Народнае антыкрызіснае ўпраўленне і Музей Вольнай Беларусі арганізавалі мерапрыемства ў межах міжнароднай акцыі памяці «Ноч паэтаў».
У Музеі Вольнай Беларусі адбылася літаратурна-тэатральная імпрэза ад Купалаўцаў, на якой яны прачыталі вершы расстраляных паэтаў, і прайшла лекцыя гісторыка Алеся Смаленчука «Беларусь (не)расстраляная».
У сваім выступленні на мерапрыемстве кіраўнік НАУ Павел Латушка адзначыў:
«Сёння мы бачым, што рэжым Лукашэнкі нішчыць нацыянальную культуру Беларусі і беларусаў. Ён знішчае самасвядомасць беларускага народу.
Мы памятаем трагічныя старонкі нашай гісторыі і не дазволім іх забыць, як не дазволім, каб таталітарная сістэма апанавала нашую родную Бацькаўшчыну».
Ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года — трагічная дата беларускай гісторыі. Сёння мы называем яе «Ноччу паэтаў» і аддаем даніну памяці выбітным суайчыннікам, нявінна знішчаным савецкімі ўладамі.
Поўная версія звароту Паўла Латушкі з нагоды гадавіны Ночы расстраляных паэтаў (апублікавана на youtube-канале НАУ 29.10. 2023)
Мы змагаемся, каб тая ноч не паўтарылася
Болей за сто чалавек. Чорная ноч беларускай гісторыі. У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года карнікамі НКУС адбылося масавае забойства выбітных беларускіх дзеячоў культуры і навукі. 86 гадоў таму Беларусь пазбавілася найбольш таленавітых беларускіх творцаў. Па надуманых падставах яны былі затрыманыя, змешчаныя ў турмы, а пазней — растраляныя. Па фармальных абвінавачваннях у падпольнай антысавецкай дзейнасці, без доказаў і фактаў здзяйснення рэальных злачынстваў, людзі сталі ворагамі дзяржавы, за што былі вымушаныя аддаць свае жыцці. З таго часу беларусы ва ўсім свеце ўзгадваюць адну з самых трагічных дат у сваёй гісторыі – Ноч расстраляных паэтаў.
Сёння нярэдка можна пачуць, што гісторыя цыклічная, што гістарычныя падзеі зноў паўтараюцца праз пэўныя прамежкі часу. Пасля ночы расстраляных паэтаў прайшло 86 гадоў. І сёння мы бачым, як злачынны рэжым Лукашэнкі таксама спрабуе забіць беларускую культуру: перапісвае падручнікі гісторыі, забараняе нацыянальныя сімвалы з тысячагадовай гісторыяй, выкараняе выкарыстанне беларускай мовы. Нацыянальны вокліч «Жыве Беларусь!» прызнаны ў Беларусі нацысцкім, а ў зняволенні цяпер знаходзіцца больш за 140 дзеячоў культуры. На жаль, і сёння сярод дзеячоў культуры ёсць ахвяры, якія загінулі ў няволі. Як 86 гадоў таму, так і сёння прарасійская ўлада спрабуе зрабіць замах на беларускую культуру.
Тысячы беларусаў, абвінавачаных па крымінальных справах за іншадумства, прайшлі турму на вуліцы Валадарскага ў знакамітым Пішчалаўскім замку. 86 гадоў таму ахвяры ночы растраляных паэтаў праходзілі па тых жа калідорах Пішчалаўскага замка. Сёння разам з супрацоўнікамі іншых карных ўстаноў людзей затрымліваюць супрацоўнікі беларускага камітэта дзяржбяспекі. 86 гадоў таму — ахвяр чорнай ночы затрымлівалі супрацоўнікі ўпраўлення дзяржбяспекі НКУС БССР. 86 гадоў таму галоўнымі ворагамі народа сталі дзеячы культуры. І сёння для рэжыму Лукашэнкі дзеячы культуры з’яўляюцца ворагамі.
У ноч з 29 па 30 кастрычніка 1937 года Беларусь згубіла сотні ненапісаных вершаў, песень, якія сёння маглі б лічыцца народнымі, твораў культуры, якія маглі б рабіць нашу краіну вядомай на ўвесь свет, дзязясткі вынаходніцтваў, якія маглі б зрабіць нашае сённяшняе жыццё лепшым. У 1937 годзе мы згубілі тое, чаго сёння не хапае беларускай культуры. На жаль, ахвяраў ночы растраляных паэтаў вярнуць немагчыма. Немагчыма вярнуць і тых, каго забівалі начамі жніўня 2020-га. Але магчыма змяніць тое, што будзе ў нашай будучыні, у нашым далейшым жыцці і жыцці нашых нашчадкаў. Менавіта сёння мы можам забяспечыць незалежную Беларусь заўтра з багатай нацыянальнай культурай, з нацыянальным тэатрам і кіно, музыкай і мастацтвам. Са сваім, а не з чужым. Таму сёння мы змагаемся за тое, каб крывавая ноч беларускай культуры і навукі больш ніколі не паўтарылася.
Мы павінны вучыцца на гістарычных памылках і памятаць аб нацыянальных трагедыях. Гэта варта рабіць у першую чаргу для таго, каб злачынствы ніколі не паўтарыліся. Таму сёння асабліва важна разумець, што рэжым Лукашэнкі рухаецца ў бок такога ж тэрору, што сёння з-за прагі ўлады дыктатара працягваюць гінуць людзі. А гэта значыць, што мы, беларусы, павінны зрабіць усё, каб спыніць гэтыя злачынствы.
Гістарычныя падзеі сапраўды могуць паўтарацца. Але толькі людзі ў стане паўплываць на іх і толькі людзі могуць іх спыніць. Так, галасы дзеячоў культуры і навукі ў Беларусі з кожным днём становяцца цішэйшымі, але знішчыць яе ў ворагаў беларускасці ніколі не атрымаецца. Сёння беларуская культура і навука развіваецца за мяжой, ладзяцца культурныя імпрэзы і навуковыя канферэнцыі, адбываюцца гастролі беларускіх тэатраў, працягваецца праца беларускіх выдавецтваў. Беларускую культуру ніколі не атрымаецца знішчыць. Беларускасць пераможа, а рэжым паняссе сваю гістарычную і юрыдычную адказнасць за злачынствы супраць беларусаў. І мы не спынімся, пакуль не дасягнем гістарычных зменаў.
Сёння мы згадваем закатаванных злачынцамі прадстаўнікоў беларускай культуры і навукі. Людзей, якія былі забітыя карнікамі НКВД за тое, што былі беларусамі, што працавалі на карысць беларускай нацыі. Мы памятаем трагічныя старонкі нашай гісторыі і не дазволім іх забыць, як не дазволім каб таталітарная сістэма панавала на нашай роднай Бацькаўшчыны.
Comments