top of page

Супрацоўніцтва з Польшчай


Польскі бок прыняў да абмеркавання паўнамоцтвы Кабінета пацвярджаць прыналежнасць да грамадзянства Беларусі з наступнай выдачай пашпартоў


Прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета на мінулым тыдні правялі цэлы шэраг афіцыйных сустрэч з вышэйшым кіраўніцтвам Польшчы, уключаючы прэзідэнта Анджэя Дуду, віцэ-прэм'ера Пятра Гліньскага, маршалка Сейма Эльжбету Вітэк, главамі і прадстаўнікамі Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, Міністэрства замежных спраў, Міністэрства адукацыі і навукі, Міністэрства здароўя, Міністэрства фінансаў Польшчы, Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны, а таксама пасламі краін Еўрасаюза.


Намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка распавёў пра значэнне і вынікі такога насычанага тыдня афіцыйных сустрэч:


  • «Нашае супрацоўніцтва з Польшчай і заходнім светам паступова выходзіць на інстытуцыянальны ўзровень. Кабінет выбудоўвае сістэму ўзаемадзеяння, каб хутчэй вырашаць праблемныя пытанні беларусаў».

  • «На маёй памяці не было візіту прэм’ер-міністра ці іншай афіцыйнай асобы з Беларусі за ўсю гісторыю двухбаковых адносін, у рамках якой прайшло б столькі сустрэч з кіраўніцтвам Польшчы. Фактычна гэта палітычнае прызнанне Кабінета».

  • «У Сейме пачалося абмеркаванне рэзалюцыі па Беларусі. Падчас пасяджэння камісіі па міжнародных справах усе дэпутаты наперабой казалі: «хопіць цырымоніцца з рэжымам дыктатара».

  • «На сустрэчы з Міністрам унутраных спраў Марыюшам Каміньскім Кабінет перадаў прапановы ўвесці новыя санкцыі супраць усіх асоб, якія падтрымліваюць вайну супраць Украіны, маюць дачыненне да рэпрэсій супраць беларусаў і польскай нацыянальнай меншасці».

  • «Польскі бок прыняў да абмеркавання паўнамоцтвы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета пацвярджаць прыналежнасць да грамадзянства Беларусі з наступнай выдачай пашпартоў. Пакуль Варшава пачала выдачу спецыяльных праязных дакументаў беларусам, якія па тых ці іншых прычынах страцілі пашпарты, і знаходзяцца ў Польшчы на гуманітарных падставах. Была створана пастаянная сумесная рабочая група для вырашэння праблемных пытанняў».

  • «Двухбаковая працоўная група Кабінета будзе заснаваная з польскім Мінфінам. Згоду на гэта выказала глава ведамства Магдалена Жэчкоўска. Такім чынам, мы канстатуем стварэнне інстытута для вырашэння праблем пры адкрыцці рахункаў, адкрыцця і вядзення бізнесу беларусамі ў Польшчы».

  • «Цэнтральнай тэмай візіту дэлегацыі Кабінета ў Міністэрства замежных спраў стала магчымасць стварэння кааліцыі краін, якія будуць займаць праактыўную пазіцыю па падтрымцы дэмакратычнай Беларусі».

  • «Міністр адукацыі і навукі Пшэмыслаў Чарнэк запэўніў аб гатоўнасці выдзеліць фінансаванне на развіццё беларускіх нядзельных школ, даследаванне беларускай мовы і літаратуры. Вынікам перамоў з прадстаўнікамі Мінадукацыі стала згода на стварэнне сумеснай працоўнай групы, якую з боку Кабінета ўзначаліць яго прадстаўніца Аліна Коўшык».

  • «На сустрэчы ў Міністэрстве здароўя мы ўбачылі, што там разумеюць праблемы беларускіх медыкаў, якія сутыкаюцца са складанасцямі пры пацвярджэнні сваёй адукацыі і кваліфікацыі. Напрыклад, з адсутнасцю апастыля з-за немагчымасці праставіць яго ў Беларусі. Прадстаўнікі Міністэрства пацвердзілі гатоўнасць вырашаць гэтыя праблемныя пытанні ў інтарэсах беларусаў».

Comments


bottom of page