top of page

Супраць рэжыму Лукашэнкі выступіў «Гродна Азот»


Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол

Суд Еўрапейскага саюза не задаволіў пазоў і не зняў санкцыі з ААТ «Гродна Азот» і яго філіяла «Хімвалакно», якія трапілі ў пяты санкцыйны пакет ЕС супраць рэжыму Лукашэнкі ў снежні 2021 года. Раней аналагічныя адмовы паступілі ў адрас ААТ «Мінскі аўтамабільны завод», ААТ «БЕЛАЗ» і «Белаэранавігацыя».

Не гледзячы на тое, што Лукашэнка на ўсіх пляцоўках і нарадах пыжыцца пераканаць беларускую наменклатуру, што так, у нас дыктатура, але мы адзіныя і радыя таму, што ўсе падтрымліваюць абраны курс, а любыя санкцыі нам хоць бы што і «робяць нас толькі мацней», кіраўнікі падсанкцыйных прадпрыемстваў іншай думкі. 

У гэты раз вызначыўся сваёй уяўнай адданасцю дыктатару дырэктар ААТ «Гродна Азот» Ігар Ляшэнка, які, ігнаруючы бравады Лукашэнкі, прасіў Суд Еўрапейскага саюза адмяніць санкцыі, накладзеныя на галаўное прадпрыемства ААТ «Гродна Азот» і яго філіял «Хімвалакно». 

У сваёй заяве ў Суд ЕС Ляшэнка заявіў, што факты выплаты дывідэндаў дзяржаве «не могуць разглядацца як падтрымка рэжыму Лукашэнкі», і «што той факт, што прадпрыемствы належаць дзяржаве, не прымушае іх станавіцца палітычна актыўнымі і падтрымліваць пэўны рэжым, і што іх карпаратыўная мэта палягае ў вядзенні прыбытковага бізнэсу».

Брава, спадар Ляшэнка. Вы прызналі і афіцыйна зафіксавалі ў пазове, што ў Беларусі рэжым і вы вымушаныя яго фінансаваць. А Савет ЕС няправільна ацаніў факты адноснага таго, хто і як фінансуе і падтрымлівае рэжым. І прывялі довады, што не падтрымліваеце і не фінансуеце рэжым Лукашэнкі.  

У сваёй пісьмовай заяве Ляшэнка заявіў, што выплаціў дывідэнды ў бюджэт дзяржавы «у 2018 годзе ў суме 8 481 000 рублёў, у 2019 годзе — 34 200 000 рублёў, у 2020 годзе — 6 835 000 рублёў, а вось за 2021 год дывідэнды не выплачваліся». Гэта значыць, паспрабавалі ў чарговы раз схітрыць і падмануць і прынялі рашэнне дывідэнды за год, у якім былі ўведзеныя санкцыі на прадпрыемства, не выплачваць і на гэтай падставе спрабаваць аспрэчыць уведзеныя санкцыі. І ўжо 2 сакавіка 2022 падалі пазоў у Суд Еўрапейскага саюза. 

Дарэчы, яшчэ ў снежні 2021 года, адразу пасля ўвядзення санкцый, кіраўніцтва ААТ «Гродна Азот» пачало барацьбу за адмену санкцый ЕС і быў арганізаваны прымусовы збор подпісаў супрацоўнікаў прадпрыемства для звароту ў Міжнародную арганізацыю працы з мэтай адмены заходніх санкцый. Бо не толькі ЕС увёў санкцыі супраць ААТ «Гродна Азот», але і ЗША ў красавіку 2021 года аднавілі раней прыпыненыя санкцыі супраць гэтага прадпрыемства. Асобна ў жніўні 2021 года трапіў пад амерыканскія санкцыі і сам дырэктар «Гродна Азот» Ігар Ляшэнка.

Ігар Ляшэнка
Ігар Ляшэнка. Крыніца: Hrodna.life

Яшчэ раз — прызначаны Лукашэнкам дырэктар ААТ «Гродна Азот» Ігар Ляшэнка праз сваіх прадстаўнікоў у судзе заявіў, што ААТ «Гродна Азот» не падтрымлівае і не фінансуе рэжым і фіксуе гэта наступным аргументам, што яны вымушаныя плаціць дывідэнды дзяржаве, але яны не нясуць адказнасці за тое, як у далейшым выкарыстоўваюцца гэтыя сродкі — нават калі яны ідуць на парушэнне правоў грамадзян. У заяве пазначана, што прадпрыемства «не мае ніякага кантролю над выкарыстаннем сродкаў, якія яно плаціць дзяржаве». З самім фактам наяўнасці антыдэмакратычнага рэжыму ў Беларусі Ляшэнка не спрачаецца. 

Далей больш — кіраўніцтва ААТ «Гродна Азот» пацвердзіла парушэнне правоў грамадзян у Беларусі і ў Еўрапейскім судзе ў сваіх довадах заяўнікі сцвярджалі, што «яны самі не нясуць адказнасці за парушэнні рэжымам Лукашэнкі правоў чалавека, дэмакратыі, вяршэнства права, рэпрэсіі грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі ў Беларусі».

Да пытання недатычнасці кіраўніцтва «Гродна Азот» да рэпрэсій факты кажуць пра адваротнае. У пастанове суда зафіксавана, што работнікі «Гродна Азот», у тым ліку работнікі завода «Хімвалакно», якія ўдзельнічалі ў мірных акцыях пратэсту супраць рэжыму і абвясцілі страйк, падвяргаліся звальненням, запалохванню і пагрозам як з боку кіраўніцтва «Гродна Азота», так і з боку прадстаўнікоў рэжыму. Такім чынам, кіраўніцтва «Гродна Азот» нясе адказнасць за рэпрэсіі супраць работнікаў прадпрыемства.

Кіраўніцтва ААТ «Гродна Азот», як раней кіраўніцтва МАЗ і БЕЛАЗ, спрабуюць даказаць сваю недатычнасць да рэжыму, але пакуль, зноў жа, робяць гэта за межамі Беларусі — у Еўропе.

І цалкам натуральна, што Суд Еўрасаюза ў Люксембургу ў лютым адхіліў пазоў ААТ «Гродна Азот» і яго філіяла «Хімвалакно», якія запатрабавалі адмяніць санкцыі ЕС. Суд прызнаў, што Савет ЕС мела рацыю ў сваіх ацэнках важнага і стратэгічнага становішча ААТ «Гродна Азот» у беларускай эканоміцы, яго статусу дзяржаўнай кампаніі, а таксама таго факту, што ААТ «Гродна Азот» падтрымлівае рэжым Лукашэнкі, прадстаўляючы сабой крыніцу істотных даходаў для рэжыму.

Стаўленікі Лукашэнкі не змаглі дамагчыся скасавання санкцый, але абавязаныя будуць аплаціць усе судовыя выдаткі. Супрацоўніцтва з гэтымі прадпрыемствамі для еўрапейскіх кампаній застанецца пад забаронай, а актывы — замарожаныя.

Любая датычнасць да рэжыму Лукашэнкі таксічная, а выдаткі ад такога дачынення мы бачым. Прасцей аднавіць звольненых, а дывідэнды выплаціць рэпрэсаваным і работнікам прадпрыемства, а не пералічваць іх у казну лукашэнкаўскага рэжыму. 

Хіба думаў спадар Ляшэнка, што стане «непажаданай персонай», што будзе даказваць у еўрапейскіх інстанцыях сваю недатычнасць да шматлікіх парушэнняў, што будзе адхіляцца ад Лукашэнкі, які прызначаў яго не толькі на пасаду дырэктара ААТ «Гродна Азот», але і на пасаду старшыні канцэрна «Белнафтахім», а таксама на пасаду намесніка прэм'ер-міністра. Думаю, што не. Хутчэй, думаў пра годнае завяршэнне кар'еры і пра павагу. Але, відаць, не лёс. Кожны сам каваль свайго шчасця.

«Гродна Азот» рыхтуецца да страйку 2020 год
«Гродна Азот» рыхтуецца да страйку 2020 год. Крыніца: reform.by

Магчыма, у дырэктара ААТ «Гродна Азот» Ігара Ляшэнкі проста банальная крыўда на Лукашэнку. Крыўда, што апусціў у фінансавай іерархіі і грашовую ўзнагароду прызначыў значна ніжэй, чым яго калегам. 

Так у 2022 годзе Ляшэнка атрымаў 127 831 рубель даходаў, а ён жа дырэктар стратэгічнага важнага ў беларускай эканоміцы прадпрыемства і былы віцэ-прэм'ер. У той жа час Дзмітрый Корчык, дырэктар кіруючай кампаніі ААТ «Беларускі металургічны завод», за 2022 год атрымаў 231 033 рублі. Нават дырэктар ААТ «Гомсельмаш» Аляксандр Новікаў меў у той жа год даход 199 104 рублі.  Вось толькі ні Корчык, ні Новікаў не дазволілі сабе пакуль адхрышчвацца ад рэжыму Лукашэнкі. І гэта толькі пакуль.

Але, як кажуць, лепей позна, чым ніколі. І факты даказвання недатычнасці да рэжыму, а фактычна адмова ад Лукашэнкі, што прад'яўляюцца за межамі Беларусі — гэта верны шлях, каб прыйсці да вяртання згубленых і адкрыцця новых рынкаў, эфектыўнай працы сваіх прадпрыемстваў і дабрабыту работнікаў. Толькі, каб быць пачутымі і прынятымі — лепш рабіць канкрэтныя крокі для адхілення Лукашэнкі ад улады і не ўцягвацца ў яго злачынныя схемы. Згодныя з гэтым, спадары Ляшэнка, Корчык, Новікаў і іншыя?

Comments


bottom of page