Учора, 21 снежня 2023 года, Сейм Латвіі прыняў заяву, якая асуджае свядомы, незаконны і сістэматычны вываз дзяцей з Украіны ў Расію і Беларусь. Гэтая заява дэманструе пазіцыю Рыгі ў пытанні незаконных дзеянняў Лукашэнкі і ягоных памагатых у незаконным перамяшчэнні, індактрынацыі і перавыхаванні ўкраінскіх дзяцей.
На пасяджэнні 21 снежня 2023 года Сейм Латвіі, «з акцэнтам на тое, што незаконны, прымусовы вываз Расіяй і Беларуссю ўкраінскіх дзяцей у Расію і Беларусь у парушэнне міжнароднага гуманітарнага права з'яўляецца злачынствам вайны і генацыду, накіраваным на знішчэнне ўкраінскай нацыянальнай ідэнтычнасці, рашуча асуджае незаконнае, гвалтоўнае перамяшчэнне Расіяй і Беларуссю ўкраінскіх дзяцей у Расію і Беларусь».
Разам з тым Сейм Латвіі падтрымлівае расследаванне, пачатае Міжнародным крымінальным судом з мэтай выяўлення і судовага пераследу асоб, якія ўчынілі ваенныя злачынствы супраць чалавечнасці на тэрыторыі Украіны.
Камандай НАУ былі перададзеныя матэрыялы аб дачыненні рэжыму Лукашэнкі да незаконнага вывазу ўкраінскіх дзяцей у адрас афіцыйных уладаў еўрапейскіх краін, у тым ліку і Латвіі.
Камандай НАУ былі падрыхтаваныя матэрыялы пра дачыненне рэжыму Лукашэнкі да ваеннага злачынства ў выглядзе незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь. На базе сабраных матэрыялаў камандай НАУ была падрыхтавана камунікацыя з дзвюх частак паводле артыкула 15 Рымскага статута «Аб незаконнай дэпартацыі або перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый у Беларусь», якую 27 чэрвеня і 7 лістапада 2023 года Народнае антыкрызіснае ўпраўленне перадало ў Міжнародны крымінальны суд. Дадзеная камунікацыя ўяўляе сабой збор доказаў і прававы аналіз незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый у Беларусь у перыяд з верасня 2022 года па май 2023 года.
НАУ працягне працу па зборы доказаў здзяйснення рэжымам Лукашэнкі ваеннага злачынства па незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей.
Commentaires