Еўрапейскія пракуроры баяцца адкрыць скрыню Пандоры
Такое меркаванне выказаў адзін з нарвежскіх праваабаронцаў у межах круглага стала па праблемах ужывання механізмаў універсальнай юрысдыкцыі ў Осла. Сустрэчу арганізавалі эксперты Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.
Падчас сустрэч прадстаўнікі НАУ дасягнулі дамоўленасці з мясцовымі адвакатамі і прадстаўнікамі Хельсінкскага Камітэта аб падрыхтоўцы матэрыялаў для падачы ў органы следства.
У нарвежскай прававой гісторыі вядомы прыклады станоўчых зыходаў спраў супраць злачынцаў былой Югаславіі і Руанды. Аднак асаблівасцю гэтых выпадкаў было тое, што злачынцы хаваліся ад правасуддзя ў Нарвегіі, дзе былі паспяхова затрыманы і асуджаныя.
Беларускі выпадак, несумненна, адрозніваецца ад такой ідэальнай карціны.
Пракуроры асцерагаюцца даваць ход такога кшталту справам і ствараць прэцэдэнт, бо ні ў адной цывілізаванай краіне на сённяшні дзень не праводзяцца завочныя суды (in absentia). На думку прадстаўнікоў гэтых структур, яшчэ трэба будзе вывучыць, да чаго можа прывесці такая практыка, а таксама распрацаваць механізмы яе прымянення з прыцягненнем міжнародных экспертаў.
Але нарвежскія праваабаронцы, як і іх калегі з іншых еўрапейскіх краін, перакананыя: адсутнасць абвінавачанага на тэрыторыі краіны - не перашкода для ўзбуджэння крымінальнай справы па заяве пацярпелага і абвяшчэння злачынцы ў міжнародны вышук.
Калі вы пацярпелі ад гвалту з боку рэжыму Лукашэнкі і пражываеце на тэрыторыі Нарвегіі ці любой іншай краіны — звяжыцесь з намі праз чат-бот НАУ: @nau_by_bot.
*каманда НАУ выказвае падзяку беларусам Нарвегіі за дапамогу ў арганізацыі сустрэч.
Comments