Пасля публікацыі на тэму рэгістрацыі транспартных сродкаў і абмену пасведчанняў кіроўцы каманда Народнага антыкрызіснага ўпраўлення атрымала шматлікія пытанні ад беларусаў па дадзенай тэме.
Намеснікам кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўніком НАУ Паўлам Латушкам ужо накіраваны запыт аб сустрэчы з намеснікам міністра інфраструктуры Польшчы дзеля абмеркавання найхутчэйшых шляхоў вырашэння пазначаных пытанняў.
У сувязі з вялікай колькасцю зваротаў у наш адрас мы вымушаны адзначыць, што, на жаль, не маем дастатковых рэсурсаў для аказання індывідуальнай дапамогі беларусам у кожнай канкрэтнай сітуацыі, якая мае свае асаблівасці. Прыярытэтам нашай працы з’яўляецца сістэмнае адстойванне інтарэсаў усіх беларусаў за мяжой і лабіяванне спрашчэння працэдур для беларусаў замежжа.
Па бясплатную індывідуальную прававую дапамогу мы прапануем звяртацца ў профільныя арганізацыі, напрыклад, ў ЦБС або Free Belarus Center.
Якія асноўныя пытанні мы атрымліваем?
Разам з тым, прааналізаваўшы пытанні, якія да нас паступілі, мы хацелі б адзначыць наступнае:
Парадак рэгістрацыі транспартных сродкаў урэгуляваны Законам Польшчы «Аб дарожным руху». Асноўныя дакументы, якія патрабуецца прадаставіць, пазначаныя таксама ў адказе Міністэрства інфраструктуры. Пры гэтым існуюць розныя варыянты атрымання польскіх нумарных знакаў, якія, у прыватнасці, разабраныя ў артыкуле выдання «Мост».
Ад неабходнасці пацвярджаць сапраўднасць беларускага пасведчання кіроўцы пазбаўленыя асобы, якія маюць статус уцекача ў Польшчы, прытулак, дадатковую абарону або ВНЖ па гуманітарных прычынах (не блытаць з ВНЖ на падставе гуманітарнай візы). НАУ ужо звярнулася да польскіх уладаў з прапановай значна пашырыць кола беларусаў, якім не трэба будзе пацвярджаць сапраўднасць беларускіх дакументаў.
На жаль, на практыцы сапраўды могуць мець месца сітуацыі, калі вы яшчэ не атрымалі неабходнага статусу або дакументаў і таму не можаце перайсці да ажыццяўлення наступнай адміністрацыйнай працэдуры (напрыклад, замяніць пасведчанне кіроўцы без атрымання статусу ўцекача і дакументаў з адпаведнай адзнакай).
Пры ажыццяўленні разгляданых і любых іншых адміністрацыйных працэдур варта памятаць, што толькі пісьмовая адмова ў станоўчым рашэнні вашага пытання дазваляе далейшае абскарджанне ў судовым парадку. І толькі пасля атрымання судовага рашэння можна весці гаворку пра наяўнасць рэальнай праблемы, якая патрабуе, напрыклад, унясення змен у заканадаўства, а не сведчыць пра памылку ў дзеяннях канкрэтнай службовай асобы.
Як можна зрабіць унёсак у найхутчэйшае вырашэнне пытання?
Павел Латушка і каманда НАУ будуць выступаць з далейшымі ініцыятывамі ў дзяржаўныя органы Польшчы па спрашчэнні адпаведных працэдур для беларусаў.
Мы разумеем рызыкі з-за накіравання запытаў аб пацверджанні сапраўднасці пасведчанняў кіроўцы ў Беларусь, а таксама нежаданне беларусаў спансіраваць рэжым Лукашэнкі аплатай консульскага збору. Таму мы будзем працягваць настойваць на поўным вызваленні беларусаў ад такога абавязку, а таксама спрыяць спрашчэнню працэса атрымання пасведчанняў кіроўцы і рэгістрацыі транспартных сродкаў.
Аднак для канструктыўнага вырашэння пытання і больш эфектыўнай працы ў дадзеным накірунку, нашыя словы павінны быць падмацаваныя вашымі канкрэтнымі прыкладамі. Таму мы просім вас у бліжэйшы час накіроўваць у Міністэрства інфраструктуры звароты з просьбай унесці змены ў заканадаўства.
Што павінен утрымліваць зварот?
Зварот павінен утрымліваць наступныя элементы:
ваша імя і прозвішча;
ваша месца жыхарства;
назва органу, да якога складаецца зварот;
прадмет звароту;
подпіс.
Увага: калі зварот складаецца праз электронныя сродкі камунікацыі, яго можна падпісаць электронным подпісам – у такім выпадку неабходна таксама пазначаць і адрас электроннай пошты.
У змесце зварота неабходна апісаць канкрэтна вашу сітуацыю, напрыклад:
чакаю рашэння па справе аб прадастаўленні міжнароднай абароны і ў пасведчання кіроўцы скончваецца тэрмін дзейнасці;
знаходжуся на тэрыторыі Польшчы на падставе віда на жыхарства, якое выдадзена па гуманітарнай візе, і не ўваходжу ў пералік асоб, якія вызвалены ад пацверджання сапраўднасці пасведчання кіроўцы;
не жадаю аплачваць консульскі збор злачыннаму рэжыму Лукашэнкі;
асцерагаюся за сваю бяспеку (бо рэжым даведаецца маю польскую адрэсу) і сваіх родных, якія застаюцца ў Беларусі (бо я легалізуюся ў «несяброўскай краіне»).
Таксама неабходна прасіць унесці змены ў заканадаўства, каб вызваліць такую катэгорыю асоб, як ваша, ад абавязку звяртацца ў дзяржаўныя органы рэжыму Лукашэнкі за пацверджаннем сапраўднасці пасведчання кіроўцы.
Калі ваш узровень ведання польскай мовы яшчэ недастатковы, для падрыхтоўкі звароту дастаткова будзе перакладу пры дапамозе анлайн-перакладчыкаў: сутнасць пытання будзе зразумелай, а дзяржаўны орган даведаецца аб рэальным становішчы спраў.
Як і куды неабходна накіроўваць звароты?
Звароты неабходна накіроўваць адным з зручных для вас спосабаў:
Перадаць асабіста ў Галоўную Канцылярыю Міністэрства інфраструктуры (з панядзелка па пятніцу з 09:30 да 16:00) па адрасе: Ministerstwo Infrastruktury Departament Kontroli ul. Chałubińskiego 4/6 00-928 Warszawa;
Даслаць у электроннай форме пры дапамозе ePUAP (pismo ogólne do podmiotu publicznego);
Даслаць электроннай поштай на адрас: skargi.wnioski@mi.gov.pl;
Даслаць факсам на нумар 22 630 11 99.
У нас на форуме таксама прадстаўлены падрабязны гайд па рэгістрацыі аўтамабіляў у Варшаве, азнаёміцца з якім можна па спасылцы.
Мы працягнем працу з дадзеным пытаннем і будзем інфармаваць вас аб прагрэсе яго вырашэння праз нашыя сацыяльныя сеткі і сайт. Каб атрымліваць актуальную інфармацыю аб нашай працы, запрашаем падпісвацца на сацыяльныя сеткі НАУ і Паўла Латушкі:
Народнае антыкрызіснае ўпраўленне:
コメント