Павел Латушка пра змену пасла ў Кітаі
Лукашэнка правёў шэраг кадравых прызначэнняў у сваім так званым дыпламатычным корпусе. Так, у адстаўку быў адпраўлены пасол у Кітаі Юрый Сянько, які, на думку Лукашэнкі, не справіўся са сваімі абавязкамі, а на яго месца ўзурпатар прызначыў свайго цёзку — міністра эканомікі Аляксандра Чарвякова. Сянько адпрацаваў паслом менш за тры гады, тады як мінімальная працягласць кантракту для знаходжання на пасадзе пасла — пяць гадоў.
Лукашэнка ўскладае на Чарвякова ўжо як на дыпламата вялікія надзеі, бо адносіны з КНР зараз перажываюць не самыя лепшыя часы: у першую чаргу гэта датычыцца інвестыцый з Кітая і ўзаемнага гандлю дзвюх краін.
Кітай незадаволены Лукашэнкам з дзвюх прычын:
Усе суседзі Беларусі з краін ЕС закрылі цэлы шэраг пунктаў пропуску. Ёсць пагроза поўнага закрыцця мяжы, калі дыктатар не перастане дэстабілізаваць сітуацыю з нелегальнымі мігрантамі.
Лукашэнка прывёз ядзерную зброю ў Беларусь.
Яшчэ адзін «правал» ва ўзаемаадносінах з Кітаем: Лукашэнку не запрасілі на нядаўнюю канферэнцыю «Адзін пояс — адзін шлях». Гэта можа сведчыць пра тое, што кіраўніцтва КНР незадаволена палітыкай Лукашэнкі, якая тармозіць гандаль Кітая з Еўропай. У гэтай сітуацыі таксічны Лукашэнка з яго ростам напружанасці ля межаў з ЕС ламае ўсе перспектывы гандлёвага супрацоўніцтва Кітая і еўрапейскіх краін.
Яшчэ адно прызначэнне — новы пасол у Сербіі Сяргей Маліноўскі. Пры прызначэнні дыпламата на новую пасаду Лукашэнка паскардзіўся, што сербы «забыліся тое дабро, з якім мы» (гэта значыць Лукашэнка) ішлі «да іх», і падтрымліваюць (які жах!) еўрапейска-амерыканскія санкцыі супраць яго.
Але і Сербія, абіраючы паміж Лукашэнкам і добрымі эканамічнымі адносінамі з Захадам, у выніку абірае Захад. Нягледзячы на любоў да Пуціна і Лукашэнкі з боку многіх сербскіх палітыкаў, Сербія збіраецца ўступаць чамусьці не ў Саюзную дзяржаву Беларусі і Расіі, а ў ЕС. Таму што толькі ЕС нясе народу Сербіі эканамічныя дабрабыт і развіццё, а не бессэнсоўныя войны і разруху, якія прапануе клуб састарэлых дыктатараў пад назвай «Саюзная дзяржава». Такія розныя і геаграфічна, і культурна краіны як Кітай і Сербія, калі справа даходзіць да канчатковага выбару, імкнуцца ўмацоўваць свае адносіны з эканамічна і тэхналагічна развітым заходнім светам, а не рэжымам Лукашэнкі.
Толькі ліквідаваўшы рэжым Лукашэнкі, Беларусь зможа будаваць нармальныя здаровыя стасункі не толькі з краінамі Захаду, але і з тымі ж Сербіяй і Кітаем.
Comments