Праблемы, звязаныя з легалізацыяй беларусаў у Польшчы, атрыманнем польскага праязнога дакумента і магчымасцю падаўжэння яго тэрміну дзеяння да 3 гадоў; пытанні афармлення дакументаў, неабходных для атрымання вышэйшай адукацыі ў Польшчы; перспектывы крымінальнага пераследу прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі на тэрыторыі Польшчы, прымяненне ўніверсальнай юрысдыкцыі і прагрэс у аб'яўленні ў вышук і прыцягненні да адказнасці вінаватых у здзяйсненні злачынстваў супраць чалавечнасці на тэрыторыі Беларусі; праблемы, звязаныя з атрыманнем польскіх віз і эвакуацыяй грамадзян Беларусі ў выпадку рызыкі затрымання і арышту; перспектывы пашпарта Новай Беларусі; важнасць эфектыўнай дзейнасці сфармаванай Каардынацыйнай Рады як прадстаўнічага органа; садзейнічанне рэалізацыі культурных праектаў і адукацыйныя магчымасці для беларусаў у Польшчы, у тым ліку ў рамках праграмы Каліноўскага; а таксама многія іншыя пытанні былі абмеркаваны 6 чэрвеня падчас сустрэчы намесніка кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі з прадстаўнікам беларускай дыяспары Любліна.
Падчас сустрэчы Павел Латушка выказаў пазіцыю, што рэжым Лукашэнкі здзяйсняе злачынствы на мяжы Беларусі з Польшчай, правакуючы дэстабілізацыю сітуацыі на мяжы і адначасова накіроўваючы дыверсантаў для здзяйснення тэрарыстычных актаў у Польшчы, прадпрымае наўмысныя дзеянні для таго, каб нанесці шкоду добрым адносінам паміж беларусамі і палякамі, якія склаліся гістарычна паміж двума народамі.
Павел Латушка выказаў спачуванні родным і блізкім польскага вайскоўца, які памёр у выніку ран, нанесеных нелегальнымі мігрантамі, якія атакавалі мяжу Польшчы; адзначыў, што беларускі народ не праводзіць антыпольскай палітыкі, а беларусы зацікаўленыя ў развіцці добрых адносін з Польшчай. Вайны з Польшчай хоча толькі Лукашэнка і менавіта яго рэжым робіць усё для таго, каб сапсаваць адносіны паміж беларусамі і палякамі.
Павел Латушка адказаў на пытанні беларусаў, а таксама праінфармаваў аб выніках сустрэчы ў гарадской адміністрацыі Любліна, якая адбылася ў гэты дзень. Беларусы Любліна распавялі пра культурныя праекты, якія плануюць ініцыяваць у рамках заяўкі Любліна на атрыманне статусу культурнай сталіцы Еўропы. Падрыхтавана комплексная вялікая праграма беларускіх культурных мерапрыемстваў, дасягнута дамоўленасць ініцыяваць адкрыццё вуліцы, прысвечанай Беларусі і беларусам у горадзе Любліне, як грамадскую ініцыятыву беларусаў-жыхароў горада.
У ходзе сустрэчы ў гэты ж дзень з дырэктарам Цэнтра міжнароднага супрацоўніцтва гарадскога ўпраўлення Любліна Кшыштафам Станоўскім і начальніцай аддзела культуры Магдаленай Зарэмба-Апаліньскай Павел Латушка падзякаваў за падтрымку праекта «Кадравы рэзерв для Новай Беларусі» і арганізацыю стажыроўкі ў Любліне будучых дзяржаўных служачых Беларусі, якая адбылася 11 снежня 2023 года. Па выніках дасягнута дамоўленасць, што падобная стажыроўка пры падтрымцы гарадскіх уладаў будзе праведзена і ў другой палове 2024 года. У рамках фестывалю «Блізкі Усход», які арганізуецца ў Любліне, дасягнута дамоўленасць аб правядзенні цэлага шэрагу беларускіх мерапрыемстваў, прысвечаных прэзентацыі беларускай культуры ў горадзе Любліне.
Асобна абмеркавалі магчымасць развіцця супрацоўніцтва з «Вольнымі Купалаўцамі» ў тым ліку ў сувязі з тым, што Павел Латушка, будучы генеральным дырэктарам Нацыянальнага акадэмічнага тэатра ім. Янкі Купалы, падпісаў у 2020 годзе пагадненне аб супрацоўніцтве з тэатрам імя Юліюша Астэрвы ў Любліне. Аддзел культуры горада абяцаў разгледзець магчымасць выдзялення фінансавай падтрымкі для рэалізацыі сумеснага тэатральнага праекта.
Асобна абмеркавана пытанне прысваення адной з вуліц Любліна імя дзеяча беларускай культуры і гісторыі ці назвы, прысвечанай даце, звязанай з гісторыяй беларускага народа. Дамовіліся, што дадзеная ініцыятыва будзе падтрымана на ўзроўні цэнтра міжнароднага супрацоўніцтва і аддзела культуры горада.
У сувязі з гэтым Павел Латушка і каманда НАУ звяртаюцца да ўсіх неабыякавых беларусаў з просьбай уносіць свае прапановы аб магчымым найменаванні. Заяўкі просім накіроўваць у сацыяльныя сеткі каманды НАУ або чат-бот НАУ.
Павел Латушка працягвае серыі сустрэч з беларусамі ў Польшчы і ў іншых краінах. Толькі за апошні месяц тыдня адбыліся сустрэчы ў Беластоку, Уроцлаве, Познані, Гданьску і Любліне, zoom-сустрэчы з беларусамі Францыі і Ізраіля. Усяго ў сустрэчах прынялі ўдзел каля 700 чалавек.
Comments