top of page

Роля Лукашэнкі ў садзейнічанні вайне Пуціна супраць Украіны


Каментары Паўла Латушкі падчас экспертнай панэлі

10 жніўня Павел Латушка прыняў удзел у анлайн-канферэнцыі праваабарончага фонду Human Rights Foundation "Роля Лукашэнкі ў вайне Пуціна супраць Украіны" ў якасці аднаго з асноўных дакладчыкаў. Падчас дыскусіі абмяркоўваліся рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі, яго роля ў садзейнічанні поўнамаштабнаму ўварванню Пуціна ва Украіну, а таксама стратэгія, якой можа прытрымлівацца Дэмакратычная міжнародная супольнасць для стрымлівання пагрозы, якая зыходзіць ад Лукашэнкі. Сярод іншых дакладчыкаў былі:

  • Ганна Любакова - беларуская журналістка і пазаштатная навуковая супрацоўніца Atlantic Council, якая ўсебакова асвятліла пытанні парушэння правоў чалавека і палітычнага гвалту ў Беларусі, а таксама падзеі, звязаныя з вайной ва Украіне.

  • Дэвід Крамер - выканаўчы дырэктар па глабальнай палітыцы Інстытута Джорджа Буша-малодшага. Раней Дэвід Крамер займаў пасады намесніка памочніка дзяржсакратара ЗША па еўрапейскіх і еўразійскіх справах (2005-2008 гг.) і памочніка дзяржсакратара ЗША па пытаннях дэмакратыі, правоў чалавека і працы (2008-2009 гг.).

Мадэратар: Павел Куцевол

Мадэратар: Раскажыце, калі ласка, аб бягучым становішчы спраў з санкцыямі ў дачыненні да Беларусі і іншымі мерамі, якія дэмакратычная супольнасць прадпрымае ў цяперашні час для аказання ціску на Лукашэнку.

Праблема санкцый з'яўляецца прынцыпова важнай для дэмакратычных сіл Беларусі. Гэта адзін з многіх інструментаў, якія нашы замежныя партнёры могуць выкарыстоўваць у якасці адказу на гвалт рэжыму Лукашэнкі, адзін з інструментаў прыцягнення да адказнасці.

Галоўная праблема была ў тым, што ў 2020 не былі ўведзеныя шокавыя санкцыі. Гэта дало магчымасць рэжыму Лукашэнкі адаптавацца да іх. Позна ўводзілі і сектаральныя санкцыі. Фінансавыя санкцыі ЗША не ўведзеныя дагэтуль.

Ключавой праблемай з'яўляецца той факт, што санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі і ў дачыненні да Расеі дагэтуль цалкам не гарманізаваныя.

Ва ўмовах існавання адзінай эканамічнай прасторы, фактычна - адзінай эканомікі Расіі і Беларусі ў рамках Саюзнай дзяржавы – адсутнасць гарманізацыі санкцый у дачыненні да абедзвюх краін фактычна ператварае Беларусь у "шэрую зону" і афшор для абыходу санкцый.

Дадзеная стратэгічная памылка шэрагу партнёраў на Захадзе агаляе глыбокае неразуменне ролі Беларусі ў эканамічнай сістэме Саюзнай дзяржавы. Неразуменне таго, што ВПК Беларусі – гэта ВПК Расіі. Што эканоміка Беларусі, якая цалкам устала на ваенныя рэйкі, дэ-факта з'яўляецца неад'емнай і складовай часткай эканомікі Саюзнай дзяржавы - а па сутнасці, эканомікі Расіі.

І тым страшней гэтая памылка ва ўмовах вайны супраць Украіны, якую вядзе не проста Расея, а менавіта Саюзная дзяржава.

Каб зразумець абсурднасць бягучай санкцыйнай палітыкі Захаду ў дачыненні да Беларусі, уявіце сабе, што вы ўводзіце санкцыі супраць Расейскай Федэрацыі, але не ўводзіце іх, да прыкладу, супраць Удмуртыі, дзе размешчаны горад Іжэўск з найбуйнейшымі зброевымі заводамі.

Такім чынам, задачы, якія неабходна вырашыць – гэта:

  1. Узмацніць і цалкам гарманізаваць санкцыі ў дачыненні да Расеі і рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі;

  2. Увесці найстражэйшы кантроль за іх выкананнем і пачаць жорстка караць за іх парушэнне;

  3. Зрабіць спансаванне рэжыму Лукашэнкі для Расеі максімальна дарагім.

І, што таксама вельмі важна, нейтралізаваць і маргіналізаваць галасы лабістаў, якія выступаюць за паслабленне або зняцце санкцый з рэжыму Лукашэнкі.

У гэтых мэтах мы сфармавалі абгрунтаваную аргументаваную пазіцыю аб:

  • неабходнасці гарманізацыі санкцый супраць Расеі і рэжыму Лукашэнкі (бо розніца ў санкцыях паміж Расеяй і Беларуссю з'яўляецца галоўнай шчылінай якая дазваляе рэжыму абыходзіць санкцыі і зніжае іх эфектыўнасць);

  • устанаўленні гандлёвых квот у дачыненні да трэціх краін, якія ўдзельнічаюць у абыходзе санкцый;

  • ліквідацыі прабелаў у сістэме фінансавых разлікаў;

  • ўдасканаленні механізмаў, якія перашкаджаюць абыходу санкцый.

Гэтыя меры неабходна прыняць для ўдасканалення рэжыму сектральных санкцый - якія з'яўляюцца ключавымі і аказваюць найбольшы эфект на рэжым.

Персанальныя санкцыі таксама неабходныя як дадатак і форма адказнасці асоб, якія здзяйсняюць злачынствы супраць беларусаў. У гэтых мэтах мы сабралі доказы і прапануем увесці персанальныя санкцыі ў дачыненні да 340 прадстаўнікоў рэжыму (суддзяў, "дэпутатаў", чыноўнікаў, прапагандыстаў і г.д.).

Мэтай санкцыйнага ціску павінны быць:

  • пазбаўленне рэжыму рэсурсаў для ажыццяўлення эфектыўнага кантролю з боку Лукашэнкі над тэрыторыяй Беларусі;

  • дэстабілізацыя і паслабленне лукашэнкаўскай сістэмы;

  • стварэнне ўмоў для расколу элітаў альбо гатоўнасці з боку рэжыму ісці на саступкі;

  • прыцягненне да адказнасці асоб вінаватых у злачынствах супраць беларусаў.

Акрамя санкцый, мы лічым неабходным падключыць усе магчымыя механізмы міжнародна-прававога ціску, каб прыцягнуць прадстаўнікоў рэжыму, і самога Лукашэнкі да адказнасці ўжо цяпер:

  • ордэр на арышт Лукашэнкі за ваенныя злачынствы, а менавіта-незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей,

  • адказнасць рэжыму Лукашэнкі за злачынства агрэсіі супраць Украіны,

  • прыцягненне да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму ў рамках механізмаў універсальнай юрысдыкцыі,

  • стварэнне спецыяльнага трыбунала за парушэнне Канвенцыі па катаваннях.

Мадэратар: раскажыце, калі ласка, пра тое, якія ёсць доказы таго, што Менск датычны да выкрадання ўкраінскіх дзяцей, колькі дзяцей было выкрадзена, і ці будуць нейкія наступствы для Лукашэнкі пасля раскрыцця гэтай інфармацыі?

Пытанне аб адказнасці рэжыму з'яўляецца прынцыповым для ўсяго беларускага народа. Сёння гэта выглядае як экзамен або тэст на наша ўласнае разуменне дэмакратыі. Беларусы чакаюць справядлівасці на практыцы. І для Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, і для мяне як члена Аб'яднанага пераходнага кабінета галоўная задача - зрабіць усё для дасягнення поспеху ў гэтым пытанні.

27 чэрвеня 2023 года Народнае антыкрызіснае ўпраўленне перадало ў Міжнародны крымінальны суд камунікацыю па артыкуле 15 Рымскага статута «аб незаконнай дэпартацыі або перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый у Беларусь».

Паводле прыведзеных у камунікацыі звестак усяго з верасня 2022 года да траўня 2023 года больш за 2100 дзяцей ва ўзросце ад 6 да 15 гадоў з акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны былі адпраўленыя ў так званыя аздараўленчыя лагеры або санаторыі ў Беларусі. Усе выпадкі перамяшчэння дзяцей, названыя ў камунікацыі, былі арганізаваны і ажыццёўлены Фондам Талая ў супрацоўніцтве з беларускімі ўладамі, якія дзейнічаюць ад імя так званай Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, а таксама расійскімі акупацыйнымі ўладамі.

У 2022-2023 Аляксандрам Лукашэнкам як кіраўніком Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы падпісаны дакументы, якія тычацца прадастаўлення і фінансавання «гуманітарнай дапамогі» насельніцтву так званых Данецкай і Луганскай Народных рэспублік з агульнага бюджэту Саюзнай дзяржавы.

Мерапрыемствы, прадугледжаныя Пастановай Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы ад 16 верасня 2022 года, уключаюць сярод іншага тое, што сродкі з бюджэту Саюзнай дзяржавы будуць накіроўвацца на перавозкі дзяцей, а за гэта адказвае Пастаянны Камітэт Саюзнай дзяржавы.

Ордэр на арышт Лукашэнкі - гэта тое, як цывілізаваны свет можа выправіць свой імідж у вачах беларусаў. Сёння беларусы бачаць неэфектыўнасць міжнароднай прававой сістэмы. Злачынства не спыніцца, пакуль не наступіць адказнасць. Ордэр - гэта матывацыя беларусаў і перадумова прывесці да расколу элітаў. Але як юрыст, я кажу пра факты злачынстваў. І іх прававая ацэнка з'яўляецца галоўным.

Мадэратар: Паведамлялася, што Лукашэнка каардынаваў перамовы паміж Крамлём і Прыгожыным. Што вы думаеце з гэтай нагоды? Ці сведчыць гэта пра тое, што роля і ўплыў Лукашэнкі за апошнія паўтара гады ўзраслі, ці вы лічыце, што гэта фарс, каб выставіць яго больш значным, чым ён ёсць насамрэч?

Перш за ўсё, неабходна зразумець, што Пуцін і Лукашэнка знаходзяцца ў адной лодцы. І Лукашэнка ў гэтай складанай сітуацыі паспрабаваў дапамагчы сам сабе, калі спыніў паход Прыгожына на Маскву. Любыя праблемы ў Маскве азначаюць праблемы ў Мінску.

Мы бачым дэстабілізацыю сітуацыі на мяжы з выкарыстаннем групы Вагнера, нелегальных мігрантаў, і перакідкай узброеных сіл Беларусі ў першую чаргу да межаў Польшчы, а таксама Латвіі, Літвы і Украіны. Гэта выглядае як эскалацыя сітуацыі з мэтай дамагчыся дээскалацыі: прымусіць Захад аказаць ціск на Украіну і прымусіць яе да перамоваў.

Сёння гэта інфармацыйна-прапагандысцкая спецаперацыя, арганізаваная Лукашэнкам і Пуціным. Яны спрабуюць ладзіць правакацыі на межах Беларусі з Польшчай, Латвіяй, Літвой і Украінай. Яны выкарыстоўваюць "Вагнер", размяшчаюць іх групы ў розных месцах Брэсцкай і Гродзенскай абласцей, паблізу польска-ўкраінскай і польска-літоўскай межаў. Апошняя інфармацыя, якую мы атрымалі, - гэта тое, што яны хочуць размясціць адзін з лагераў паблізу ўкраінскай мяжы. Цэнтральны лагер знаходзіцца недалёка ад Мінска.

Яны дэстабілізуюць сітуацыю ля межаў з краінамі НАТО і Украінай, запіхваючы туды нелегальных мігрантаў. У нас ёсць інфармацыя, што апошнім часам даходзіла да 300 спробаў перасекчы мяжу з Польшчай штодня. Мы ведаем, што шмат мігрантаў жыве ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях у чаканні перасячэння мяжы.

Яшчэ адзін спосаб правакацыі - набліжэнне узброеных сіл Беларусі да межаў Польшчы, Украіны і Літвы, а таксама да Сувальскага калідора.

То бок, гэта спецыяльная інфармацыйная аперацыя. Мы чуем, што кажа Пуцін. Што тэрыторыя Польшчы - гэта падарунак Сталіна пасля Другой сусветнай вайны. Мы чуем словы Лукашэнкі пра тое, што вагнераўцы мараць паехаць у Жэшуў і Варшаву, каб "правесці там пару дзён".

Навошта яны гэта робяць? Яны хочуць аказаць уплыў на польскае грамадства, на еўрапейскае грамадства, улічваючы парламенцкія выбары, прызначаныя на кастрычнік. Іх мэта складаецца ў тым, каб Польшчы, Літве і Латвіі вылучалася больш грошай, рэсурсаў і ўзбраенняў НАТО для абароны гэтых краін-членаў НАТО, і Украіне аказвалася менш падтрымкі. Такая іх стратэгія, як я яе бачу.

Важна даць выразны пасыл Лукашэнку аб усіх наступствах, якія яго чакаюць, калі ён не спыніць дэстабілізацыю на мяжы. Чаго спалохаецца Лукашэнка - гэта гандлёвае эмбарга ад Польшчы, Літвы і Латвіі. Гэта таксама стане моцным сігналам для Кітая, які зацікаўлены ў транзіце тавараў праз тэрыторыю Беларусі.

Comments


bottom of page