Павел Латушка падчас кансультацый з упаўнаважаным па пытаннях Усходняй Еўропы МЗС Германіі Матыясам Лютэнбергам абмеркаваў магчымую рэакцыю на зварот так званага Міністра замежных спраў рэжыму Лукашэнкі Уладзіміра Макея.
У МЗС Нямеччыны крытычна ўспрымаюць дэкларатыўныя заявы прадстаўнікоў рэжыму. Было адзначана, што рэжым нясе адказнасць за масавыя рэпрэсіі, учыненыя да пачатку вайны ў Беларусі, а таксама за саўдзел у агрэсіі супраць Украіны.
Асобна Павел Латушка звярнуў увагу суразмоўцы на неабходнасць рэакцыі Еўрапейскага саюза на рэпрэсіі, якія працягваюцца і нарастаюць у дачыненні да грамадзянскай супольнасці Беларусі, затрыманні прадстаўнікоў прафсаюзаў і актывістаў, якія выступаюць супраць вайны ва Украіне. МЗС Германіі паведаміла, што ўжо распачала адпаведныя дзеянні па дыпламатычнай лініі ў сувязі з арыштамі прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў. Кіраўнік НАУ звярнуў увагу, што ЕС зменшыў увагу да тэматыкі адказнасці рэжыму за бесперапынныя рэпрэсіі, а таксама на магчымасць ініцыявання дадатковых санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі.
Суразмоўцы пагадзіліся, што сённяшнія дзеянні рэжыму Лукашэнкі, які даў тэрыторыю Беларусі для ажыццяўлення агрэсіі ў дачыненні да Украіны, а таксама падаўлення грамадзянскай супольнасці Беларусі паставілі выклік захаванню незалежнасці краіны.
Была адзначана важнасць падтрымкі з боку дэмакратычных краін намаганняў беларускага грамадства, накіраваных на дэакупацыю і захаванне суверэнітэту і незалежнасці Беларусі.
Сустрэча з прадстаўніком МЗС Германіі з'яўляецца працягам кансультацый, якія праводзіць каманда НАУ з МЗС розных краін. Ужо адбыліся сустрэчы Паўла Латушкі з міністрамі, намеснікамі міністраў і прадстаўнікамі МЗС Швецыі, Польшчы, Чэхіі, Латвіі, Літвы, Эстоніі, Люксембурга, Францыі і Вялікабрытаніі.
Comments