Адной з ключавых задач, якую кааліцыя «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» ставіць перад сабой — гэта забеспячэнне адказнасці за міжнародныя злачынствы Лукашэнкі.
У цяперашні час міжнароднымі і беларускімі экспертамі, у прыватнасці НАУ, вядзецца актыўная праца па забеспячэнні міжнароднага правасуддзя ў дачыненні да беларускага дыктатара і ягоных памагатых. Гэта працяглы працэс, які патрабуе сур'ёзных чалавечых і фінансавых рэсурсаў. Мы працягнем актыўна палітычна прасоўваць гэты кірунак, але гэта не азначае, што для рэабілітацыі ахвяр рэпрэсій у Беларусі нічога нельга зрабіць ужо цяпер.
Пасля фармавання новага складу Каардынацыйнай рады мы маем намер прыкласці неабходныя намаганні для стварэння Народнага трыбунала за найбольш сурʼёзныя злачынствы, учыненыя ў Беларусі. Гэта адна з першых ініцыятыў, якую мы плануем ініцыяваць у Каардынацыйнай радзе.
Ці былі такія трыбуналы раней?
Народныя трыбуналы не з'яўляюцца чымсьці новым. Яны былі створаны і паспяхова функцыянуюць у сітуацыях, калі міжнароднае правасуддзе мае абмежаваны патэнцыял або немагчыма ў цэлым.
Што гэта такое?
Народныя трыбуналы зʼяўляюцца формай нізавога правасуддзя і прымаюць форму трыбуналаў, арганізаваных грамадзянскай супольнасцю. Яны, наколькі гэта магчыма, прытрымліваюцца ўсіх прынятых стандартаў працэсуальных нормаў, прадстаўляюць высакаякасны юрыдычны аналіз, кансультацыі і могуць быць мадэллю ўжывання юрыдычна абавязковага правасуддзя.
Фармальна рашэнні такіх трыбуналаў не маюць юрыдычна абавязковай сілы. Яны чэрпаюць сваю сілу з публічнага характару разбору, ад яго ўдзельнікаў (аўтарытэтнасці і кваліфікаванасці суддзяў, экспертаў) і празрыстасці, цэласнасці і сумленнасці працэдур.
Для чаго неабходны Народны трыбунал па Беларусі?
Галоўныя мэты:
грамадская рэабілітацыя ахвяр злачынстваў і частковае папаўненне іх запыту на справядлівасць;
пашырэнне правоў і магчымасцяў ахвяр для дакументавання іх сведчанняў;
выяўленне асоб, якія ўчынілі адпаведныя злачынствы і стварэнне ўмоў для іх хутчэйшага прыцягнення да крымінальнай адказнасці ў будучыні;
фарміраванне фонду легітымных доказаў учыненых злачынстваў;
павышэнне дасведчанасці грамадскасці аб учыненых злачынствах.
Якія злачынствы могуць разглядацца праз Народны трыбунал?
Фармальных абмежаванняў не існуе. Мы накіраваны на тое, каб такі трыбунал займаўся злачынствамі супраць чалавечнасці, якое здзяйсняецца ў Беларусі.
Лукашэнка адкажа за ўсе злачынствы перад беларускім народам. Вынікі працы Трыбунала будуць ціскам на сістэму Лукашэнкі, садзейнічаць расколу элітаў. Яны таксама ўвойдуць у гісторыю і стануць спадчынай для нашай нацыі, каб ніколі падобнага не паўтаралася на беларускай зямлі.
Кааліцыя «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» ініцыюе стварэнне дадзенага трыбунала пасля фарміравання новага складу Каардынацыйнай рады.
Comentários