top of page

Рэжым ігнаруе сапраўдных экстрэмістаў, але пераследуе за беларускасць


Затрыманне жанчыны ў Калінкавічах за відэа выбуху расійскага «Шахеда» над тэрыторыяй Беларусі
Затрыманне жанчыны ў Калінкавічах за відэа выбуху расійскага «Шахеда» над тэрыторыяй Беларусі. Фота: скрін відэа

Юрыст НАУ Міхаіл Кірылюк адзначыў у інтерв'ю «Радыё Свабода», што рэжым ігнаруе міжнародных экстрэмістаў, але пераследуе беларусаў за праявы нацыянальнай ідэнтычнасці, нібыта яны з'яўляюцца тэрарыстамі:

«Калі ў Беларусь прыязджаюць расійскія вайскоўцы, якія здзяйснялі злачынствы ва Украіне, што можна параўнаць са сапраўдным экстрэмізмам, ім дазваляюць прасоўваць у нашай краіне наратывы "рускага міру" і нават вучыць беларускую моладзь "патрыятызму". На гэта ўлады заплюшчваюць вочы.

А заснавальніка Symbal.by, сапраўднага патрыёта сваёй краіны Паўла Белавуса, пасадзілі фактычна за прасоўванне беларускай нацыянальнай ідэі. Намеснік галоўнага рэдактара "Нашай Нівы" адзначаў, як жорстка ў турмах ставяцца да людзей, якія размаўляюць па-беларуску. Пераслед беларусаў у Беларусі — гэта ўжо нацыянальная палітыка».

Тыя, хто гавораць пра традыцыйныя каштоўнасці, самі парушаюць хрысціянскія догмы

Міхаіл Кірылюк адзначыў, што ўзрастае ўзровень рэпрэсій і супраць сваякоў палітвязняў, якія хочуць падтрымаць сваіх родных за кратамі:

«Усюды дапамога, перадачы ў турму — гэта дабрачыннасць, частка хрысціянскага светапогляду, што згадваецца нават у Нагорнай пропаведзі. А тут за дапамогу невінаватаму, які сядзіць у турме, людзей таксама кідаюць за краты. Гэта вельмі страшны ўзровень знявагі да правоў чалавека і маральных каштоўнасцяў.

Гэта азначае, што нават на чацвёрты год жорсткага сілавога ўтрымання ўлады Лукашэнка і яго паплечнікі не адчуваюць сябе ў бяспецы. Таму яны намагаюцца падтрымліваць у краіне атмасферу страху і тэрору, бо відавочна лічаць яе адзінай крыніцай сваёй улады», — мяркуе юрыст НАУ.

 

Comments


bottom of page