
Прыняцце Сенатам Рэспублікі Польшча Рэзалюцыі па пытанні аб несумленных выбарах у Беларусі — гэта падзея, якая ўвойдзе ў гісторыю нашай краіны і барацьбы нашага народа і дэмакратычных сіл, якія яго прадстаўляюць, за свабоду і дэмакратыю.
Упершыню ў нашай сучаснай гісторыі верхняй палатай нацыянальнага парламента замежнай дзяржавы — Сенатам Польшчы — прадстаўнічы орган беларускіх дэмакратычных сіл — Каардынацыйная Рада — быў прызнаны беларускім парламентам на эміграцыі.

Гэта ўжо зафіксаваны факт. І гэты факт, гэтая падзея ўвойдзе ў падручнікі гісторыі дэмакратычнай Беларусі.
Акрамя таго, дадзенай Рэзалюцыяй польскі Сенат дэкларуе гатоўнасць да супрацоўніцтва з прадстаўнікамі Каардынацыйнай Рады.
Для мяне асабіста няма лепшага адказу ўсім тым, хто абраў шлях барацьбы не з дыктатурай Лукашэнкі, а са створанымі, дзейнымі і прызнанымі дэмакратычнымі краінамі інстытутамі беларускіх дэмакратычных сіл.
Разам з тым, для ўсіх нас, прадстаўнікоў Каардынацыйнай Рады, Аб'яднанага Пераходнага Кабінета і іншых арганізацый і структур беларускіх дэмсіл і грамадзянскай супольнасці, гэтая падзея павінна стаць велізарнай матывацыяй працягваць актыўную барацьбу за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі, развіваць і ўмацоўваць нашыя інстытуты, іх прызнанне і ўплыў на міжнароднай арэне.
І мы ўжо гэта робім і дабіваемся сур'ёзных поспехаў. Раней Каардынацыйная Рада як прадстаўнічы орган была прызнаная партнёрам для супрацоўніцтва Парламенцкай асамблеяй Рады Еўропы. І ўжо хуткім часам дэлегацыя Каардынацыйнай Рады, у якую я маю гонар уваходзіць, адправіцца ў Страсбург на першую сесію ПАРЕ 27-31 студзеня, каб таксама ўпершыню ў гісторыі прадстаўляць Беларусь на такім высокім узроўні.
Я віншую калег па Каардынацыйнай Радзе і ўсім дэмакратычным руху з гэтымі найважнейшымі падзеямі ў нашай гісторыі, якую мы ствараем разам. Не хачу гучаць пафасна, але нам сапраўды выпала гістарычная місія і мы абавязаны весці нашу барацьбу да дасягнення нашай агульнай мэты – свабоднай, дэмакратычнай і еўрапейскай Беларусі.
Жыве Беларусь!
Comments