Варшаўскі універсітэт 7 мая 2024 г.
Станіслаў Шушкевіч застанецца для мяне першым кіраўніком Беларусі, колькі б не спрабаваў Лукашэнка даказаць адваротнае. Станіслаў Станіслававіч — значная асоба для беларускай дзяржаўнасці. Менавіта ён зрабіў унёсак у абвяшчэнне незалежнасці нашай краіны, менавіта ён спрыяў таму, каб Беларусь была самастойнай, дэмакратычнай і вольнай краінай.
Узгадваю, як Станіслаў Шушкевіч, першы кіраўнік незалежнай Беларусі, прымаў у Мінску 42-га прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі Біла Клінтана ў 1994 годзе. Тады я быў маладым юнаком і таксама стаяў на Плошчы Перамогі, калі Клінтан і Шушкевіч ускладалі кветкі. Яны падыйшлі да людзей, і тады я пабачыў двух кіраўнікоў краін — можа, за адзін метр ад сябе. Пазней я вітаўся са шматлікімі прэзідэнтамі, кіраўнікамі дзяржаў, але той візіт на мяне, студэнта, зрабіў асаблівае ўражанне. Менавіта Шушкевіч як першы кіраўнік незалежнай Беларусі ўсталёўваў першыя афіцыйныя адносіны новай незалежнай краіны Беларусі з многімі краінамі свету.
Усе дыпламаты, якія працавалі ў той час, у 90-я гады, заўсёды будуць успрымаць асобу Шушкевіча як першага кіраўніка беларускай дзяржавы. А Лукашэнка заўсёды імкнуўся знішчыць пра яго памяць. Памятаю, як у Лукашэнкі ў 2011 годзе ўзнікла ідэя адкрыць Музей сучаснай дзяржаўнасці Беларусі ў адміністрацыі на Карла Марка ў Мінску. На 6-ым паверсе фарміравалася экспазіцыя і спачатку яе распрацоўшчыкі зрабілі велічэзны раздзел, прысвечаны пачатку 90-х — прыняццю Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, назве нашай краіны, сцягу, там было шмат падпісаных Шушкевічам дакументаў. Пазней за музей «узялася» сумнавядомая намесніца начальніка Галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Лукашэнкі Ірына Дрыга, якая па загадзе тады намесніцы кіраўніка адміністрацыі Наталлі Пяткевіч сказала прыбраць усе матэрыялы. Застаўся толькі адзін дакумент — Канстытуцыя, падпісаная Станіславам Шушкевічам. Колькі не спрабавалі адваяваць, але гэта было нерэалістычна, таму што музей, на думку прадстаўнікоў рэжыма, павінен быць прысвечаны толькі адной асобе, якая і засядае там, у рэзідэнцыі, ужо 30 гадоў. Так, магчыма «пачысціць» экспазіцыю, але немагчыма змяніць і перапісаць гісторыю, немагчыма знішчыць унёсак у незалежнасць нашай краіны. Унёсак, які зрабіў Станіслаў Шушкевіч.
Памятаю, калі працаваў маладым віцэ-консулам, мяне ўразіла адна гісторыя, якая і дагэтуль успрымаецца мной вельмі супярэчна. Тады на аўтавакзале ў Беластоку я праважаў сваю маці і цешчу, якія вярталіся ў Мінск — яны былі ў нас у гасцях. На вакзале я пабачыў Станіслава Станіслававіча. У добрым паліто, з упэўненым поглядам і з сумкай праз плячо… Падумалася тады: як так, гэта ж першы кіраўнік нашай незалежнай дзяржавы, чаму так, у рэйсавым аўтобусе, у гэтых чэргах на мяжы, якія і тады былі велічэзнымі, першы кіраўнік нашай дзяржавы едзе ў Беларусь? Калісьці дыпламат, былы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Вітольд Юраш напісаў, што суседняя дзяржава магла б паклапаціцца пра першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча…
Але канешне, гэта не было нічыёй віной. Такі вынік — стаўленне Лукашэнкі, рэжыму. Канешне, непрымальнай была сітуацыя, калі яму плацілі адзін сімвалічны даляр пенсіі. Аднак варта адзначыць, што нягледзячы на такое стаўленне, Станіслаў Станіслававіч ніколі не здраджваў сваім прынцыпам, ніколі не адступаў ад сваіх ідэй і светапогляду. І ён быў сапраўдным патрыётам Беларусі.
Узгадваю, што мой першы цесць, які ўжо адыйшоў у іншы свет, асабіста ведаў Шушкевіча і распавядаў, што Станіслаў Станіслававіч збіраў ігральныя карты з розных краін — многія прывозілі яму гэтыя ігральныя карты з камандзіровак. Такая дзіўная калекцыя была ў фізіка-ядзершчыка, члена-карэспандэнта Акадэміі навук. Увогуле ў савецкія часы і ў часы атрымання незалежнасці Беларусі гэта была навуковая эліта. Чалавек з няпростым лёсам, які ніколі не здаваўся.
Шушкевіч ведаў, што такое рэпрэсіі рэжымаў. Варта ўзгадаць і бацьку Станіслава Шушкевіча — таксама Станіслава. Пісьменнік і паэт, у 1937 годзе ён быў арыштаваны і асуджаны на 8 гадоў лагераў. У 1949 годзе быў асуджаны паўторна. Цалкам рэабілітаваны быў толькі ў 1975 годзе. Магчыма, менавіта такія падзеі ў жыцці сям’і зрабілі Станіслава Шушкевіча моцным чалавекам.
На першых і, на жаль, пакуль што апошніх дэмакратычных выбарах у Беларусі я галасаваў за Станіслава Шушкевіча. Але веру, што яшчэ прыйдзе той час, калі мы зможам абраць прадстаўніка беларускага народа на сумленных і празрыстых выбарах.
За некалькі месяцаў да яго сыходу я размаўляў са Станіславам Станіслававічам. Мы стэлефанаваліся, каб абмеркаваць рэформу Канстытуцыі — якой павінна быць канстытуцыя, што важна зафіксаваць усе супрацьвагі, якія ніколі б не дазволілі паўтарыцца сітуацыі, якую мы назіраем ужо 30 гадоў у нашай краіне. У нас адбылася вельмі добрая размова. І скажу шчыра, для мяне быў вялікі гонар, што я мог асабіста паразмаўляць з выключнай асобай для беларускай незалежнасці як Станіслаў Станіслававіч Шушкевіч — першы кіраўнік незалежнай Беларусі.
Comments