top of page

Рэкет Лукашэнкі


Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол

Дыктатар вырашыў забіць апошні цвік у труну таго, што называецца «інвестыцыйны клімат Рэспублікі Беларусь».

Калі цяпер кампанія з замежным капіталам з пераліку т. зв. «недружалюбных дзяржаў» захоча сысці з беларускага рынку прадаўшы свае актывы, то ёй неабходна будзе заплаціць пошліну ў памеры не менш за 25% ад рынкавага кошту гэтых актываў, а затым яшчэ і атрымаць дазвол урада Лукашэнкі.

Лукашэнку абурае той факт, што інвестары выводзяць свой зароблены прыбытак за мяжу. Хоць тое, што падкантрольныя яму фірмы выводзяць нарабаваныя сродкі ў Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, яго чамусьці не абурае.

Але гэта не ўсе новыя паборы. Так, прынятыя раней правілы транзіту грузавых аўтамабіляў па тэрыторыі нашай краіны ў гэтым годзе дапаўняюцца нормай, у адпаведнасці з якой усталёўваецца збор для фур з ЕС пры перачэпцы і перагрузцы ў Беларусі. І такіх пабораў можна налічыць дзясяткі.

Разам з тым, нягледзячы на ўліванне расійскіх грошай у эканоміку Беларусі, перш за ўсё ў прадпрыемствы, якія працуюць на патрэбы расійскага ВПК і арміі, замежныя інвестыцыі пасля 2020 года ў нашай краіне няўхільна скарачаюцца.

Толькі за 2023 год звыш 80 замежных кампаній з больш чым 20 краін закрылі прадстаўніцтвы ў Беларусі. Як ні дзіўна, больш за ўсё зачыняліся офісы расійскіх кампаній. Следам ідуць Літва, Германія, Латвія, Эстонія, Швейцарыя, Вялікабрытанія і Чэхія.

Гэта ўсё адбываецца на фоне таго, што асобныя інвестары спрабуюць вярнуць свае інвестыцыі праз суды. У прыватнасці, інвестар з сяброўскай для рэжыму Расіі безпаспяхова спрабуе адсудзіць належныя яму выплаты ў валюце па беларускіх еўрааблігацыях, а брытанскі інвестар — вярнуць сродкі за адабраную нелегітымнымі ўладамі сонечную электрастанцыю. І гэтыя кейсы паказваюць рэальнае стаўленне рэжыму да замежных інвестараў. 

Лукашэнка запэўнівае, што сам, без удзелу амерыканскага інвестара, зможа засунуць катлету паміж булак і напячы фры з беларускай бульбы. Паглядзім. Насмажыць ён дык насмажыць, і нават засуне, але гэта ўжо будзе не Макдональдс. І хто будзе гэта спажываць?

Нядаўна прэзідэнт Казахстана анансаваў кардынальныя рынкавыя рэформы, якія будуць закліканыя зрабіць эканоміку больш празрыстай, устойлівай і дынамічнай. Амбіцыйныя рэформы пачаў у сваёй краіне і новы прэзідэнт Аргенціны. Нават ваюючая Украіна ў вельмі цяжкіх умовах спрабуе працягваць эканамічныя пераўтварэнні, якія набліжаюць яе эканоміку да еўрапейскіх стандартаў.

І толькі Лукашэнка вядзе краіну ў бок таталітарызму і адсталасці, ствараючы ўмовы для хутчэйшага сыходу інвестараў.

Comments


bottom of page