Чалец кааліцыі «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"», юрыст Міхаіл Кірылюк пракаментаваў навіну аб тым, што супраць усіх удзельнікаў выбараў у КР распачатыя крымінальныя справы.
«Кандыдатаў у КР абвінавачваюць у парушэнні 4 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у ліку якіх асабліва цяжкае злачынства, якое караецца мінімальным тэрмінам 8 гадоў, а максімальна — пажыццёвым зняволеннем або смяротным пакараннем. Мінімальна магчымы тэрмін на кожнага з улікам усіх артыкулаў па правілах ч. 2 арт. 72 — 13,5 гадоў. Агульны тэрмін — 3 469,5 гадоў на ўсіх.
СК сцвярджае, што кожны з 257 удзельнікаў гэтай неверагодна велізарнай злачыннай групоўкі здзейсніў (ці паспрабаваў здзейсніць) мінімум чатыры склады злачынства:
1. Змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады. Артыкул 357 КК. Асабліва цяжкае злачынства, пакаранне ўключае ў сябе турэмны тэрмін ад 8 да 25 гадоў, пажыццёвае зняволенне або смяротнае пакаранне. У першай частцы размова ідзе аб змове (ад 8 да 12 гадоў), у другой — аб захопе або ўтрыманні ўлады (ад 10 да 15 гадоў). Судзячы па фармулёўках, у першай частцы артыкула гаворка ідзе хутчэй аб падрыхтоўцы да захопу ўлады. Другая частка арт. 357 КК сфармуляваная так, што яе лагічна прымяняць, калі захоп улады ўжо адбыўся.
Цяжка ўявіць пракурора, які будзе сцвярджаць, што Каардынацыйная рада, знаходзячыся ў выгнанні, ужо паспяхова захапіла ці ўтрымлівае ўладу ў Беларусі, і на гэтай падставе патрабуе частку 2 артыкула 357 КК. Аднак тое, што гэта абсурдна, не значыць, што мы гэтага не ўбачым.
Трэцяя частка артыкула — самая цяжкая, прадугледжвае такія выключныя меры пакарання, як пажыццёвае зняволенне або пакаранне смерцю, у якасці ўмоў прымянення называе такія наступствы незаконнага захопу або ўтрымання ўлады, як гібель людзей або забойства. На мой погляд, дадзены артыкул падыходзіць Лукашэнку ў якасці арганізатара, а таксама шматлікім супрацоўнікам яго пракуратуры, СК, МУС і іншых саўдзельнікаў. Яны самі гэта добра разумеюць, што і з'яўляецца прычынай такой нервовасці, з якой яны рэагуюць на любыя ініцыятывы, якія гэта выкрываюць.
2. Наступны пункт абвінавачання — заклікі да мераў абмежавальнага характару, артыкул 361 КК. Цяжкае злачынства, якое не мае аналагаў у міжнародным праве, прыдуманае паплечнікамі Лукашэнкі пасля таго, як яны парушылі арт. 357 КК і шэраг іншых у 2020 годзе. Улады Лукашэнкі хацелі б сажаць за гэта на тэрмін да 12 гадоў. Негвалтоўнае злачынства, пакаранне за якое супастаўнае з пакараннем за забойства. Такія тэрміны сведчаць аб тым, наколькі рэальна дзейсныя санкцыі. Няёмка павінны адчуваць сябе кандыдаты ў КР, якія выступаюць супраць санкцый, але патрапілі пад артыкул. Магчыма для іх надыйшоў час перагледзець свае погляды на тое, якія метады барацьбы Лукашэнка распазнае як сапраўдную пагрозу.
3. Наступны артыкул 361-1 КК — стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім. Яшчэ адна вынаходка Лукашэнкі для барацьбы з іншадумствам. Цяжкае злачынства, артыкул у залежнасці ад часткі прадугледжвае пакаранне ад паўгода да 10 гадоў пазбаўлення волі. Артыкул сфармуляваны нязграбна. Па тэксце артыкула экстрэмізмам называюць рэабілітацыю нацызму". А ў дадатках да артыкула — "злачынствы па матывах расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, палітычнай, ідэалагічнай варожасці ці варожасці ў адносінах да якой-небудзь сацыяльнай групы". Выкарыстанне артыкула паказвае, што адзіная група, інтарэсы якой абараняе гэты артыкул КК — саўдзельнікі Лукашэнкі.
4. Апошні пункт — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, артыкул 361-4 КК. Цяжкае злачынства, пакаранне да 7 гадоў. Па гэтым артыкуле ў Беларусі пераследуюць тых, хто дапамагае палітвязням. У кожнага кандыдата ў КР ёсць падставы для гонару. Яшчэ не пачатую працу кваліфікавалі аналагічна як і адпраўку палітвязням грошай і збор перадач. Мы ідзем ў КР менавіта для таго, каб дапамагаць палітвязням і дамагчыся іх свабоды.
У чымсьці СК мае рацыю. Антылукашэнкаўская змова існуе. І ў ёй удзельнічае большасць беларусаў».
Comentarios