КДБ і ГУБАЗіК — арганізацыі, якія падтрымліваюць тэрарызм. Рэзалюцыя Сената Чэхіі
Сёння (15.02.2023) Сенат Чэшскай Рэспублікі прыняў рэзалюцыю аб рэпрэсіях з боку рэжыму Лукашэнкі супраць грамадзянскай супольнасці. За прыняцце рэзалюцыі прагаласавала 39 з 41 сенатара. КДБ і ГУБАЗіК прызнаны арганізацыямі, якія падтрымліваюць тэрарызм.
Да абвяшчэння выканаўчай уладай Чэхіі згаданых карных структураў Лукашэнкі тэрарыстычнымі засталося зрабіць адзін крок. Гэта важная падзея для ўсіх нас, якая была б немагчымай без планамернай працы юрыстаў і дыпламатаў і прадстаўніцтва Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі па транзіце ўлады і Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.
Сенат Чэхіі афіцыйна канстатуе:
КДБ і ГУБАЗіК выкарыстоўваюцца рэжымам для пераследу апазіцыі і запалохвання грамадзянскай супольнасці Беларусі;
арганізацыі здзейснілі акт дзяржаўнага тэрарызму і напады на дэмакратыю, свабоду слова і еўрапейскі суверэнітэт, пасадзіўшы самалёт авіякампаніі «Ryanair» і затрымаўшы Рамана Пратасевіча і Соф’ю Сапегу;
з лютага 2022 года з тэрыторыі Беларусі ўзброеныя сілы Расійскай Федэрацыі ажыццяўляюць напады на Украіну, што робіць вышэйшых прадстаўнікоў беларускага рэжыму саўдзельнікамі злачынства агрэсіі, учыненнем якога яны вельмі груба парушаюць Статут ААН;
нязгода з ваеннай агрэсіяй Расіі супраць Украіны сёння ў Беларусі лічыцца злачынствам;
у Беларусі дзейнічае смяротнае пакаранне, з шэрагам пратэстуючых абыходзяцца як з тэрарыстамі, каб было магчымым прымяніць да іх вышэйшую меру пакарання;
судовыя паседжанні з удзелам несправядліва асуджаных часта праходзяць без удзелу грамадскасці і журналістаў, таму грамадскі кантроль за дзеяннямі пенітэнцыярных структур адсутнічае;
сёння ў Беларусі каля 1450 палітвязняў, іх колькасць павялічваецца, да іх не маюць доступу ні члены сем’яў, ні члены дыпламатычнага корпуса, ні назіральнікі.
Улічваючы вышэйсказанае, Сенат Чэхіі рэкамендуе ўраду краіны накласці санкцыі на супрацоўнікаў карных структур КДБ і ГУБАЗіК і аб’явіць арганізацыямі, якія падтрымліваюць тэрарызм.
Раней рэзалюцыю па Беларусі і заклік прызнаць КДБ і ГУБАЗіК тэрарыстычнымі арганізацыямі прынялі ў Сейме Літвы ў снежні 2022 года.
Kommentare