У суботу 02.09 Павел Латушка даў інтэрв'ю нацыянальнаму радыё Аўстраліі ABC Radio National. Асноўная ўвага была нададзена пытанням, звязаным з тэмай незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны на тэрыторыю Беларусі і адказнасці рэжыму Лукашэнкі за дадзенае ваеннае злачынства
Запіс эфіру: ABC Radio National Прыводзім асноўныя тэзісы з інтэрв'ю:
Вы падалі Міжнароднаму крымінальнаму суду доказы, якія, на Вашу думку, сведчаць пра тое, што прэзыдэнт Лукашэнка пагадзіўся на вываз украінскіх дзяцей у Беларусь з акупаваных Расіяй гарадоў Украіны. Раскажыце, калі ласка, што гэта за доказы, якія вы перадалі ў МУС, і як вы іх збіралі?
Пры падрыхтоўцы нашай камунікацыі ў МКС каманда Народнага антыкрызіснага ўпраўлення вывучыла і прааналізавала розныя матэрыялы. Цікава, што беларускія дзяржаўныя СМІ досыць шырока асвятлялі прыбыццё дзяцей у Беларусь, і мы змаглі прааналізаваць мноства агульнадаступных навінавых артыкулаў, фатаздымкаў, відэа і пастоў у сацыяльных сетках, у тым ліку і некаторых асоб, якія ўдзельнічаюць у вывазе дзяцей. Мы таксама абапіраемся на дакументы, якія былі перададзеныя нам у канфідэнцыйным парадку. Гэтыя дакументы пацвярджаюць, што перамяшчэнні былі арганізаваныя і прафінансаваныя па ўказанні Лукашэнкі і іншых службовых асоб, якія дзейнічаюць ад імя так званай Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Вядома нават, што пастанова аб фінансаванні была ўзгодненая Лукашэнкам з прэзідэнтам Расіі Пуціным. Затым гэтыя перамяшчэнні былі ажыццеўлены фондам беларускага паралімпійца Аляксея Талая, вядомага ў якасці блізкай даверанай асобы Лукашэнкі, у супрацоўніцтве з мясцовымі ўладамі на акупаваных тэрыторыях.
Пра якую колькасць дзяцей ідзе гаворка? І куды менавіта іх адпраўляюць у Беларусі?
У перыяд з верасня 2022 г. па май 2023 г. не менш за 2100 украінскіх дзяцей ва ўзросце ад 6 да 15 гадоў, уключаючы сірот, былі вывезены ў дзіцячы лагер «Дубрава», размешчаны ў Мінскай вобласці. Гэты лагер належыць ААТ «Беларуськалій» – буйному дзяржаўнаму вытворцу калійных угнаенняў, які трапіў пад санкцыі ЗША і Еўропы. У цэлым на сёння мы выявілі пяць лагераў і аздараўленчых устаноў, у якія былі дастаўлены дзеці з акупаваных Расіяй тэрыторый. Аднак мы ведаем, што перамяшчаць украінскіх дзяцей пачалі яшчэ да поўнамаштабнага ўварвання Расіі, і, хутчэй за ўсё, іх колькасць значна большая.
Лукашэнка кажа, што гэта гуманітарны акт – вывесці дзяцей з небяспекі. Якая, на Ваш погляд, мэта перамяшчэння?
Сапраўды, Лукашэнка і іншыя асобы, адказныя за гэтыя перамяшчэнні, неаднаразова заяўлялі, што дзяцей прывозяць у Беларусь для «адпачынку». Мы лічым, што гэта адкрытая хлусня. Замест гэтага дзеці падвяргаюцца палітычнаму перавыхаванню і пракрамлёўскай прапагандзе, уключаючы сустрэчы з беларускімі моладзевымі і ваенізаванымі арганізацыямі, праваслаўнымі святарамі і заўзятымі прапагандыстамі. Адзін з такіх сумных прыкладаў – канцэрт дзвюх беларускіх спявачак, сясцёр Груздзевых, зняты на відэа. Выступаючы на сцэне лагера «Дубрава», яны кажуць, што спадзяюцца, цытую, «каб Байдэн здох, (...) каб Зяленскі таксама здох, а Пуцін квітнеў і ўзяў кантроль над усёй Украінай». Для нас відавочна, што дзяцей прывозяць у Беларусь не з гуманітарных меркаванняў.
Вы ведаеце, ці застаюцца дзеці ў Беларусі ці зноў з'язджаюць?
Як правіла, дзеці застаюцца ў лагеры «Дубрава» ад двух да трох тыдняў, пасля чаго іх вяртаюць ва Украіну. Аднак мы таксама знайшлі сведчанні таго, што, на жаль, некаторыя дзеці-сіроты, якія былі вывезеныя ў Беларусь да 2022 года, пасля былі адпраўленыя ў Расію і аддадзеныя на ўсынаўленне.
Якая роля Народнага антыкрызіснага ўпраўлення?
Як частка беларускага дэмакратычнага руху, Народнае антыкрызіснае ўпраўленне мае намер прыцягнуць Аляксандра Лукашэнку і іншых прадстаўнікоў яго рэжыму да адказнасці за незлічоныя злачынствы, якія ён здзейсніў. Гэта не толькі злачынствы супраць чалавечнасці, учыненыя ў рамках жорсткага падаўлення беларускага грамадства пасля фальсіфікацыі выбараў у маі 2020 года, але і адказнасць за яго ролю як суагрэсара ў расійскім уварванні ва Украіну ў лютым 2022 года і ўдзел у незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый. У гэтым пытанні мы таксама цесна супрацоўнічаем з Генеральнай пракуратурай Украіны, якая пачала расследаванне па гэтай справе.
Лукашэнка вёў перамовы аб пераездзе байцоў «Вагнера» ў Беларусь. Цяпер, калі Прыгожын мёртвы, хто камандуе гэтымі байцамі ў Беларусі? Якая іх роля?
Яшчэ да сваёй смерці Прыгожын прызначыў адказнага за ПВК Вагнер у Беларусі. Таму, хутчэй за ўсё, фармальна ён і камандуе імі, але пасля смерці Прыгожына мы разумеем, што дадзеная ПВК спыніць сваё існаванне. Частка байцоў падпіша кантракты з Міністэрствам абароны Расіі, частка – з іншымі ПВК у Афрыцы, а частка магчыма з Міністэрствам абароны Беларусі. Але як адзінка – Вагнер будзе размазана як алей па кавалку хлеба.
Ці бачыце Вы шлях вяртання да дэмакратычных выбараў у Беларусі ў найбліжэйшай будучыні?
Дэмакратычныя выбары ў Беларусі будуць магчымыя толькі пасля таго, як рэжым Лукашэнкі падзе, усё астатняе, што арганізоўвае гэты рэжым, нельга называць выбарамі. Гэта імітацыя і падман.
Прайшло ўжо тры гады, ці зможа апазіцыя ў выгнанні трымацца разам цягам доўгага часу?
Так, можа. Пацвярджэннем гэтаму з'яўляецца і створаны ў жніўні 2022 Аб'яднаны Пераходны Кабінет, які аб'яднаў ключавыя структуры дэмакратычных сіл. А таксама 6 жніўня прайшла Канферэнцыя Новая Беларусь, дзе сабраліся прадстаўнікі многіх, можна сказаць большасці дэмакратычных структур, партый, ініцыятыў і прынялі палітычныя дэкларацыі і дакументы. Такім чынам менавіта стварэнне такіх інстытутаў як Кабінет дазволіла захоўваць адзінства гэтакі доўгі час.
Comentarios