Добры дзень, паважаныя калегі, паплечнікі, усе прысутныя. Па гэты і, галоўнае, – па той бок экрану. Хто глядзіць і слухае нас зараз не ў залі Палацу культуры і наукі Варшавы - а анлайн ці ў запісы.
Вялікі дзякуй усім, хто забяспечвае інфармацыйную падтрымку дадзенага мерапрыемства, усім прысутным СМІ і журналістам. Дзякуючы вам мы можам казаць пра тое, што мы маем магчымасць забяспечыць выкананне аднаго з галоўных прынцыпаў, якім павінны кіравацца дэмакратычныя сілы - прынцыпа празрыстасці.
І таму я недарма звяртаю асаблівую ўвагу і асабліва ўдзячны ўсім гледачам, хто далучыўся і глядзіць нас зараз. Менавіта для іх мы працуем і перад імі адказваем за гэтую працу. У першую чаргу перад беларускім народам і грамадствам кожны Прадстаўнік Аб’яднанага Пераходнага Кабінету прадставіць сёння свае справаздачы - ў адпаведнасці з узятымі на сябе абавякамі і кірункамі адказнасці.
Як чалавек, які меў гонар быць кіраўніком найстарэйшага Нацыянальнага Купалаўскага тэатру, а таксама як былы Міністар Культуры Рэспублікі Беларусь, я выдатна разумею, наколькі важным з’яўляецца відовішнасць публічных мерапрыемстваў.
Але ж спадзяюся, што ва ўсіх нас ёсць разуменне, што сённяшняя справаздача - гэта не шоу. Спадзяюся, што ўсе мы разумеем сур’езнасць і важнасць дадзенага мерапрыемства і настроеныя на канструктыўную і плённую працу. Таму заклікаю ўсіх прысутных ставіцца да нашага мерапрыемства і яго ўздельнікаў адказна і з павагай.
Перадусім мы працуем для Беларусі і беларусаў. Нашая агульная мэта - вызваліць нашую краіну ад дыктатуры, гвалту і беззаконня, захаваць і забяспечыць незалежнасць нашай краіны і прывесці яе да свабоды і дэмакратыі. З гэтай самай мэтай быў створаны і дзейнічае Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі, як выканаўчы орган беларускіх дэмакратычных сіл. І кожны яго прадстаўнік.
Я асабіста ў гэтым упэўнены і гэтым кіруюся. Таму з усёй адказнасцю магу казаць - усё, што робіцца мной як прадстаўніком Кабінета па транзіце і камандай Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, накіравана на дасягненне нашай агульнай мэты і забеспячэнне інтарэсаў народу Беларусі.
Для мяне вялікі гонар распачынаць гэтыя слуханні.
І вельмі сімвалічна ўдзельнічаць у іх, знаходзячыся зараз ў Кіеве, сталіцы Украіны, якая з’яўляецца для ўсіх нас прыкладам стойкасці, нязломнасці, моцы духу і прагі да перамогі. Перамогі ў барацьбе за незалежнасць сваёй Радзімы, за свабоду для свайго народу і за самое жыццё. Бо і мы таксама змагаемся за жыццё. За захаванне нашай Радзімы, за яе вызваленне, за свабоду і жыцці беларусаў, што знаходяцца пад рэпрэсіямі, знаходзяцца ў палоне рэжыму Лукашэнкі - як за рэальнымі кратамі ў турмах, так і за кратамі агульнага стану несвабоды, што нажаль дагэтуль пануе ў Беларусі.
Але ж я веру, я ўпэўнены, што мы пераадолеем гэты стан. Што ліквідуем той злачынны рэжым, што яго стварыў. І пабудуем вольную, дэмакратычную і незалежную Беларусь. А таму важна - і я таксама ў гэтым упэўнены - каб па выніках сённяшніх слуханняў і Кабінет, і ўвесь наш дэмакратычны рух сталі толькі мацней і эфектыўней. Бо толькі моцнымі і аб’яднанымі мы здолеем перамагчы.
Разам да перамогі. І жыве Беларусь!
Пачнем.
Разам са мной на справаздачы прысутнічаюць Арцём Праскаловіч, намеснік Прадстаўніка па транзіце ўлады, адказны за юрыдычныя пытанні ў справе пераследу прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі на падставе міжнароднага права, і Юрый Губарэвіч, намеснік Прадстаўніка па транзіце ўлады, які займаецца пытаннямі падрыхтоўкі Кадравага рэзерву для новай Беларусі. У адпаведнасці з Рэгламентам Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі
Прадстаўнік па транзіце ўлады адказвае за:
распрацоўку і прасоўванне праз замежных партнёраў абмежавальных захадаў супраць рэжыму ў адказ на парушэнні правоў чалавека і рэпрэсіi супраць беларускага народа,
дзейнасць па выкарыстанні міжнародных механізмаў прыцягнення да адказнасці датычных да парушэнняў правоў чалавека і злачынстваў супраць чалавечнасці,
падрыхтоўку да транзіту ўлады,
развіццё кадравага патэнцыялу і фармаванне рэзерву для дзяржаўных органаў Новай Беларусі.
Такім чынам, у адпаведнасці са сферамі адказнасці Прадстаўніка па транзіце ўлады, нашымі галоўнымі напрамкамі працы з’яўляюцца:
1. У сферы міжнародна-прававога ціску і прыцягнення да адказнасці. Ключавыя дзеянні:
зварот у Міжнародны крымінальны суд (далей - МКС) па пытанні незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей,
зварот у МКС па пытанні злачынстваў рэжыму Лукашэнкі супраць чалавечнасці,
спрыянне прыцягненню да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму ў рамках механізмаў універсальнай юрысдыкцыі,
прасоўванне ідэі стварэння Спецыяльнага трыбунала і дасягненне дамоўленасці з дзяржавамі-партнёрамі аб падачы заявы ў міжнародны суд ААН за парушэнне Канвенцыі па катаваннях.
У сферы санкцыйнага ціску.
Эканамічныя санкцыі. Ключавыя дзеянні:
распрацоўка прапаноў па ўвядзенні гандлёвых і фінансавых абмежаванняў у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі,
лабіраванне ўвядзення новых санкцыйных мер на нацыянальным і наднацыянальным узроўні,
процідзеянне выняткам з санкцыйных пакетаў і паслабленню санкцый,
акумуляванне інфармацыі аб фактах абыходу санкцый і перадача гэтай інфармацыі кампетэнтным органам.
Персанальныя санкцыі. Ключавыя дзеянні:
падрыхтоўка персанальных санкцыйных спісаў як для міжнародных арганізацый, так і для нацыянальных урадаў, іх прасоўванне.
3. У сферы транзіту ўлады.
Незалежнай Стратэгічнай групай па ініцыятыве Прадстаўніка па транзіце быў створаны дакумент са стратэгіяй пераходнага перыяду, які ўключае ў сябе частку транзітнага. Гэты дакумент абмяркоўваецца на слуханнях Каардынацыйнай Рады, вы таксама прымаеце ўдзел у дыскусіях па ім. Такім чынам, дакумент знаходзіцца ў стадыі падрыхтоўкі і грамадскага абмеркавання.
Падрыхтоўка да транзіту ўлады:
развіццё кадравага патэнцыялу. Фарміраванне рэзерву для дзяржорганаў. Праграма “Кадравы рэзерв”.
За перыяд 2022-2023 гг. па кірунку дзейнасці прадстаўніка планавалася:
Падрыхтаваць папярэднюю справаздачу, на яе базе – зварот у МКС па факце незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей. Накіраваць зварот у МКС.
Падрыхтаваць справаздачу па фактах злачынстваў супраць чалавечнасці ў адносінах да беларускага грамадства. Накіраваць зварот у МКС і інш. наднацыянальныя і нацыянальныя інстытуту.
Падрыхтаваць абгрунтаванні для партнёраў для ўключэння рэжымных арганізацый – КДБ і ГУБАЗіК МУС Беларусі – у спіс тэрарыстычных. Забяспечыць прыняцце адпаведных рашэнняў парламентамі краін.
Спрыяць прыцягненню да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму ў рамках механізмаў універсальнай юрысдыкцыі.
Прыняць пастанову Кабінета па санкцыйнай палітыцы і па стратэгіі "Эканамічны прымус". Падрыхтаваць абгрунтаванні для партнёраў з мэтай лабіравання ўвядзення новых эканамічных і персанальных санкцый.
Распрацаваць праект "Кадравы рэзерв" і пачаць рэалізацыю.
1. Падрыхтаваць папярэднюю справаздачу, на яе базе – зварот у МКС па факце незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей. Накіраваць зварот у МКС.
Да мая 2023 г. намі была падрыхтаваная папярэдняя справаздача “Роля рэжыму Лукашэнкі і Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі ў незаконным перамяшчэнні і пераадукацыі ўкраінскіх дзяцей”.
Папярэдняя справаздача была прадстаўлена ў Савеце Еўропы і Еўрапарламенце, была перададзена дэпутатам ПАСЕ і Вярхоўнай Рады Украіны, міністрам замежных спраў Украіны, краін ЕС, у Дзярждэпартамент ЗША, генеральнаму пракурору Украіны, упаўнаважанаму па правах чалавека Украіны, ва ўсе вядучыя сусветныя СМІ.
Ужо на першым этапе мы дасягнулі наступнага:
ПАСЕ ў рэзалюцыі ад 27 красавіка 2023 г. адзначыла таксама адказнасць рэжыму Лукашэнкі за злачынныя дзеянні па незаконным пермяшчэнні ўкраінскіх дзяцей,
3 мая 2023 г. Вярхоўная Рада Украіны аднагалосна прыняла "Зварот да парламентаў і ўрадаў замежных дзяржаў, міжнародных арганізацый і іх парламенцкіх асамблеяў аб асуджэнні ўчыненых Расійскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь злачынстваў прымусовай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей”. Важна, што як у зварот, так і ў пастанову Вярхоўнай Рады ўнесеныя папраўкі, дзе адзначана роля Лукашэнкі ў незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей,
на саміце кіраўнікоў дзяржаў Савета Еўропы 16-17 мая 2023 г. у Рэйк'явіку ў тэкст дэкларацыі была дададзена роля рэжыму Лукашэнкі ў вышэйзгаданым злачынным дзеянні,
у маі 2023 г. генеральная пракуратура Украіны пачала следства па фактах незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей у Беларусь,
шырокай рэакцыі сустветных СМІ на ролю рэжыму Лукашэнкі і т.з. Саюзнай дзяржавы (Telegraph, Reuters, Sky News, Economist, Associated Press, Washington Post, Fox News, New York Times, US News, ABC News і інш.).
Усе вышэйзгаданыя дакументы былі пралабаваныя прадстаўніцтвам у камунікацыі з міністэрствамі замежных спраў, міжнароднымі арганізацыямі і дэпутатамі, а таксама дзякуючы актыўнай камунікацыі са СМІ.
У чэрвені 2023 г. намі была падрыхтавана камунікацыя ў адпаведнасці з артыкулам 15 Рымскага статута пракурору МКС аб незаконнай дэпартацыі і перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей з акупіраваных Расіяй тэрыторый у Беларусь.
27 чэрвеня 2023 г. мы перадалі ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе вышэйзгаданыя матэрыялы аб датычнасці Лукашэнкі, Мезенцава, Галаватага, Талая і Волкавай да незаконнага вывазу ўкраінскіх дзяцей з акупаваных украінскіх тэрыторый у Беларусь. Падчас сустрэчы дасягнута дамоўленасць аб далейшым узаемадзеянні.
Аналагічныя матэрыяла передадзены і ў адрас генеральнага пракурора Украіны.
Матэрыялы, падрыхтаваныя Прадстаўніком і Народным антыкрызісным упраўленнем, змяшчаюць доказы таго, што ў перыяд з верасня 2022 года па цяперашні час вядзецца арганізаваны і сістэматычны вываз украінскіх дзяцей у Беларусь з акупаваных Расіяй украінскіх тэрыторый.
Устаноўлена, што на тэрыторыю Беларусі незаконна перамяшчаюцца ўкраінскія дзеці, якія ў тым ліку знаходзяцца пад апекай украінскай дзяржавы: сіроты, дзеці з інваліднасцю, дзеці, чые бацькі пазбаўлены бацькоўскіх правоў.
Перададзеныя матэрыялы сведчаць аб тым, што Лукашэнка асабіста падпісаў дакументы арганізацыйна-распарадчага характару пад шырмай т.з. Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.
Найбольшая колькасць дзяцей была вывезена ў лагер Дубрава, які належыць кампаніі “Беларуськалій”. Пракурору МКС перададзеныя доказы непасрэднага ўдзелу ў арганізацыі гэтых злачынстваў кіраўніка кампаніі “Беларуськалій” Івана Галаватага.
Варта адзначыць, што прававая ацэнка перададзеных доказаў знаходзіцца ў выключнай кампетэнцыі Міжнароднага крымінальнага суда і перадача гэтых доказаў суду з’яўляецца важным крокам па прыцягненні да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму і самога Лукашэнкі за ўчыненыя ваенныя злачынствы.
Таксама Прадстаўнік і каманда Народнага антыкрызіснага ўпраўлення плануе перадаць звесткі аб злачынствах у дачыненні да ўкраінскіх дзяцей у іншыя міжнародныя структуры, напрыклад, Камітэт па правах дзіцяці ААН. Па нашых дадзеных, у Беларусь з верасня 2022 года па лістапад 2023 года ўжо вывезена і плануецца вывезці больш за 3000 украінскіх дзяцей, у тым ліку дзяцей-сірот.
Гэта далікатная справа, яе ахвяры – дзеці, таму мы ацэньваем магчымыя рызыкі для іх, кіруемся прынцыпам “не нашкодзь” (do no harm principle) і пакуль не можам раскрыць усе дэталі нашай бягучай працы.
Важна адзначыць, што пытанне незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей, антыўкраінскай індактрынацыі, прапаганды, садзейнічання фармавання ў іх нянавісці да Украіны, украінскай мовы, культуры і гісторыі, а таксама факт вывазу больш за 3000 украінскіх дзяцей было падкрэслена ў выступленні Пастаяннага прадстаўніка Украіны ў ААН Сяргея Кісліцы падчас пасяджэння Савета Бяспекі ААН 27 ліпеня 2023 г.
Крыху раней, 19 ліпеня камісія па замежных справах Еўрапарламента прыняла новы даклад аб адносінах ЕС з Беларуссю. У дакладзе таксама прагучаў заклік да выдачы ордэра на арышт Лукашэнкі і ўказана, што ягоны рэжым нясе адказнасць за шкоду Украіне і злачынствы, у тым ліку з-за ролі рэжыму ў незаконным перамяшчэнні дзяцей.
Мы публікуем адкрытыя матэрыялы камунікацыі пракурору МКС, а таксама справаздачу аб асвятленні ў сусветных СМІ, з якімі вы можаце азнаёміцца на сайце НАУ.
2. Падрыхтаваць справаздачу па фактах злачынстваў супраць чалавечнасці ў адносінах да беларускага грамадства. Накіраваць зварот у МКС і інш. наднацыянальныя і нацыянальныя інстытуту.
Прадстаўнік і супрацоўнікі каманды НАУ праводзяць фундаментальную працу, скіраваную на абарону інтарэсаў грамадзян Беларусі, якія з’яўляюцца ахвярамі здзейсненых рэжымам злачынстваў супраць чалавечнасці, і па прыцягненні да адказнасці вінаватых у злачынствах.
Фактычныя дадзеныя і прававы аналіз злачынстваў супраць чалавечнасці ў Беларусі ўпершыню прадстаўлены 26 ліпеня 2023 г. у падрабязнай справаздачы.
Партнёр НАУ – цэнтр Права і дэмакратыі «Justice Hub» – апублікаваў справаздачу аб злачынствах супраць чалавечнасці ў Беларусі і механізмах прыцягнення да адказнасці вінаватых. Мы аказалі разнастайную падтрымку Цэнтру права і дэмакратыі ў дадзенай працы.
У апублікаванай справаздачы фактычна абгрунтоўваецца выкананне крытэрыю Міжнароднага крымінальнага права “аб наяўнасці дастатковых падстаў меркаваць", што незаконнае пазбаўленне волі, катаванні, забойствы, згвалтаванні (у тым ліку ў дачыненні да непаўналетніх асоб), гвалтоўныя знікненні, пераследы па палітычных падставах, а таксама дэпартацыя ў кантэксце шырокамаштабнага і сістэматычнага нападу супраць грамадзянскага насельніцтва Беларусі з мая 2020 года па цяперашні час складаюць злачынствы супраць чалавечнасці. У справаздачы паказваецца, што ахвярамі дадзеных злачынстваў з'яўляецца не менш за 136000 чалавек.
Хацеў бы звярнуць асаблівую ўвагу на тую частку справаздачы, дзе падкрэсліваецца, што гэты напад на грамадзянскае насельніцтва з'яўляецца дзяржаўнай палітыкай рэжыму Лукашэнкі».
Састаўнымі элементамі палітыкі рэжыму Лукашэнкі з'яўляюцца:
гвалт супраць пратэстоўцаў;
забеспячэнне беспакаранасці вінаватых;
дыскрымінацыя грамадзянскага насельніцтва;
пазбаўленне волі грамадзянскага насельніцтва;
заявы высокапастаўленых асоб, якія заахвочваюць напад на грамадзянскае насельніцтва;
прапаганда нянавісці ў дачыненні да грамадзянскага насельніцтва праз СМІ,
забарона прафесійнай дзейнасці для атакаванага грамадзянскага насельніцтва.
Асобная ўвага ў справаздачы надаецца галоўным вінаватым дадзеных злачынстваў. Сярод іх прадстаўнікі сілавых структур Беларусі (АМАП, КДБ, ГУБАЗіК і інш.), а таксама суддзі, пракуроры, вышэйшае палітычнае кіраўніцтва рэжыму, уключаючы самога дыктатара.
Асаблівую каштоўнасць уяўляюць главы, прысвечаныя прыцягненню да адказнасці вінаватых у дадзеных злачынствах. Фактычна ў дадзеных раздзелах змяшчаецца падрабязны алгарытм дзеянняў па задзейнічанні тых ці іншых механізмаў міжнароднага крымінальнага правасуддзя: размова аб Міжнародным крымінальным судзе, стварэнні спецыяльнага Міжнароднага крымінальнага трыбунала па Беларусі і прымяненні ўніверсальнай юрысдыкцыі на нацыянальным узроўні.
Прадстаўнік і НАУ ўжо працуюць у гэтых напрамках. Вынікі гэтай працы будуць абавязкова аператыўна даносіцца да беларусаў.
Гэты даклад закліканы спрыяць супрацьдзеянню злачынствам супраць чалавечнасці ў Беларусі і накіраваны на падтрымку беларускага народа ў яго надзеях на спыненне гвалту, прыгнёту і беспакаранасці, а таксама на імкненне да міру, дэмакратыі і справядлівасці. Ужо справаздача накіравана ў адрас МЗС краін ЕС, Лацінскай Амерыкі, Азіі і афрыканскага рэгіёну, вядучым міжнародным арганізацыям.
Камісія міжнароднага права прызнала злачынствы супраць чалавечнасці пагрозай міжнароднага міру і парадку. У адпаведнасці з артыкулам 1 Статута ААН кожная дзяржава-ўдзельнік ААН узяла на сябе абавязацельствы змагацца з такімі злачынствамі.
3. Падрыхтаваць абгрунтаванні для партнёраў для ўключэння рэжымных арганізацый – КДБ і ГУБАЗіК МУС Беларусі – у спіс тэрарыстычных. Забяспечыць прыняцце адпаведных рашэнняў парламентамі краін
Падчас перамоваў і кансультацый з органамі дзяржаўнай улады і кіравання, дыпламатамі і парламентарыямі еўрапейскіх краін мной як прадстаўніком АПКБ рэгулярна ўздымалася пытанне магчымага пашырэння ў гэтых краінах спісаў тэрарыстычных арганізацый з мэтай уключэння ў іх КДБ і ГУБАЗіК МУС Беларусі. Нашай камандай юрыстаў было падрыхтавана абгрунтаванне для прызнання гэтых рэжымных арганізацый тэрарыстычнымі.
8 снежня 2022 г. Сейм Літвы прыняў рэзалюцыю аб сур'ёзных сістэматычных парушэннях правоў чалавека ў Беларусі. У ёй таксама заклікалі прызнаць тэрарыстычнымі арганізацыямі сілавыя органы, у прыватнасці, КДБ і ГУБАЗіК МУС.
15 лютага 2023 г. Сенат Чэхіі прыняў рэзалюцыю аб рэпрэсіях супраць грамадзянскай супольнасці і заклікаў урад прызнаць КДБ і ГУБАЗіК Беларусі арганізацыямі, якія падтрымліваюць тэрарызм. У гэтым мы бачым і свой уклад. Дамоўленасць была дасягнута з кіраўніцай парламента Чэхіі Маркетай Адамавай у Варшаве і ў Празе.
4. Спрыяць прыцягненню да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму ў рамках механізмаў універсальнай юрысдыкцыі.
Праведзены шэраг мерапрыемстваў для каардынацыі дзеянняў ключавых суб'ектаў па пытанні ўніверсальнай юрысдыкцыі. Працягнута прававая і інфармацыйная падтрымка і суправаджэнне пададзеных заяў (больш за 20) і пошук новых (рыхтуецца не менш 6).
На сённяшні дзень намі суправаджаецца больш за 20 спраў у Польшчы, Літве, Чэхіі, Швейцарыі, Германіі, Нарвегіі і Украіне ў рамках універсальнай юрысдыкцыі па падтрымцы зваротаў ад імя ахвяраў злачынных дзеянняў рэжыму. Мы супрацоўнічаем з наступнымі адвакатамі, адвакацкімі бюро і праваабарончымі арганізацыямі:
WILIŃSKI LEGAL,
KOPEC & ZABOROWSKI,
Matas B.,
European Center for Constitutional and Human Rights.
Некалькі канкрэтных прыкладаў. Пры ўдзеле прадстаўніцтва у кастрычніку 2022 г. пададзеная заява ў польскую пракуратуру ад імя трох ахвяр. Ужо прайшлі допыты, пацярпелыя чакаюць першага працэсуальнага рашэння ад праваахоўных органаў. Таксама ў Літве разглядаецца справа аб прыцягненні да крымінальнай адказнасці за неправавое судовае рашэнне суддзі з сістэмы рэжыму Лукашэнкі.
Асабіста мною таксама дадзены паказанні ў якасці пацярпелай асобы ў нацыянальнай пракуратуры Польшчы ў рамках крымінальных спраў у рамках універсальнай юрысдыкцыі, а таксама ў сувязі з захопам грамадзянскага самолета Ryanair і штучным міграцыйным крызісам, арганізаваным рэжымам Лукашэнкі.
Ёсць асобныя кейсы, пра якія мы не можам паведамляць у публічную прастору, але ў хуткім часе мы чакаем станоўчага выніку і аб'явы падазраваных у міжнародны вышук.
Устаноўлены кантакты з акадэмічнай супольнасцю Канады для магчымага прасоўвання пытання прымянення механізму ўніверсальнай юрысдыкцыі ў гэтай краіне.
Мы ўсведамляем, што існуе мноства перашкод для эфектыўнага прымянення прынцыпу ўніверсальнай юрысдыкцыі. Праблемы неэфектыўнага выкарыстання механізмаў і прапановы па ўдасканаленні прадстаўлены ў Еўрапарламенце ў красавіку.
Далейшым прыярытэтам у напрамку ўніверсальнай юрысдыкцыі з'яўляецца лабіраванне на ўзроўні адпаведных нацыянальных і наднацыянальных арганізацый і структур, які "працісне" бюракратычны супраціў пракуратур і следства.
Пры гэтым мы пастаянна пашыраем кола партнёраў у адвакацкай і праваабарончай супольнасці для эфектыўнай сінэргіі.
5. Прыняць пастанову Кабінета па санкцыйнай палітыцы і па стратэгіі "Эканамічны прымус". Падрыхтаваць абгрунтаванні для партнёраў з мэтай лабіравання ўвядзення новых эканамічных і персанальных санкцый.
Пастанова №4 Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі “Аб працягу работы па санкцыйным ціску” прынята 7 сакавіка 2023 г. Гэтай пастановай ухвалена стратэгія “Эканамічны прымус” па далейшым эканамічным ціску на рэжым Лукашэнкі.
З моманту стварэння Кабінета пачалася каардынацыя і наладжана рэгулярная праца па ўнясенні як у наднацыянальная органы ЕС, так і ва ўрады краін-удзельніц ЕС, урады іншых дэмакратычных дзяржаў свету (ЗША, Вялікабрытаніі, Швейцарыі, Канады, Украіны і г.д.) прапаноў па ўдасканаленні санкцыйнага рэжыму, пашырэнні санкцыйных спісаў.
Гэтыя прапановы былі накіраваны ўпаўнаважаным органам Еўрапейскага саюза (як у Еўракамісію, так і ў Еўрапейскую службу знешніх дзеянняў), Вялікабрытаніі, ЗША, Чэхіі, Польшчы, Славеніі, Швецыі, Швейцарыі, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Бельгіі, Аўстрыі, Ірландыі, Нарвегіі, Іспаніі, Партугаліі, Грэцыі, Канады, Кіпра, Францыі, Германіі, Фінляндыі, Нідэрландаў, Румыніі, Украіны і г.д. (толькі за лістапад 2022 – ліпень 2023 у агульнай колькасці 49 лістоў).
Прапановы перадаваліся падчас асабістых сустрэч і візітаў, у тым ліку падчас візіту ў Польшчу памочніцы Дзяржсакратара ЗША Робін Даніган, сустрэчы з Джеймсам С. О'Брайенам (прадстаўніком упраўлення па каардынацыі санкцый Дзярждэпу ЗША), Полам Масарам (старэйшым дарадцам па пытаннях палітыкі Камісіі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе), дэпутатам Вярхоўнай Рады Украіны Богданам Яроменкам,
сустрэч з міністрамі ўнутраных спраў і замежных спраў Польшчы, міністрам замежных спраў Славакіі,
намеснікамі міністра замежных спраў Літвы, Чэхіі, палітдырэктарамі МЗС Германіі, Бельгіі, Нідэрландаў, Фінляндыі, сустрэч з пасламі Швецыі, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Бельгіі, Аўстрыі, Ірландыі, Нарвегіі, Іспаніі, Партугаліі, Грэцыі, Кіпра, Францыі, Германіі, Фінляндыі, Нідэрландаў, Румыніі, Украіны ў Польшчы, дэпутатамі нацыянальных парламентаў і еўрадэпутатамі і г.д.
Намі была сфармавана пазіцыя аб неабходнасці гарманізацыі санкцый у дачыненні да Расіі і Беларусі, якая ад імя Кіраўніцы Кабінета была накіравана на імя Прэзідэнта Еўракамісіі Урсулы фон дэр Ляен, адказнаму за знешнюю палітыку ЕС Жазэпу Барэлю і старшыні Еўрапейскага савета Шарлю Мішэлю. Гэтая пазіцыя таксама была перададзена Дзяржаўнаму сакратару ЗША Энтані Блінкену.
У выніку былі прыняты рэзалюцыі Еўрапарламента (ад 24.11.2022 (2022/2956(RSP), якая заклікала краіны ЕС і Еўрапейскую камісію ўвесці тыя ж санкцыі ў дачыненні да Беларусі, якія яны ўвялі ў дачыненні да Расіі, а таксама прадухіліць ухіленне ад санкцый і іх строгага выканання, ад 15.03.2023 (2023/2573(RSP), якая ўтрымлівае заклік пашырыць санкцыі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, даклад ад 19.07.2023 камісіі па замежных справах Еўрапарламента, што заклікаў пашырыць санкцыйны спіс асобаў, якія маюць дачыненне да незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей).
У агульнай колькасці намі было прапанавана ўвядзенне персанальных санкцый у адносінах да 340 фізічных асоб, у тым ліку асобаў з вышэйшага вайскова-палітычнага кіраўніцтва рэжыму Лукашэнкі, якія садзейнічалі агрэсіі Расіі супраць Украіны, суддзяў, якія выносілі незаконныя прысуды, прапагандыстаў, якія распальвалі варожасць паміж народамі і распаўсюджвалі ілжывую інфармацыю, чальцоў так званага Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, якія прымалі дыскрымінацыйнае, супярэчлівае праву “заканадаўства”, спартыўных функцыянераў, якія пераследвалі спратоўцаў і г.д.
Таксама быў сфармаваны спіс з абгрунтаваннем у дачыненні да 13 прадпрыемстваў ВПК Беларусі, які таксама ўжо быў накіраваны ўпаўнаважаным органам ЕС і абсалютнай большасці краін ЕС, а таксама ЗША, Велікабрытаніі, Канады и інш. краін.
У тым ліку на аснове нашых прапаноў за гэты час ужо быў прыняты шэраг рашэнняў санкцыйнага характару ў адносінах да прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі.
Так, нацыянальныя санкцыі ў лістападзе 2022 года ўвяла Польшча. У гэтым жа месяцы (23.11.2023) санкцыі ў дачыненні да 22 фізічных асоб і 16 кампаній з Беларусі ўвяла Канада. 21 лістапада санкцыі пашырыла Новая Зеландыя, а ў студзені 2023 г. – Тайвань.
Таксама 17 студзеня 2023 г. дадатковыя санкцыі ўвялі ЗША, якія дадалі яшчэ 25 чалавек у свой персанальны спіс. Да таго ў жніўні – верасні 2022 г. ЗША ўвялі санкцыі ў дачыненні да больш як 100 службовых асоб і некаторых прадпрыемстваў (у тым ліку Светлагорскага хімвалакна). У канцы студзеня гэтага года санкцыі ў дачыненні 23 беларускіх прадпрыемстваў увяла Украіна.
На мінулым тыдні ўзгоднены новы пакет санкцый у дачыненні да Беларусі з боку Еўрапейскага саюза, які тычыцца саўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў агрэсіі Расіі супраць Украіны. У аснову дадзенага пакета пакладзены нашы прапановы па гарманізацыі санкцыйнай палітыкі ў дачыненні Расіі і рэжыму Лукашэнкі. Акрамя таго, ён прадугледжвае персанальныя санкцыі ў дачыненні да асобных прадстаўнікоў вайскова-палітычнага кіраўніцтва рэжыму (21 асоба) таксама прапанаваных з нашага боку.
На 340 асоб, прапанаваных намі, накладзены персанальныя нацыянальнае санкцыі Польшчы (усяго на 365 асоб), у тым ліку мясцовых дэпутатаў і чыноўнікаў, членаў нацыянальнага сходу, суддзяў, прапагандыстаў, спартыўных функцыянераў. Польшчай таксама былі часткова ўлічаны нашыя прапановы па абмежаванні дзейнасці шэрагу транспартных пагранпераходаў .
У 11 пакет санкцый у дачыненні да Расіі ўключаны, прапанаваныя камандай НАУ, начальнік беларускай чыгункі Марозаў і кіраўнік ДВПК Рэспублікі Беларусь Пантус.
Пад санкцыі ЗША ў сакавіку 2023 года патрапіў самалёт Лукашэнкі (Boeing 737), а таксама шэраг буйных прадпрыемстваў. У маі 2023 года, у тым ліку ў мэтах гарманізацыі санкцый з Расіяй, ЗША ўвялі абмежаванні на пастаўкі ў Беларусь шэрага тавараў двайнога прызначэння.
У красавіку 2023 г. на шэраг беларускіх банкаў санкцыі наклала Канада. Па нашай прапанове Вялікабрытанія ў чэрвені 2023 года ўжо часткова гарманізавала гандлёвыя санкцыі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі і Расіі, забараніўшы вываз у Беларусь грашовых купюр, а таксама імпарт з Беларусі золата, драўніны, цэменту і каучуку.
У санкцыі Украіны ў маі 2023 г. трапілі прадпрыемствы ВПК Беларусі, прапанаваныя камандай НАУ, а пазней таксама Вярхоўная Рада Украіны прапанавала прымяніць санкцыі ў дачыненні шэрагу фізічных асоб, у тым ліку спартыўных функцыянераў.
Ішла работа па недапушчэнні змякчэння санкцый адносна калійных угнаенняў з Беларусі з боку Партугаліі, якая ў выніку на дадзены момант скончылася захаваннем санкцый ЕС на калійныя ўгнаенні.
Быў падрыхтаваны шэраг аналітычных запісак пра неабгрунтаванасць тэзіса аб пагрозе харчовай бяспецы, у якіх мы далі разгорнуты аналіз сусветнага рынку ўгнаенняў і харчавання ў цэлым, а таксама афрыканскага рэгіёну ў прыватнасці (як найбольш уразлівага з пункту гледжання харчовай бяспекі), у тым ліку дынаміку цэн, існуючы попыт, лагістычныя і вытворчыя магчымасці.
Былі напісаны адпаведныя звароты Прэзідэнту (ад імя Паўла Латушкі, а таксама дэпутатаў Еўрапарламента), Прэм'ер-мінстру Партугаліі (ад імя Святланы Ціханоўскай), лідэрам парламенцкіх партый Партугаліі (Сацыялістычнай, Сацыял-дэмакратычнай партый і Ліберальнай ініцыятывы), буйнейшым прафсаюзам (накшталт Усеагульнага саюза рабочых) і СМІ Партугаліі аб неабходнасці захавання санкцый на калійныя ўгнаенні з аргументаваным абгрунтаваннем (усяго 14 лістоў).
У лістах мы расказвалі аб датычнасці кіраўніцтва «Беларуськалія» да незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей, пра маштабы няўціхлых рэпрэсій у Беларусі, а таксама саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны. Гэтыя пытанні таксама абмяркоўваліся на двухбаковых сустрэчах – як кіраўніцы Кабінета Святланы Ціханоўскай з Прэм'ер-міністрам і Міністрам замежных спраў Партугаліі, так і маіх – з паслом Партугаліі ў Польшчы, еўрадэпутатамі ад Партугаліі.
6. Распрацаваць праект "Кадравы рэзерв" і пачаць рэалізацыю праекта.
Пачатак набора на навучэнне кадраў для Новай Беларусі на адміністрацыйныя пасады быў напрыканцы мінулага года.
На сённяшні момант мы маем 431 заяўку. Пераважна гэта матываваныя людзі, якія ўжо маюць адпаведны ўзровень адукацыі і досвед працы, досвед кіравання калектывамі.
Паказальны момант – гэта тое, што значная частка з іх, 33,4%, знаходзіцца зараз ў Беларусі, і, разумеючы ўсе рызыкі, якія звязаныя з удзелам у кадравым рэзерве, тым не менш, выказалі жаданне далучыцца да каманды будучых дзяржаўных упраўленцаў.
За гэты перыяд была праведзена вялікая адукацыйная анлайн праграма па асновах дзяржаўнага кіравання. Можна сказаць, гэта было “Увядзенне ў спецыяльнасць”, заяўкі на якую падало 170 чалавек. У гэтай праграмы вельмі высокі ўзровень ацэнак.
Мы можам казаць, што нават калі перамены адбудуцца ўжо заўтра, то ў нас ёсць пэўны добры патэнцыял для таго, каб запоўніць ключавыя пасады ў шэрагу міністэрстваў, а таксама на рэгіянальным узроўні, у сістэме дзяржаўнага адміністравання Беларусі. Мы разлічваем на тое, што рост колькасці ўдзельнікаў працягнецца.
“Кадравы рэзерв” – гэта не толькі падрыхтоўка людзей, якія будуць задзейнічаны ў момант пераменаў. Мы прапануем не проста чакаць надыходу гэтага часу, але і набліжаць яго, бо ўжо зараз удзельнікі Кадравага рэзерва маюць магчымасць стаць часткай каманды асноўных цэнтраў дэмакратычных сіл, такіх як АПК, Офіс СЦ альбо НАУ. Яны могуць падаць свае кандыдатуры на вакансіі, стаць часткай гэтых каманд і працаваць для таго, каб перамены наблізіліся як мага хутчэй.
Барацьба з прапагандай рэжыму і данясенне праўдзівай інфармацыі
Адным з важных кірункаў дзейнасці з’яўляецца інфармацыйная праца.
Асноўныя напрамкі дзейнасці:
барацьба з прапагандай рэжыму (максімальнае распаўсюджванне дакладнай інфармацыі аб злачыннай дзейнасці рэжыму, асвятленне дзейнасці па барацьбе з рэжымам),
данясенне інфармацыі аб рэальнай сітуацыі ў Беларусі да замежных партнёраў з дапамогай сацыяльных сетак,
стварэнне павесткі, якая прымушае рэжым рэагаваць на дзейнасць дэмакратычных сіл Беларусі.
За справаздачны перыяд (11 месяцаў) толькі на 18 рэсурсах Прадстаўніка Кабінета Паўла Латушкі і НАУ колькасць арганічных праглядаў склала больш за 90 мільёнаў.
Са сваёй павесткай мы даходзім да СМІ не только еўрапейскіх краін, але і да СМІ Паўднёвай Карэі, Японіі, Аргенціны, Парагвая і г.д.
Лічым надзвычай важным заставацца актыўнымі ў інфармацыйнай прасторы. Фокус на Беларусі, тэма Беларусі не павінны сыходзіць з мас медыя ў свеце.
Кааперацыя з іншымі прадстаўнікамі АПКБ
З моманту прызначэння на пасаду Прадстаўніка АПК па транзіце ўлады наладжана эфектыўнае супрацоўніцтва з іншымі прадстаўнікамі па розных пытаннях.
Шчыльная супраца вялася з Прадстаўніком па захаванні законнасці і правапарадку ў частцы верыфікацыі санкцыйных спісаў.
Наша прадстаўніцтва па транзіце ўлады дапамагала Прадстаўніку па нацбяспецы і абароне з матэрыяльным забеспячэннем дзейнасці, устанаўленнем кантактаў з ваеннымі аташэ розных краін.
У межах праграмы “Кадравый рэзерв” намеснік Прадстаўніка па транзіце ўлады Юрый Губарэвіч супрацоўнічае з Прадстаўніцай па нацыянальным адраджэнні ў прасоўванні адукацыйных праграм для слухачоў Кадравага рэзерву.
Шчыльнае супрацоўніцтва вядзецца з Прадстаўніком па міжнародных справах па розных пытаннях знешняй палітыкі, асабліва ў пытаннях санкцыйнай дзейнасці і адкрыцця прадстаўніцтва дэмакратычнай Беларусі ў Бруселі. Паколькі ўсе абмежавальныя меры ў дачыненні да рэжыму знаходзяцца ў руках нашых міжнародных партнёраў і саюзнікаў.
Прадстаўніцтва па транзіце ўлады падтрымлівае дзейнасць Прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы ў разнастайных праектах.
Прадстаўніцтва па транзіце ўлады на рэгулярнай аснове рыхтуе праекты рашэнняў Кабінета, заяў Кабінета, пазіцыю па сферы кампетэнцый для іншых прадстаўнікоў Кабінета, а таксама ў ініцыятыўным парадку і па запытах Кіраўніцы для двухбаковых і шматбаковых міжнародных сустрэч.
Нашымі далейшымі задачамі з'яўляецца:
Ордэр на Лукашэнку (за злачынствы супраць чалавечнасці ў адносінах да беларускага народу і ваенныя злачынствы за дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей).
Прыцягненне да адказнасці іншых прадстаўнікоў рэжыму (МКС, універсальная юрысдыкцыя і Спецыяльны міжнародны трыбунал па Беларусі, Міжнародны трыбунал па факце агрэсіі).
Санкцыі як інструмент ціску і адказнасці (персанальныя і эканамічные).
Пашырэнне кадравага рэзерву (для цэнтральных і рэгіянальных органаў улады).
Фарміраванне ўспрымання Саюзнай дзяржавы як інструмента знішчэння беларускай дзяржаўнасці і стварэнне крытычнасці яе ўспрымання як у беларускім грамадстве, так і сярод дзяржслужачых.
Раскол т.з. эліт.
Гэтыя захады будуць памяншаць рэсурсы рэжыму і матываваць беларусаў. Нам важна стварыць сітуацыю, ў якой Лукашэнкі будзе максімальна таксічным, нават для яго атачэння, што можа прывесці да расколу так званых эліт.
На гэтым факталагічная частка справаздачы Прадстаўніка Кабінету па транзіце ўлады скончана. І я дзякую вам за ўвагу.
Перад тым, як мы пяройдзем да пытанняў і адказаў, хацеў бы сказаць яшчэ некалькі словаў.
Думаю, кожнаму і кожнай з прысутных вядома маé глыбокае перакананне, што перамагчы сістэму можа толькі сістэма. Толькі сістэмная, метадычная, мэтанакіраваная праца, заснаваная на канкрэтнай стратэгіі, можа мець вынік і плён. Толькі паставіўшы перад сабою канкрэтныя задачы ды сфакусаваўшы ўвесь наяўны рэсурс на іх выкананне, можна дасягнуць стратэгічных мэтаў.
Нашыя мэты нам усім вядомыя. Год таму, на канферэнцыі Новая Беларусь 2022, мы здолелі аб’яднаць сілы і стварыць Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі. На мой погляд - адзін з важных элементаў стратэгіі дасягнення дэмакратычных пераменаў. Мы фарміруем інстытуцыйную альтэрнатыву рэжыму Лукашэнкі.
Вядома, мы маем абмежаваныя рэсурсы, маем абмежаваны інструментарый і магчымасці. Але пры ўсіх складаных умовах нашай працы, як вы ўжо бачыце з маёй справаздачы і пабачыце са справаздачаў іншых прадстаўнікоў Кабінету - мы рухаемся наперад.
Але мы маем патэнцыял да большага. Мы маем працаваць далей. Маем працаваць больш шчыльна, больш суцэльна – а значыць больш эфектыўна. Як адзіная сістэма, з агульнымі мэтамі і агульнай стратэгіяй.
Таму звяртаюся да вас, шаноўныя чальцы Каардынацыйнай Рады, і прашу падтрымаць прадстаўнікоў Кабінета па выніках дзейнасці за першы год. Важна нарошчваць і ўзмацняць нашу ўзаемную падтрымку, важна існаванне гэтай структуры, важна павялічваць эфектыўнасць, важна дабівацца большых вынікаў. Але сам факт з'яўлення інстытута, сама дзейнасць на працягу гэтага перыяду пры ўсёй крытычнасці самаацэнкі дэманструе тое, што інстытулізацыя, адзінства і сістэмнасць дэмакратычнага руху неабходныя і гэта будзе даваць плён.
Нацыянальныя інтарэсы Беларусі перад усім. Ніхто, апрача нас, беларусаў, не вырашыць лёс Беларусі.
Разам да перамогі! Жыве Беларусь!
Kommentare