Рэжым Лукашэнкі, баючыся новых санкцый, не заўсёды хоча афішаваць сваё супрацоўніцтва з адміністрацыяй акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны, а таксама развіццё з імі разнастайных сувязяў і кантактаў: эканамічных, інфармацыйна-ідэалагічных, палітычных і іншых. Але гэтыя сувязі і кантакты, насамрэч, вельмі шырокія.
Такія сувязі і кантакты пачаліся яшчэ да поўнамаштабнага ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну 24 лютага 2022 года. У прыватнасці, рэжым Лукашэнкі актыўна гандляваў з акупаваным Расіяй Данбасам. Па некаторых падліках яшчэ да 2020 года экспарт з так званай Данецкай Народнай Рэспублікі (ДНР) у Беларусь мог складаць каля 5% ад агульнага аб'ёму экспарту самаабвешчанага псеўдагасудартсва (гэта перш за ўсё былі тавары лёгкай прамысловасці), а імпарт з Беларусі ў ДНР — каля 25% (гэта ў асноўным тавары паўсядзённага спажывання: мясамалочныя прадукты, алкаголь і інш.).
Гандаль паміж Беларуссю і акупаванымі тэрыторыямі Украіны адбываўся ў нелегальным фармаце на ўзроўні асобных юрыдычных асоб пры пасярэдніцтве расійскіх кампаній. Па сутнасці гэта быў ценявы бізнэс. Так, намеснік генеральнага дырэктара па камерцыйных пытаннях кандытарскай фабрыкі «Камунарка» Лілія Сівакова адкрыта прызнавалася, што «Так, мы працуем з Данецкам — гэта прамыя пастаўкі. Пастаўляем шакалад, шакаладныя цукеркі... Ніякіх праблем у нас там няма, працуем па перадаплаце. Разлічваюцца яны расійскімі рублямі... На Данецк у нас прыпадае некалькі адсоткаў экспарту».
Першы намеснік дырэктара ААТ «Кобрынскі масларобна-сыраробны завод» Мікалай Токар таксама казаў, што яго прадпрыемства пастаўляла сыры і тварог праз расійскую фірму, якая з'яўлялася афіцыйным дыстрыбутарам. «Пункт прызначэння ў дакументах канкрэтна прапісваецца — Данецк, Луганск. У дакументах гэта пазначаецца НЕ як тэрыторыя Украіны, — адзначаў намеснік дырэктара, — прыкладна каля 20 тон у месяц мы туды пастаўляем».
Дырэктар Бярозаўскага сыраробнага камбіната Уладзімір Папеня нават апісваў схему гандлю з акупаванымі расійскімі баевікамі Данецкам і Луганскам, прызнаючыся, што рабіла ягонае прадпрыемства гэта не афішуючы свае кантакты: «Працуем паспяхова, з дзвюма фірмамі, прэтэнзій ніякіх няма... Усё ідзе добра, паводле плану».
У акупаваных Данецку і Луганску нават існуюць асобныя гандлёвыя кропкі, якія пазіцыянуюць сябе як афіцыйныя прадаўцы беларускай прадукцыі. Напрыклад, гэта салон «Двери Белоруссии» ў Луганску або крама «Мебель Белоруссии» ў Данецку, які гандлюе прадукцыяй прадпрыемства «Бобруйскмебель».
Напрыклад, ТАА «Майстар-Гандаль» з'яўляецца буйным дыстрыбутарам прадуктаў харчавання з Беларусі ў так званыя ДНР і ЛНР. У прыватнасці, ТАА «Майстар-Гандаль» актыўна займаецца імпартам на акупаваныя тэрыторыі беларускага піва. Так, беларуская дзяржаўная піваварная кампанія «Крыніца» пастаўляла прадукцыю для ТАА «Майстар-гандаль», пад гэта нават рабілася спецыяльная марка піва «Юзбір». Аднак, піва «Крыніца» пастаўляла не наўпрост, а праз фірму-пракладку.
Акрамя таго, прыватны завод «Слаўпрадукт» разліваў гарэлку на замову данецкай кампаніі «Белсвіт» — буйнога імпарцёра беларускай алкагольнай прадукцыі ў так званую ДНР. Схема працы была наступная: «Белсвіт» наймаў беларускага перавозчыка, які вёз прадукцыю праз Расію ў акупаваны Данецк. Яшчэ адна схема паставак на акупаваныя тэрыторыі была праз зарэгістраваную ў Ганконгу фірму Huge Sky LTD. Так дзейнічаў «Мазырскі спіртагарэлачны завод», які за гэта нават трапіў пад украінскія санкцыі ў 2019 годзе.
Але пасля лютага 2022 года кантакты рэжыму Лукашэнкі з акупаванымі Расіяй тэрыторыямі Украіны сталі яшчэ больш інтэнсіўнымі і самае галоўнае, акрамя эканамічнага, выйшлі на афіцыйны палітычны ўзровень.
Напрыклад, у маі 2022 года беларускі завод МТЗ заключыў кантракты з самаабвешчанымі ДНР і ЛНР на пастаўку трактароў, а 27 ліпеня 2022 года ў Брэст прыбыла з візітам дэлегацыя так званай Данецкай Народнай Рэспублікі (ДНР). Кіраўнік дэлегацыі Дзяніс Пушылін распавёў пра тое, што разам з намеснікам старшыні Брэсцкага аблвыканкама Дзмітрыем Гарадзецкім, старшынёй гарадскога Савета дэпутатаў Мікалаем Красоўскім і кіраўніком рэгіянальнай арганізацыі «Белая Русь» Аляксандрам Бахановічам абмеркаваў перспектывы ўзаемадзеяння Брэсцкай вобласці Беларусі і так званай Данецкай Народнай Рэспублікі (ДНР).
У адказ на акупаваныя тэрыторыі з Беларусі таксама здзяйсняліся візіты, праўда яны былі куды менш прадстаўнічымі. У чэрвені 2022 года самаабвешчаную ДНР наведаў дэпутат парламента Лукашэнкі і лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алег Гайдукевіч. А дэлегацыя з Беларусі, якая прыбыла ў снежні 2022 года ў Луганск, якая складаецца пераважна з прадстаўнікоў так званых ветэранскіх арганізацый і прапагандыстаў (старшыні аргкамітэта Беларускай партыі «Саюз» Сяргея Лушча і прапагандыста тэлеканала СТВ Рыгора Азаронка), заявіла, што дапаможа стварэнню ў так званай ЛНР беларускага нацыянальна-культурнага таварыства.
Ужо ў сакавіку 2023 года прадстаўнікі расійскіх акупацыйных адміністрацый заяўлялі, што хочуць прыцягнуць на акупаваныя Расіяй тэрыторыі інвестыцыі з Беларусі. Лукашэнка ў сваю чаргу таксама пачаў заяўляць пра гатоўнасць дапамагаць з аднаўленнем Данбаса. Падчас агрэсіі Расіі супраць Украіны рэжым Лукашэнкі пачаў шэраг як ён сам называў «гуманітарных» акцый на акупаваных тэрыторыях Украіны, перш за ўсё арганізацыі незаконнага вывазу ўкраінскіх дзяцей у Беларусь.
Нарэшце, 18 красавіка 2023 года самаабвешчаны прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з часовым выканаўцам абавязкаў кіраўніка так званай ДНР Дзянісам Пушыліным як з асобай у статусе кіраўніка суб'екта Расійскай Федэрацыі, у рамках якой прапанаваў дапамогу ў аднаўленні і развіцці гэтага акупаванай Расіяй тэрыторыі.
«Працы наперадзе вельмі шмат. Трэба аднаўляцца. Трэба прамысловыя прадпрыемствы адраджаць, сельскую гаспадарку. Урэшце людзі там жыць будуць. Гэта 100%. І карміць людзей жа трэба. Таму мы гатовыя аказаць адпаведную дапамогу і падтрымку для таго, каб не чужыя нам людзі там нарэшце перасталі пакутаваць. Таму я чакаю такога адкрытай ад вас размовы. Давайце падзелімся думкамі», — заявіў тады Лукашэнка.
Па выніках гэтай сустрэчы пачалася рэзкая інтэнсіфікацыя кантактаў паміж акупацыйнай адміністрацыяй і нелегітымнымі ўладамі Беларусі. Ужо 8 чэрвеня 2023 года так званы міністр аграпрамысловай палітыкі і харчавання так званай ДНР Арцём Крамарэнка правёў рабочую сустрэчу з тагачасным міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Ігарам Брыло.
Праз некалькі дзён на палях Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форуму, які праходзіў з 14 па 17 чэрвеня 2023 года, кіраўнік так званай Данецкай Народнай Рэспублікі (ДНР) Дзяніс Пушылін і пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Крутой падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве. Бакі дамовіліся развіваць супрацоўніцтва ў сельскай гаспадарцы, машынабудаванні, вугальнай галіне і пастаўках харчовай прадукцыі.
У чэрвені 2023 года так званы старшыня ўрада ДНР Яўген Сонцаў заявіў, што першая кампанія з Беларусі пачала экспарт збожжа праз порт Марыўпаля. Па словах прадстаўніка акупацыйнай адміністрацыі, неназваная фірма да таго моманту арандавала складскія памяшканні і працавала ў порце ўжо каля двух месяцаў. У жніўні 2023 года Яўген Сонцаў і кіраўнікі профільных міністэрстваў так званай ДНР азнаёміліся з працай дзвюх беларускіх кампаній — МАЗ і кіруючай кампаніяй холдынгу «Амкадор». Дэлегаты намецілі планы па далейшым супрацоўніцтве з беларускімі прадпрыемствамі.
У прыватнасці, Сонцаў падпісаў пагадненне аб супрацоўніцтве з «Амкадорам» — буйным вытворцам тэхнікі. «Тут вельмі салідная канструктарская група, якая зможа спраектаваць тэхніку „на заказ“. Любой складанасці. У сціснутыя тэрміны. Разлічваем на доўгатэрміновае супрацоўніцтва», — напісаў тады чыноўнік расійскай акупацыйнай адміністрацыі. Таксама бакі дамовіліся аб пастаўках тэхнікі МАЗ, а кіраўніцтва Мінскага аўтазавода зацікавіла прапанова па лакалізацыі часткі зборачнай вытворчасці на тэрыторыі так званай ДНР.
Таксама ў жніўні 2023 года самаабвешчаная ДНР выступае ўжо як суб'ект федэрацыі Расіі падпісала пагадненне аб супрацоўніцтве з «Магілёўліфтмашам». Дэлегацыя так званай ДНР таксама пабывала на вытворчасці «Магатэксу» і «Першай прамысловай кампаніі», паабяцаўшы і там куплю беларускай прадукцыі. Усяго, як адзначыў Яўген Сонцаў, папярэдне пакет дамоўленасцей з беларускімі прадпрыемствамі ацэньваецца ў 3 мільярды расійскіх рублёў у год.
Супрацоўніцтва беларускіх прадпрыемстваў з акупаванымі тэрыторыямі Украіны адбывалася і ў рамках рознага роду гуманітарных акцый. Напрыклад, так званая ДНР атрымала ад прадпрыемства з Беларусі 12 тон шпалераў (каля 14 000 рулонаў, якія павінны былі быць выкарыстаны ў Новаазоўскім раёне). За гэта акупацыйная адміністрацыя Новаазоўскага раёна ДНР нават уручыла падзяку ААТ УКХ «Беларускія шпалеры» ў асобе генеральнага дырэктара Каляды Аляксандра Уладзіміравіча.
У верасні 2023 года дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Дзмітрый Мезенцаў у рамках «гуманітарнай дапамогі» па рашэнні Лукашэнкі і Пуціна перадаў 100 ноўтбукаў беларускай вытворчасці і чатыры трактары МТЗ навучальным установам самаабвешчанай ЛНР.
Акрамя эканамічнага супрацоўніцтва, кантакты інтэнсіфікаваліся на ўзроўні створаных рэжымам Лукашэнкі грамадскіх арганізацый. У прыватнасці, актыўна ў гэтым напрамку працуе так званы маладзёжны парламент пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь. Яшчэ 12 жніўня 2022 года каардынатар Асацыяцыі моладзевых парламентаў Прыволжскай федэральнай акругі Расіі Уладзімір Маскаленка правёў відэаканферэнцыю з старшынёй моладзевых парламентаў ЛНР, ДНР і Рэспублікі Беларусь.
А ўжо 4 лістапада 2023 года (у расійскае свята «Дзень народнага адзінства») у Данецку адбылася сустрэча прадстаўнікоў моладзевага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь і палаты маладых заканадаўцаў пры Савеце Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі з так званым старшынёй народнага савета Данецкай Народнай Рэспублікі Арцёмам Уладзіміравічам Жога. Пасля заканчэння гэтай сустрэчы так званы старшыня моладзевага парламента Беларусі Мікіта Рачылоўскі ўручыў Ганаровую грамату моладзевага парламента Арцёму Жога і падзякаваў яму за падтрымку і актыўнае супрацоўніцтва.
Тады ж прайшло падпісанне пагаднення паміж моладзевым парламентам пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь і моладзевым парламентам так званай ДНР, які атрымаў удзячны ліст ад Мікіты Рачылоўскага за супрацоўніцтва на карысць моладзі Саюзнай дзяржавы. З расійскімі моладзевымі арганізацыямі на акупаваных тэрыторыях актыўна развівае супрацоўніцтва і Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі — найбуйнейшая моладзевая арганізацыя рэжыму Лукашэнкі.
Акрамя супрацоўніцтва з ДНР і ЛНР, нелегітымныя ўлады Беларусі развіваюць афіцыйныя адносіны з акупаваным Крымам. У пачатку сакавіка 2023 года кіраўніцтва Віцебскага аблвыканкама і ўлады анэксаванага Расіяй Крыма падпісалі пагадненне аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі Крыма Сяргей Аксёнаў і старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін дамовіліся ўмацоўваць адносіны паміж рэгіёнамі і пазначылі перспектывы сумеснай працы. Аксёнаў тады падкрэсліў, што «беларускім прадпрыемствам заўсёды рады на крымскай зямлі».
Паводле афіцыйнага сайта Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі, дзяржаўная мэдычная ўстанова «Санаторый “Белоруссия"» — арганізацыя, якая знаходзіцца ў Ялце, у Крыме і належыць кіраўніцтву справамі Лукашэнкі, размяшчаецца на тэрыторыі Расіі, то бок кіраўніцтва справамі прызналі, што Крым належыць Расійскай Фэдэрацыі. У сваю чаргу кіраўнік парламенцкай камісіі па міжнародных справах, дэпутат Андрэй Савіных у эфіры расійскай праграмы «Салаўёў live» заявіў, што дэ-факта і дэ-юрэ Крым быў прызнаны беларускім бокам расійскім. Падобнымі дзеяннямі рэжым Лукашэнкі афіцыйна адмаўляе тэрытарыяльную цэласнасць Украіны і наўпрост прызнае анэксію ўкраінскіх тэрыторый Расіяй.
Акрамя таго, нелегітымныя ўлады Беларусі вырашылі не пазней за 1 ліпеня 2024 года адкрыць у Растове-на-Доне Генеральнае консульства Рэспублікі Беларусь замест аддзялення пасольства. Гэтая консульская акруга будзе ўключаць акупаваныя Расіяй рэгіёны Украіны. І гэта толькі невялікая частка фактаў супрацоўніцтва рэжыму Лукашэнкі з акупаванымі Расіяй тэрыторыямі Украіны.
Comments