка Народнага Антыкрызіснага Упраўлення, Намесніка кіраўніка Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі на Канферэнцыі па супрацоўніцтве краін Балтыйскага мора ў пасляваеннай Еўропе


2 чэрвеня,

2023Варшава


Паважаны спадар Старшыня,


Усе войны заканчваюцца. І гэтая жахлівая вайна, вайна Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі супраць Украіны - таксама скончыцца. Веру, упэўнены - скончыцца перамогай Украіны. Поўным аднаўленнем яе тэрытарыяльнай цэласнасці. Паражэннем ідэалогіі рашызму і «рускага свету». Паражэннем так званай Саюзнай дзяржавы. Я не выпадкова кажу менавіта аб гэтай канструкцыі і растлумачу чаму - крыху пазней.


Вайна скончыцца. Але ці прыйдзе пасля яе мір і бяспека для рэгіёна - залежыць ад таго, як менавіта скончыцца гэтая вайна. У якім стане пасля перамогі Ўкраіны будуць знаходзіцца агрэсары. Ці захаваюць яны магчымасці для паўтарэння агрэсіі ў будучыні.


Упэўнены, што вы, як і я, лічыце прымальным толькі адзін зыход: Украіна - перамагае, агрэсары - не здольныя, як мінімум у сярэднетэрміновай перспектыве, аднавіцца і аднавіць ваенныя дзеянні. Цень вайны сыходзіць з рэгіёна. І калі мы хочам такога зыходу — бо толькі такі зыход і дазваляе нам казаць пра перспектывы для ўпэўненага развіцця і ўстойлівасці дэмакратыі ва Усходняй Еўропе — значыць перад намі стаяць 2 першачарговыя задачы. І насамрэч, гэтыя задачы як мінімум дэкларуюцца на ўзроўні ЕС, ЗША і іх саюзнікаў:

  1. Дапамагчы безумоўна перамагчы Украіне;

  2. Дапамагчы скасаваць рэжым Лукашэнкі ў Беларусі.

І гэта - дзве паралельныя, а не паслядоўныя задачы.


Чаму? Успомнім рыторыку, якая гучыць падчас вайны. Якія наратывы закладваюцца, якія спадзяванні ўскладаюцца на перамогу Украіны.


Украіна ў вачах цывілізаванага свету сёння змагаецца не толькі за сябе, але і за Еўропу, за каштоўнасці свабоды, незалежнасці і дэмакратыі ва ўсім свеце. А яшчэ Ўкраіна змагаецца за Беларусь. Пра гэта таксама шмат гаворыцца: услед за перамогай Украіны, на думку многіх, адчыняецца і акно магчымасцяў для вызвалення і дэмакратызацыі Беларусі.


Але ці не занадта шмат мы перакладаем на Украіну? Так, я не кажу, што Украіна змагаецца з Расіяй сама па сабе, што Украіну кінулі ў гэтай барацьбе на волю лёсу. Канечне не. Але ці павінна і ці можа Украіна стаць вырашэннем усіх праблем? Быць можа, зусім побач ёсць праблема, якую варта вырашыць паралельна - і тым самым дапамагчы Украіне перамагчы хутчэй, а значыць і хутчэй прыйсці да забеспячэння бяспекі ва ўсім рэгіёне?


Задам пытанне прама - хіба рацыянальна цяпер адкладаць вырашэнне праблемы пра-расійскага, а па сутнасці расійскага марыянетачнага рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі? Рэжыму, які з'яўляецца галоўным саюзнікам і саўдзельнікам Расіі ў вайне супраць Украіны. Які дае тэрыторыю, інфраструктуру, палігоны, боепрыпасы, прамысловыя магутнасці краіны расійскай арміі і ВПК Расіі. Дапамагае ёй абыходзіць санкцыі, дапамагае атрымліваць зброю, дапамагае навучаць вайскоўцаў, дапамагае ёй працягваць ваяваць!


Няўжо з'яўляецца рацыянальным, лагічным, правільным адкладаць гэтую праблему на потым, пасля перамогі Украіны? Няўжо не відавочна, што тым самым мы адкладаем саму перамогу?


А мы, нажаль, сапраўды адкладаем. Пра рэжым расейскага саюзніка Лукашэнку фактычна забыліся на Захадзе. Так, яго ўзгадваюць у дэкларацыях, у рэзалюцыях, у твіттах. Але калі заходзіць размова аб рэальных дзеяннях - дзе ў гэты момант аказваюцца ўсе гэтыя дэкларацыі і рэзалюцыі? Яны аказваюцца ў стале. А значыць у стале аказваюцца рашэнні, неабходныя і для паскарэння перамогі Украіны, і для гарантавання бяспекі ў рэгіёне, і для забеспячэння перспектыў дэмакратызацыі Беларусі. А насамрэч – для існавання свабоднай і незалежнай Беларусі ў прынцыпе.


Скажу больш. Сёння адзіная краіна, у якой рэальна ёсць стратэгія дзеянняў у дачыненні да Беларусі - гэта Расія.


І гэтая стратэгія запісана не ў дэкларацыях і рэзалюцыях. А ў канкрэтных планах, якія не ляжаць у стале, а рэалізуюцца. Гэта стратэгія запісана ў дагаворах, у інтэграцыйных праграмах Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі, у яе агульнай Ваеннай дактрыне ў тым ліку. Сам праект Саюзнай дзяржавы - і ёсць стратэгія Расіі. Стратэгія аднаўлення імперыі.


Давайце ўспомнім нядаўнія словы Прэзідэнта Казахстана Касым-Жомарта Токаева на паседжанні еўразійскага эканамічнага форума ў Маскве:


«У нас ёсць у ЕАЭС Саюзная дзяржава, гэта значыць у сусветнай палітычнай гісторыі створаны ўнікальны прэцэдэнт, ці феномен, як хочаце, — стварэнне дзяржавы па формуле „дзве краіны — адна дзяржава“ з адзінай палітычнай, юрыдычнай, вайсковай, эканамічнай, валютнай, культурнай, гуманітарнай прасторай. З адзіным саюзным урадам, з адзіным саюзным парламентам, я прашу прабачэння, і нават ядзерную зброю адно на дваіх зараз.»


На словах пра ядзерную зброю Пуцін і Лукашэнка, шчасліва ўсміхаючыся паціснулі рукі, а Лукашэнка сказаў Пуціну «дзякуй». Пазней Лукашэнка пракаментаваў гэта так:


«Калі гаворка зайшла пра ядзерную зброю — я з-за акустыкі гэтай не вельмі пачуў, — Уладзімір Уладзіміравіч мне кажа: "Прынята рашэнне аб размяшчэнні тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі". Я кажу: "Дзякуй"».


А ўжо на наступны дзень міністрамі абароны Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь у Мінску былі падпісаны дакументы аб размяшчэнні ядзернай зброі. Пра што да гэтага і Пуцін, і Лукашэнка і іншыя афіцыйныя асобы Расіі і Беларусі неаднаразова гаварылі. Але іх словы чамусьці ніхто не хацеў успрымаць усур'ёз.


Ну тады вось яшчэ адна цытата Лукашэнкі, сказаная пасля падпісання тых самых дакументаў:


«Прэзідэнт Расіі мяне праінфармаваў, што сёння ён падпісаў указ аб нашых дзеяннях па размяшчэнні ядзернай зброі ў Беларусі. Размова ішла аб канкрэтным дакуменце. Было прынятае рашэнне ў развіццё таго, што было сказана вусна. Нам трэба было падрыхтаваць месцы захоўвання і іншае. Мы гэта зрабілі, таму пачалося ўжо перамяшчэнне ядзерных боепрыпасаў.»


У самым пачатку выступу я акцэнтаваў увагу менавіта на Саюзнай дзяржаве Расіі і Беларусі і абяцаў растлумачыць чаму. Вось чаму.


4 лістапада 2021 года так званым Вышэйшым дзяржаўным Саветам Саюзнай дзяржавы была прынята Ваенная дактрына Саюзнай дзяржавы.


Праз месяц пасля прыняцця Ваеннай дактрыны, у снежні 2021 года Пуціным і Лукашэнкам было прынята рашэнне аб правядзенні сумесных вучэнняў "Саюзная рашучасць-2022". 18 студзеня 2022 года на брыфінгу для замежных ваенных аташэ намеснік міністра абароны РФ Аляксандр Фамін паведаміў, што мэтамі вучэнняў з'яўляецца правядзенне пазапланавай праверкі войскаў і адпрацоўка розных варыянтаў сумесных дзеянняў па нейтралізацыі пагроз і стабілізацыі абстаноўкі на межах менавіта Саюзнай дзяржавы.


І менавіта пад прыкрыццём гэтых вучэнняў праз 4 дні пасля іх заканчэння адбылося ўварванне на тэрыторыю Украіны з тэрыторыі… так, Саюзнай дзяржавы.


І ўсе далейшыя дзеянні Лукашэнкі па саўдзеле ў агрэсіі супраць Украіны рэалізуюцца ў рамках Саюзнай дзяржавы і яе Ваеннай дактрыны.


Роўна як і рашэнне аб размяшчэнні ядзернай зброі ў Беларусі было прынята на падставе рашэння аб стварэнні 10 кастрычніка 2022 года рэгіянальнай групоўкі войскаў, створанай, у сваю чаргу, зноў жа на аснове Ваеннай дактрыны Саюзнай Дзяржавы Расіі і Беларусі.


Менавіта так. На жаль, у нас сёння няма часу паглыбляцца ў дакументы - аднак усе яны, у тым ліку згаданую Ваенную дактрыну, ёсць у адкрытым доступе на прававым партале Саюзнай дзяржавы. Зрабіць высновы і выбудаваць лагічную паслядоўнасць пасля іх прачытання не складзе ніякай працы. Было б жаданне.


Я толькі скончу думку.


Менавіта Саюзная дзяржава Расіі і Беларусі нясе адказнасць за развязванне вайны супраць Украіны ў лютым 2022 года, за ваенныя злачынствы, якія ўчыняюцца ў яе ходзе, і стварэнне ядзернай пагрозы для ўсяго рэгіёну сёння.


Адным з такіх ваенных злачынстваў з'яўляецца незаконная дэпартацыя дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны. Роля Саюзнай дзяржавы ў арганізацыі гэтага злачынства дакладна пазначана ў адпаведнай справаздачы Народнага Антыкрызіснага Упраўлення, перададзенай намі ўкраінскаму боку і ўсім нашым міжнародным партнёрам.


Ці варта нагадваць, што старшынёй так званай Вышэйшай дзяржаўнай рады - вышэйшага органа кіравання Саюзнай дзяржавы - з'яўляецца Аляксандр Лукашэнка?


Стаіць. І я кажу пра гэта зараз. Я завастраю на гэтым вашу ўвагу.


І разам з тым, я вяртаюся да пытання — ці сапраўды камусьці падаецца рацыянальным адкладаць вырашэнне праблемы рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі? Рэжыму, які з'яўляецца сапраўды такой жа часткай і прычынай глабальнай праблемы - вайны Саюзнай дзяржавы супраць Украіны - як і Расія.


Пры гэтым, я спадзяюся, ключавыя задачы ў дачыненні да Расіі ў гэтай зале сёння відавочныя кожнаму.

  1. Прыслабіць яе ўзброеныя сілы да стану няздольнасці ўяўляць пагрозу і ажыццяўляць агрэсію.

  2. Абяскровіць фінансава Расійскую Федэрацыю шляхам максімальна жорсткіх санкцый.

  3. Прыцягнуць яе да крымінальнай адказнасці ў межах трыбунала.

І гэтыя задачы можа быць не так хутка, як хацелася б, але вырашаюцца.


І гэтыя задачы можа быць не так хутка, як хацелася б, але вырашаюцца.


Па-першае, на працягу ўсёй вайны ў Беларусі праходзяць перманентныя, штодзённыя, кругласутачныя вучэнні ўзброеных сіл на ўсіх палігонах і ўсіх родаў войскаў. Нагадваю - вынікам перадваенных вучэнняў Саюзнай дзяржавы ў Беларусі і стала вайна.


Па-другое, ужо амаль 12 месяцаў Еўрапейскі саюз не прымае ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі ніводнага новага пакета санкцый, што дае магчымасць як самому Лукашэнку стабілізаваць сітуацыю ў эканоміцы, так і дазваляе Расіі абыходзіць санкцыі праз Беларусь і атрымліваць усё неабходнае, уключаючы мікраэлектроніку, для працягі вайны.


На тым жа еўразійскім эканамічным форуме Лукашэнка, гаворачы аб прамысловай кааперацыі і імпартазамяшчэнні ў рамках Саюзнай дзяржавы ва ўмовах санкцый, адкрыта заявіў:


«Вы заўважылі: трэці год, як нас спрабуюць нахіліць? Ну нічога, практычна ўсё лётае, што трэба, усё выбухае і гэтак далей, і да таго падобнае. Значыць, мы нечага можам рабіць, і мы гэта робім ужо.»


Чаму ў іх «усё што трэба і лётае, і выбухае» а гаворка відавочна аб ракетах? Таму што санкцыі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі і Расіі проста да гэтага часу не гарманізаваныя.


Ну і па-трэцяе, ніякіх рэальных, а не дэкларатыўных крокаў, так і не было зроблена, каб прыцягнуць рэжым Лукашэнкі да крымінальнай адказнасці - ні за злачынствы супраць беларусаў, ні за злачынствы супраць Еўрасаюза, ні за ваенныя злачынствы супраць Украіны.


Так безадказнасць спараджае толькі новыя і новыя злачынствы. Так безадказнасць агрэсара працягвае вайну.


І тым не менш, у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі мы бачым прама супрацьлеглую стратэгію, у адрозненне ад той, што прымяняецца да Расіі. Нягледзячы на тое, што ён не проста з'яўляецца яе ключавым саюзнікам, які рэальнымі дзеяннямі дапамагае Расіі ў вайне супраць Украіны і здзяйсняе ваенныя злачынствы разам з Расійскай Федэрацыяй - а з'яўляецца неад'емнай часткай Саюзнай дзяржавы, якая і вядзе гэтую вайну. Я разумею, што гэта новая для ўсіх тэза. Але вайну супраць Украіны вядзе не адна Расія, а Саюзная Дзяржава Расіі і Беларусі. У якім Беларусь знаходзіцца толькі таму, што існуе рэжым Лукашэнкі. У той час як Саюзная дзяржава існуе толькі таму, што ў ёй ёсць Беларусь. І пакуль існуе рэжым Лукашэнкі - гэты расклад не зменіцца.


А таму, калі мы сур'ёзна хочам яго змяніць, то нам трэба ўзгадаць словы былога Міністра замежных спраў Эстоніі Урмаса Рэйнсалу, які сказаў, што самая магутная санкцыя, якую Захад можа прымяніць да Расіі - гэта скасаванне рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі.


Бо толькі так мы можам прывесці да распаду тую самую Саюзную дзяржаву, якая прама зараз вядзе кровапралітную вайну ў цэнтры Еўропы.


Без магчымасці для Расіі выкарыстоўваць Беларусь у рамках Саюзнай дзяржавы гэта вайна ў прынцыпе не была б магчымай. Як немагчыма і пагроза Расіі для Польшчы, Літвы, Латвіі.


Таму формула, якую я прапаную вам сёння выглядае так:

Скасаваць рэжым Лукашэнкі - скасаваць Саюзную дзяржаву.


Толькі так мы зможам забяспечыць безумоўную перамогу Украіны і бяспеку для ўсяго рэгіёна, якой мы ўсё жадаем.


І адказаць на галоўнае пытанне аб перспектывах дэмакратычных перамен.


У Беларусі яны ёсць - толькі пры ўмове скасавання рэжыму Лукашэнкі і толькі па-за Саюзнай дзяржавай з Расіяй. Інакш - нам няма пра што казаць.


Дык дзе вы хочаце ўбачыць Беларусь заўтра? У Саюзнай дзяржаве? Ці ў Еўропе?


Бо ў адносінах Захаду і Беларусі ёсць толькі два шляхі: Беларусь як вораг ці Беларусь як саюзнік.І прама зараз Захад стаіць на гэтай скрыжаванні.


Беларусь-вораг - гэта Беларусь з Лукашэнкам, а значыць Беларусь пад Расіяй, Беларусь як частка Саюзнай Дзяржавы і іншых расійскіх інтэграцыйных праектаў, эканамічных і ваенных саюзаў з Расіяй. Беларусь-саюзнік - гэта Беларусь без Лукашэнкі, дэмакратычная, незалежная, еўрапейская Беларусь, Беларусь у Балта-Чарнаморскім саюзе, Беларусь у НАТА.


Каб пайсці па першым шляху Захаду дастаткова і далей не мець ніякай стратэгіі па Беларусі або мець анты-стратэгію, пра якую я казаў вышэй.


Але калі Захад хоча атрымаць саюзніка - неабходна стратэгія. І гэтая стратэгія не можа зыходзіць з адкладання праблемы Лукашэнкі на потым. Не. Першым пунктам гэтай стратэгіі павінна быць вырашэнне гэтай праблемы - скасаванне рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі. Захад здольны стварыць такую стратэгію і мае дастаткова інструментаў і рэсурсаў, уключаючы рэсурсы беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці, каб яе рэалізаваць. Але для гэтага патрэбная моцная палітычная воля.


Пакуль жа адзіная краіна, якая мае стратэгію па Беларусі – гэта Расея. І ў аснове гэтай стратэгіі ляжыць Саюзная дзяржава. Вызваліць Беларусь ад рэжыму Лукашэнкі, адарваць яе ад Саюзнай дзяржавы з Расіяй - значыць зламаць гэтую стратэгію, значыць нанесці ўдар у самае сэрца расійскай неа-імперыі. Учора я вярнуўся з Кіева. Мне прыйшлося правесці ноч у бамбасховішчах і чуць, як над Кіевам ляцяць і выбухаюць расійскія балістычныя ракеты. І менавіта гэтыя ракеты ляцелі і выбухалі дзякуючы Лукашэнку, як ён сам прызнае. Па супадзенні, учора ён сказаў, што Расія і Беларусь зрабілі памылку ў 2014 годзе. Менавіта тады, калі ва Ўкраіны не было войска, яе трэба было акупаваць - гэта словы Лукашэнкі. Дык няўжо хтосьці хоча весці з ім перамовы?


Дзякуй за ўвагу.


Comments


bottom of page