top of page

Серабрыстая «Пагоня» ў лаўровым вянку


Кабінет пачынае ўзнагароджваць асобаў, якія праявілі выключную адданасць у служэнні Беларусі


Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі згодна з Пастановай № 3 будзе ўручаць медаль «Гонар і Годнасць» ад імя беларускага народа асобам, якія праявілі выключную адданасць у служэнні Беларусі.


Прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык, якой была даручана гэтая справа, пракаментавала Пастанову:


«Медаль “Гонар і Годнасць”, які мы ўжо вырабілі, — гэта медальён серабрыстага колеру з выявай “Пагоні” ў лаўровым вянку, з надпісам “Беларусь перадусім” на адваротным баку. Гэта адлюстроўвае гонар Айчыны за чалавека, які выключным чынам праявіў сябе ў служэнні ёй.


Галоўным элементам сюжэту медаля з’яўляецца герб «Пагоня» ў характэрнай ізаграфіі, якая прыпісваецца мастаку Язэпу Драздовічу. Лаўровы вянок узяты з найбуйнешага манетнага намінала часоў ВКЛ — залатога партугала Жыгімонта Аўгуста 1562 г., які выкарыстоўваўся пераважна ў якасці ўзнагароды за службу. Сабраныя разам яны звяртаюць увагу на пераемнасць паміж ВКЛ і Беларуссю, на наяўнасць у беларусаў сваёй даўняй традыцыі ўзнагародаў за заслугі перад радзімай. Надпіс “Беларусь перадусім” акцэнтуе ўвагу на заслугі перад Беларуссю і яе народам.


Блакітны колер стужкі медаля падкрэслівае чысціню неба над Беларуссю. Бела-чырвона-белая ўстаўка адсылае да колераў беларускага нацыянальнага сцягу. Срэбраны колер у геральдыцы азначае сумленнасць, ахвярнасць і бескарыслівасць.


Медаль распрацоўвалі найлепшыя беларускія геральдысты, гісторыкі, дзеячы культуры.


Фінансаваўся выраб медалёў за кошт дабрачыннага прыватнага ахвяравання, імя ахвярадаўцы мы не называем па яго просьбе.


Выбіраць тых годных асобаў, якія вартыя ўзнагароды, будзе адмысловая Камісія, склад якой зацвердзіла кіраўніца Кабінета Святлана Ціханоўская. Ужо зусім хутка мы абвесцім імёны беларусаў, якія першымі атрымаюць гэтую ўзнагароду. Некаторыя з іх, па меркаваннях бяспекі, будуць узнагароджаны непублічна.


Само ўзнагароджанне, згодна з Пастановай Кабінета, мусіць адбывацца ў выглядзе ўрачыстай цырымоніі з удзелам кіраўніцы Кабінета Святланы Ціханоўскай».

Comments


bottom of page