Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол
Я ніколі не ведаў асабіста Рыгора Барадуліна, ніколі з ім не сустракаўся, але аднойчы, будучы міністрам культуры, атрымаў ад яго адзін з самых дарагіх падарункаў: кнігу вершаў Барадуліна з уласнаручным допісам аўтара.
Гэты ўласнаручны допіс, які я не хацеў бы агучваць публічна, з’яўляецца адным з самых дарагіх для мяне як чалавека, як для асобы, як для беларуса. Гэта былі вельмі важныя і кранальныя словы. Толькі некалькі самых блізкіх людзей ведаюць змест гэтага допіса. Але да гэтай пары, калі я ўзгадваю гэты падарунак, шмат у чым тыя словы мяне матывуюць.
Гісторыя маіх завочных узаемаадносінаў з Рыгорам Барадуліным пачалася з таго, што да мяне як да міністра культуры, прыйшоў ксёндз Уладзіслаў Завальнюк — пробашч касцёла святых Сымона і Алены ў Мінску — з прапановай адсвяткаваць 75-гадовы юбілей славутага беларускага паэта. Гэта не была ініцыятыва самаго спадара Барадуліна, але гэта была ініцыятыва беларускай грамадскасці. Памятаю, што праз некаторы час у мяне была сустрэча з Лукашэнкам. Падчас гэтай сустрэчы сярод іншых я падняў і пытанне юбілея Рыгора Барадуліна — аднаго з апошніх народных паэтаў Беларусі.
І была прапанова з боку грамадскасці, каб гэтая падзея адбылася ў Палацы Рэспублікі. Не магу сказаць, што гэты аб’ект мне шчыра падабаецца, але ідэя была ў тым, каб выкарыстаць пляцоўку, у якой можна змясціць як мага большую колькасць людзей — і Палац Рэспублікі для гэтага пасаваў. Лукашэнка на гэта адрэагаваў адмоўна, але не выказаў пярэчанняў на карэкціроўку прапановы, бо былі і запасныя варыянты — Беларуская дзяржаўная філармонія і Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Лукашэнка быў супраць і тэатра імя Янкі Купалы як месца святкавання юбілею, але махнуў галавой на філармонію.
Мы пачалі рыхтаваць мерапрыемства, я даў пісьмовае даручэнне Белдзяржфілармоніі, планаваў і сам пайсці на юбілей, каб асабіста павіншаваць народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Але літаральна за дзень да гэтага раздаўся тэлефонны званок. Тэлефанавала Наталля Петкевіч, на той час першая намесніца кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі. І сказала, што катэгарычна забараняе мне прысутнічаць на гэтым свяце, бо лічыць, што гэта будзе правакацыя, што я фактычна магу аказацца асобай, міністрам, членам урада, які такім чынам падтрымае беларускую апазіцыю.
Аднак выйсце тады знайсці ўдалося: я накіраваў на гэтае свята аднаго са сваіх намеснікаў — і ён прысутнічаў на гэтым мерапрыемстве. Для мяне было важна, што гэта адбылося, што мы тады ўшанавалі гонар выбітнейшага беларуса Рыгора Барадуліна.
Рыгор Барадулін нарадзіўся на Ушаччынне — зямлі, на якой нарадзілася шмат выбітных пісьменнікаў і паэтаў: народны пісьменнік Васіль Быкаў, народны паэт Пятрусь Броўка, вядомая паэтэса Еўдакія Лось. Барадулін быў сапраўдным беларусам, які перадаў беларускую самаідэнтычнасць у сваіх творах. Аднак гэты каштоўны падарунак Барадуліна я дагэтуль часта ўзгадваю, перачытваючы творы славутага аўтара.
Comments