top of page

У нас ёсць выбар


Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол

Лукашэнка заявіў, што пойдзе на выбары ў 2025 годзе. Прасіў сваіх прапагандыстаў так нам і перадаць. І заадно нас жа ў гэтым і абвінаваціў. Маўляў, калі мы будзем яго і далей «пампаваць», то ён пойдзе яшчэ хутчэй. 

Адкажу на гэта так — мы будзем. І ён пойдзе. Але не на выбары. Мы зробім усё, каб Лукашэнка быў абвешчаны ў Міжнародны крымінальны вышук і прыцягнуты да адказнасці. За ваенныя злачынствы — незаконную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей. За злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларусаў і беларусак.

Мы працягнем дамагацца новых санкцый. Працягнем працэс гарманізацыі антываенных санкцый. Мы працягнем будаваць і ўмацоўваць свае альтэрнатыўныя органы ўлады, рыхтаваць наш кадравы рэзерв. Працягнем прыцягваць у яго і дзейных чыноўнікаў, тых, хто не запляміў сябе злачынствамі і ведае, што нават у сітуацыі бязвыбараў у Беларусі ёсць выбар. Каштоўнасны, цывілізацыйны, еўрапейскі. 

Вось выбар, які рэальна стаіць перад намі, беларусамі. І беларусы змогуць яго зрабіць, бо беларусы заўсёды дамовяцца з беларусамі. Без Лукашэнкі.

Так, сістэма не стабільная і не гатовая да яго сыходу. Яна маналітная толькі пакуль у яе цэнтры ёсць «маналіт». Але маналіт з Лукашэнкі, старога і хворага дыктатара — як дзіцячы кулічык з пяску. Сістэма спрабуе вынаходзіць нейкія схемы, нейкія надбудовы, «калектыўнага Лукашэнкі» ў выглядзе УНС або Савета бяспекі, спрабуе перапісваць Канстытуцыю на выпадак, калі пяшчаны «маналіт» раптам пасыплецца. 

А ён абавязкова пасыплецца. І ўсе гэтыя штучныя рашэнні, усе гэтыя «мыліцы», якія сістэма пад сябе падстаўляе — не спрацуюць. Яна пасыплецца разам з ім. А мы ёй дапаможам. 

І як бы Лукашэнка не спрабаваў пазбавіць беларусаў выбару — выбар у нас ёсць. Мы скончым тое, што пачалі ў 2020 годзе.

Comments


bottom of page