Народнае антыкрызіснае ўпраўленне перадало Нацыянальнаму агенцтву па пытаннях прадухілення карупцыі Украіны пералік асоб і арганізацый рэжыму Лукашэнкі, якія актыўна падтрымліваюць расійскую агрэсію супраць Украіны, для накладання нацыянальных санкцый украінскім бокам. Дадзеныя кандыдаты на ўключэнне ў санкцыйны спіс Украіны 15 жніўня гэтага года размешчаны на спецыялізаваным партале «Вайна і санкцыі»
Нацыянальнае агенцтва па пытаннях прадухілення карупцыі Украіны накіравала ў Службу бяспекі Украіны, Міністэрства замежных спраў Украіны і Офіс Генеральнага пракурора Украіны апублікаваныя санкцыйныя прапановы для далейшага вывучэння і наступнага прыняцця рашэння аб накладанні абмежавальных мер.
Па прапанове НАУ у папярэдні санкцыйны спіс увайшлі 24 суддзірэжыму, якія маюць дачыненне да рэпрэсій у дачыненні да грамадзян Беларусі, якія выказвалі сваю падтрымку Украіне і выступалі супраць расійскай агрэсіі. Таксама ў спіс патрапілі 15 прапагандыстаў рэжыму, якія маюць дачыненне да распальвання вайны, распаўсюджвання хлусні і апраўдання расійскай агрэсіі.
Акрамя гэтага, спісы кандыдатаў папоўняць і іншыя асобы і арганізацыі, звязаныя з так званай саюзнай дзяржавай Беларусі і Расіі, у тым ліку датычныя да прымусовага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей, пастаянны камітэт саюзнай дзяржавы, яе члены, а таксама тэлерадыёвяшчальная арганізацыя саюзнай дзяржавы.
Намеснік кіраўніка Аб'яднанага Пераходнага Кабінета , кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка адзначыў:
— «Каманда НАУ знаходзіцца ў пастаянным кантакце з украінскім бокам па пытаннях санкцыйнага ціску і адказнасці. Гэтае ўзаемадзеянне ўзмацнілася пасля нашага апошняга візіту ў Кіеў.
Адпаведныя спісы кандыдатаў на ўключэнне ў санкцыйны пералік будуць далей дапаўняцца, пашырацца і перадавацца ўкраінскаму боку, бо санкцыі з'яўляюцца адным з інструментаў адказнасці за ўчыненыя злачынствы».
Comentários