«Гэта спроба зняпраўдзіць афіцыйнае камюніке прэс-службы генеральнага сакратара Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, у якім чорным па белым напісаныя ўсе прэтэнзіі да рэжыму Лукашэнкі», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка ў інтэрв'ю тэлеканалу «Белсат», каментуючы выказванні новапрызначанага кіраўніка міністэрства замежных спраў Лукашэнкі Максіма Рыжанкова па перамовах Лукашэнкі з генеральным сакратаром ААН Антонью Гутэрышам.
Падчас саміту ШАС у Астане Лукашэнка правёў перамовы з генеральным сакратаром ААН Антонью Гутэрышам. У прэс-рэлізе ААН адзначана, што падчас сустрэчы генеральны сакратар «выказаў занепакоенасць сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі», а таксама заявіў «аб неабходнасці спыніць вайну ва Украіне на падставе прынцыпаў Статуту ААН, міжнароднага права і павагі да тэрытарыяльнай цэласнасці». Новапрызначаны міністр замежных спраў Лукашэнкі вырашыў пракаментаваць афіцыйную заяву прэс-службы ААН. Рыжанкоў заявіў, што практычна ўся сустрэча была прысвечаная дзейнасці ААН у Беларусі, а не правам чалавека, як «хтосьці там напісаў, што нібыта нас у чымсьці хтосьці папракаў і пра нейкія правы чалавека».
Павел Латушка адзначыў, што нават перад самым самітам ШАС, 3 ліпеня, у Радзе правоў чалавека ААН была прадстаўленая справаздача пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі: «Не ведаць пра тое, што ў Радзе правоў чалавека разглядаўся кейс Беларусі, калі ўсе спікеры ад імя сваіх краін, аб’яднанняў ці арганізацый у той ці іншай форме асудзілі парушэнне правоў чалавека ў Беларусі, паспрабаваць зняпраўдзіць афіцыйнае камюніке прэс-службы генеральнага сакратара Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, у якім чорным па белым напісаныя ўсе прэтэнзіі да рэжыму Лукашэнкі — гэта першы дыпламатычны пракол Рыжанкова».
Кіраўнік НАУ таксама назваў надзвычайнай рэдкасцю ў дыпламатычнай працы тое, калі паведамляецца, які бок ініцыяваў сустрэчу: «У прэс-рэлізе прэс-службы ААН указана, што менавіта Лукашэнка сам напрасіўся на сустрэчу, калі ні сказаць наўпрост — нарваўся».
Рыжанкоў сваім каментаром, накіраваным перш за ўсё для ўнутранай аўдыторыі, спрабуе «аспрэчыць бясспрэчнае». Але забыў пра тое, што словы міністраў замежных справаў звяртаюць на сябе ўвагу за мяжой.
Поўная версія інтэрв'ю на сайце тэлеканала «Белсат»
Comentarios